viasna on patreon

У Мінску пачалі судзіць палітвязня Аляксандра Раентава

2021 2021-05-03T16:23:17+0300 2021-05-04T15:01:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/raentau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Фрунзенскага раёну Мінска пачаў разглядаць крымінальную справу палітвязня Аляксандра Раентава. Яго абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 342. і ч.2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядае суддзя Млечка. Бок абвінавачання падтрымлівае пракурор Таратынка. Пацярпелыя — Хоміч, Дзмітрый Агіевіч, Андрэй Свядыш.

Абвінавачанне паводле двух артыкулаў

Аляксандра Раентава абвінавачваюць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: згодна з абвінавачаннем, гэта пацягнула парушэнне працы транспарту. 15 лістапада ён ажыццяўляў блакаванне транспарту на вуліцы Някрасава, што выявілася ў тым, што ён з 13:15 да 13:55 выйшаў на праезную частку ў складзе групы грамадзян.

З ліпеня па снежань з мэтай публічнага выказвання меркавання, а таксама заклікаў, ён стварыў тэлеграм-канал "Палігон", дзе навучаў, як парушаць грамадскі парадак, а таксама сыйсці ад адказнасці. Таксама ён "прымаў меры па павелічэнні колькасці падпісантаў і згуртаванню суполкі". 

Таксама 29 жніўня ў тралейбусе ён, з'яўляючыся асобай, якая ўчыніла правапарушэнне згодна з артыкулам 23.34 КаАП, аказаў супраціў, спалучаны з ужываннем гвалту, прадстаўнікам органаў унутраных спраў Хомічу, Агіевічу і Свядышу: гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч.2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу. 

Палітвязень не прызнае віну

Аляксандр Раентаў не прызнаў віну, адзначыўшы, што бачыць у сваіх дзеяннях толькі адміністрацыйнае правапарушэнне. Ён адмовіўся ад дачы паказанняў у пачатку паседжання і заявіў, што будзе сведчыць толькі пасля апытання пацярпелых і сведкаў. 

На судзе быў зачытаны пратакол допыту Раентава ў якасці сведкі ад 20 кастрычніка 2020 года. Згодна з ім, ён паказаў, што не здзяйсняў дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, а таксама з'яўляецца адміністратарам канала "Палігон". У якасці абвінавачанага неаднаразова адмаўляўся ад дачы паказанняў і не прызнаваў віну.

"Прабачце, грамадзяне, міліцыя"

Пацярпелы Хоміч распавёў, што 29 жніўня ён ахоўваў грамадзянскі парадак паблізу плошчы Якуба Коласа і вуліцы Веры Харужай. Там ён убачыў абвінавачанага: ён кіраваў калонай каля тысячы чалавек, у якіх была "забароненая сімволіка", яны выкрыквалі лозунгі. Палітвязень убачыў супрацоўнікаў на скрыжаванні Куйбышава і Харужай, а затым жэстамі паказаў. каб людзі перабягалі дарогу, сам сеў у тралейбус і клікаў туды іншых. Супрацоўнікі МУС вырашылі рухацца за тралейбусам, а праз пару прыпынкаў — затрымаць Раентава. Хоміч зайшоў у цэнтральную частку тралейбуса, Свядыш не быў у форме, але выразна прадставіўся і пачаў затрымліваць абвінавачанага: той стаў хапацца за поручні, форму, ногі, шыю. Хоміч пацвердзіў сведчанні, дадзеныя падчас папярэдняга следства: падчас затрымання Свядыш сказаў: "Прабачце, грамадзяне, міліцыя". 

Хоміч упэўнены, што тое, што было паказана ў інтэрнэце, не адпавядае рэчаіснасці: абвінавачаны сваімі дзеяннямі ствараў паніку, гучна крычаў, упіраўся, спрабаваў вызваліцца ад супрацоўнікаў. Супраціў аказвала і сястра Раентава. 

Хоміч сказаў, што яму была ўчыненая маральная шкода пасля ўкідвання ў інтэрнэт недакладнай інфармацыі, але адмовіўся падаваць пазоў аб кампенсацыі.  

Пацярпелы Агіевіч паказаў, што яму не была нанесеная шкода, адмовіўся ад любой кампенсацыі, а таксама заявіў, што Раентаў падчас затрымання не спрабаваў нанесці ўдары, а "проста актыўна супраціўляўся".

Пацярпелы Свядыш распавёў, што ў той дзень быў на службе ў цывільнай вопратцы. Яму было выразна і ясна зразумела, што Раентов кіраваў людзьмі: на вуліцы і ў тралейбусе паказваў, куды ім рухацца. Калі яны атрымалі каманду затрымаць Раентава, зайшоў у тралейбус і "даў выразна зразумець, што мы міліцыя", аднак "праз ягоныя крыкі і віскі не змог працягнуць і прадставіцца яму, а таксама сказаць, за што яго затрымалі... у яго была штучна выкліканая гістэрыка". Ён заявіў пазоў — тысячу рублёў, Рэентаў яго не прызнаў.

"Дадзены грамадзянін зганьбіў мой гонар і годнасць і маіх таварышаў. Інфармацыя была пададзена няправільна. Чалавек спрабаваў сваімі дзеяннямі прыцягнуць увагу, каб яму аказалі дапамогу", — сказаў Свядыш.

Раентаў удакладніў, якія менавіта ягоныя дзеянні даставілі яму пакуты. 

— Вы паводзілі сябе не належным чынам. Я выконваў закон,— адказаў Свядыш.
— Як мае неправамерныя дзеянні маглі даставіць вам пакуты? Можа вам змяніць працу? — удакладніў Раентаў яшчэ раз, але пытанне знялі. 

Маці і грамадзянская жонка Раентава адмовіліся сведчыць. Маці выдалілі з залі суда праз каментары адказаў.

Сёння ў судзе таксама пачалі разглядаць пісьмовыя матэрыялы справы. 

Судовае паседжанне працягнецца чацвёртага траўня ў 14.30. "Вясна" назірае за працэсам з дапамогай валанцёраў.


Аляксандр Раентаў першы раз быў жорстка затрыманы 29 жніўня ў тралейбусе разам са сваёй сястрой Наталляй. Відэа затрымання разляцелася па СМІ і сацыяльных сетках. Тады Аляксандр атрымаў арышт, на яго сястру была заведзеная крымінальная справа: яна асуджаная да васьмі месяцаў калоніі і прызнаная палітзняволенай.

Па крымінальнай справе ён быў затрыманы ў пачатку снежня. Затрымліваць яго прыехалі прама дадому.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства