Да пяці гадоў калоніі. У Брэсце запрасілі пакаранне яшчэ для 13 фігурантаў "справы аб масавых беспарадках"
У Ленінскім судзе Брэста працягваецца разгляд крымінальнай справы аб масавых беспарадках пасля выбараў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) супраць яшчэ 13 берасцейцаў. Сёння, 12 траўня, па справе адбыліся судовыя спрэчкі і дзяржаўнае абвінавачванне запрасіла пакаранне для фігурантаў гэтай справы.
Якое пакаранне запрасілі для фігурантаў справы аб брэсцкіх беспарадках
На лаве падсудных — 13 чалавек, 11 з якіх — палітзняволеныя. З іх двое — непаўналетнія. Таксама ў гэтай партыі судзяць 18-гадовую Віталію Бандарэнку, якую збіраліся судзіць раней, але на суд яна не з’явілася тады, бо з’ехала за мяжу. Калі вярнулася, каб пабачыць свайго каханага перад калоніяй (непаўнагадовага Дзяніса Хазея асудзілі на 3 гады выхавай калоніі), яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА №7. Як перадаюць брэсцкія праваабаронцы "Вясны", 12 траўня пракурор прапанаваў прызначыць наступныя пакаранні для фігурантаў гэтай справы:
- 18-гадовая палітзняволеная Віталія Бандарэнка — 4 гады калоніі агульнага рэжыму;
- 26-гадовы былы дэсантнік Дзяніс Марусевіч — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 22-гадовы Уладзімір Рубашэўскі — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 21-гадовы Марк Салонікаў — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 27-гадовы Віктар Панцялееў — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 20-гадовы Даніла Бандарук — 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (па ч. 1 арт. 339 і па ч. 2 арт. 293);
- 32-гадовы Вячаслаў Касцючык — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 20-гадовы Максім Зіневіч — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 24-гадовы Міхаіл Калішук — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- непаўналетні Аляксандр Вінярскі — 3 гады выхаваўчай калоніі (просяць узяць іх пад варту ў зале суда);
- непаўналетні Эдуард Кудынюк — 3 гады выхаваўчай калоніі (просяць узяць іх пад варту ў зале суда);
- 22-гадовы Андрэй Грышчук — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 23-гадовы Сіман Канцэвіч — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Усе абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. 20-гадовы Данііл Бандарук яшчэ абвінавачваецца ў хуліганстве: па версіі пракуратуры, 9 жніўня ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі МАЗ і разбіў бакавое люстэрка.
Таксама дзяржабвінавачанне просіць спагнаць з 13 абвінавачаных у роўных долях кампенсацыю:
- 13621,50 рублёў — на карысць УУС Брэстаблвыканкама;
- 457,98 рублёў — Дэпартаменту аховы МУС;
- 2781,16 рублёў — КУП Брэсцкае ДЭП;
- 5307,50 рублёў — КУП "Камунальнік";
- 689,79 рублёў — КУП "Брэсцкі грамадскі транспарт";
- пацярпеламу Лычко пакрыць прычыненне маральнай шкоды.
Трое падсудных цалкам пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачваннем, сямёра — часткова. Віталія Бандарэнка, Данііл Бандарук і Марк Салонікаў віну не прызналі.
У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 13 чалавек за "масавыя беспарадкі" пасля выбараў
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавіка. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў галіне вялікага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх — пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.
Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.
Усе пацярпелыя адмовіліся ад пазоваў аб кампенсацыі маральнай або маёмаснай шкоды да абвінавачаных.