Яўген Рапін, які на акцыі пратэсту ўдарыў камеру каля Акрэсціна, атрымаў тры гады "хіміі"
Шостага траўня ў судзе Першамайскага раёна быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Яўгена Рапіна, абвінавачанага паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за тое, што ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 4 кастрычніка і ўдарыў па камеры відэаназірання каля ізалятара на Акрэсціна. Суддзя Максім Трусевіч прысудзіў мужчыне тры гады абмежавання волі з накіраваннем для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").
Да ўступлення прысуду ў сілу Яўген Рапін застаецца на волі. Пазоў "Мінсктранса" на кампенсацыю матэрыяльнай шкоды будзе разглядацца ў парадку грамадзянскага судаводства.
Паводле абвінавачвання, падчас несанкцыянаванай акцыі пратэсту 4 кастрычніка па маршруце Няміга, вул. Кальварыйская, праспекты Пераможцаў, Жукава, Дзяржынскага, Пушкінска, Машэрава Яўген Рапін у стане алкагольнага ап'янення для выказвання сваіх палітычных поглядаў далучыўся да групы грамадзян, публічна выкрыкваў лозунгі, ажыццяўляў гучныя воплескі рукамі, неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў аховы правапарадку, наўмысна перашкаджаў руху транспарту. Таксама па адрасе 1-ы завулак Акрэсціна ён нанёс два ўдары па вонкавай камеры ізалятара часовага ўтрымання. Пры гэтым на камеры пашкоджанняў не засталося.
На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну і раскаяўся.
У Мінску судзяць мужчыну, які ўдарыў па камеры назірання каля ІЧУ на Акрэсціна