viasna on patreon

Мінск: за "ненарматыўнае" слова "дрыщ" — два гады "хатняй хіміі"

2021 2021-04-20T15:03:35+0300 2021-04-20T17:54:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_admin_karsuk1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесены прысуд 30-гадоваму Дзмітрыю Чахуце. Яго прызналі вінаватым паводле 369 артыкула Крымінальнага кодэксу і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову: "хатняй хіміі". Таксама суд абавязаў спагнаць з абвінавачанага тысячу рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелага.

Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Дзяржабвінавачанне падтрымаў Арцём Цвяткоў.

"Позывной дрыщ"

Дзмітрыя Чахуту прызналі вінаватым ў тым, што ён абразіў супрацоўніка органаў унутраных спраў Уладзіслава Шукайлу. А менавіта — размясціў у тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" тэкст пад калажом, дзе на выяве быў і Шукайла, тэкст з надпісам "Позывной дрыщ".

Экспертыза

Эксперт Юлія Папко ў снежні 2020 года прызнала слова "дрыщ" ненарматыўным, "калі мы ацэньваем асобу", адзначыўшы, што праводзіла ацэнку з улікам арфаграфічнай памылкі: правільны варыянт напісання слова — "дрищ". Паводле экспертызы, у слове "дрыщ" маецца негатыўная ацэнка Шукайлы.

Яе экспертызу пацвердзіў і прадстаўнік кіравання дзяржкамітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Клюеў.

"Каментар — выключна жартоўны"

Дзмітрый Чахута прызнаў віну. Ён дапусціў, што каментар мог абразіць, аднак адзначыў, што на той момант не разумеў, што пацярпелы з'яўляецца супрацоўнікам унутраных спраў. Ён не чытаў каментары да фотаздымку, а мог толькі меркаваць, што гэтая асоба магла быць супрацоўнікам АМАП, бо ў дадзеным канале размяшчаліся іх дадзеныя. Дзмітрый Чахута адзначыў, што чалавек на фотаздымку быў худы, менавіта таму ён так і напісаў. Але ўспрымае каментар выключна жартоўным: ён адносіўся да ўсёй групе людзей, якіх размясцілі на калажы.

На думку суддзі Вікторыі Шабуні, у сведчаннях Чахуты падчас суда ёсць супярэчнасці з паказаннямі падчас следства, хаця абвінаваўца Арцём Цвяткоў не пагадзіўся з ёй.

"Матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці"

Абвінаваўца Арцём Цвяткоў упэўнены, што дзеянні Чахуты кваліфікаваныя правільна: гэта пацвярджаецца сведчаннямі Шукайла і самога абвінавачанага, які не адмаўляе, што ён пакінуў каментар. Рэчавым доказам прызнаны і мабільны тэлефон, з якога было напісана паведамленне. Цвяткоў лічыць, што дадзены тэкст зганьбіў гонар і годнасць як канкрэтна Шукайлы, так і супрацоўнікаў унутраных спраў у цэлым. Як абцяжарваючую акалічнасць пракурор папрасіў прызнаць здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці і пакараць Чахуту двумя гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову: "хатняй хіміі". 

Адвакат распавёў, што хаця абвінавачаны і прызнаў, што размясціў гэты тэкст, але ён не думаў, што гэта так абразіць. Праз гэта абарона не можа пагадзіцца, што злачынства было здзейсненае па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці. На думку абароны, гэта не было даказана. Паколькі Чахута даваў праўдзівыя паказанні, нічога не хаваў і не адмаўляў, ён прасіў пакараць яго папраўчымі работамі. Таксама адвакат прасіў абмежавацца сумай маральнай шкоды ў тысячу рублёў: яна была пераведзеная пацярпеламу. 

У апошнім слове Чахута падкрэсліў, што ўсвядоміў свой учынак і прынёс прабачэнні пацярпеламу.

"Вясна" назірала за судовым працэсам з дапамогай валанцёраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства