Пенсіянера, які абараніў жанчыну на маршы ў Гродне, замест "хатняй хіміі" адправяць у калонію
13 траўня ў Гарадзенскім абласным судзе адбыўся перагляд крымінальнай справы ў дачыненні да 63-гадовага жыхара Гародні Юзэфа Нямеры, абвінавачанага паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса - 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Вынесенае паўгода таму пакаранне - 2,5 гады "хатняй хіміі" - замянілі на 1,5 года пазбаўлення волі.
У студзені Гарадзенскі абласны суд перагледзеў справу, бо пракурор падаў апеляцыйны пратэст, але тады рашэнне было пакінутае ў сіле. У сакавіку Гарадзенская абласная пракуратура накіравала апеляцыйны пратэст і на гэта рашэнне, і тады яно было адменена, а справа накіравана на новы разгляд.
Судовая калегія ў складзе суддзяў Кулеша, Бубенчыка і Рачынскага прызначыла Юзэфу Нямеру пакаранне ў выглядзе 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дзяржабвінаваўца Антон Шалковіч жа запытваў 2 гады калоніі.
Нагадаем, Юзэф Нямера ўдзельнічаў у маршы пратэсту ў Гародні 6 верасня і абараняў жанчыну ад жорсткіх дзеянняў АМАПу. Пры тым ён штурхнуў аднаго з міліцыянтаў. Да першага суда, які адбыўся ў лістападзе мінулага года, ён знаходзіўся ў СІЗА.
На судзе абарона і сам Нямера даказвалі, што няма дастатковых доказаў яго віны па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса і прасілі ранейшы прысуд па гэтым артыкуле адмяніць. Пракурор наадварот заявіў, што ранейшае пакаранне было занадта мяккім і патрабаваў пакараць Нямеру пазбаўленнем волі на два гады і штрафам у 200 базавых велічынь.
Калегія абласнога суда не прыняла пад увагу ніякія аргументы асуджанага і яго адваката. Ні тое, што на ўтрыманні Нямеры знаходзіцца 91-гадовая маці, ні тое, што Юзэф Нямера падчас адбыцця хатняй хіміі" (адбыў ужо 6 месяцаў) не здзейсніў ніякіх парушэнняў. Пры тым дома яго правяралі за гэты час аж 57 разоў. Не былі ўлічаныя ў судзе і ранейшыя станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага.
Пад варту Нямеру пакуль не ўзялі, праз некалькі дзён з ім звяжацца дзяржаўная ўстанова выканання пакаранняў, і пенсіянера этапуюць да месца зняволення.