viasna on patreon

Па брэсцкай "справе карагодаў" судзяць яшчэ 14 чалавек, сярод іх — палітвязень, які ўжо амаль тры месяцы за кратамі

2021 2021-04-15T17:28:21+0300 2021-04-15T17:47:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_karagosy_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Маскоўскага раёна Брэста 15 красавіка пачаў разгляд крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 14 чалавек за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. У гэты раз судзяць таксама 24-гадовага палітзняволенага расіяніна Данілу Чамаданава, якога ўжо амаль тры месяцы ўтрымліваюць пад вартай у СІЗА-7. Справу разглядае суддзя Інна Клышпач. Колькасць абвінавачаных па "справе карагодаў" ўжо больш за 70 чалавек — гэта адна з самых масавых "палітычных справаў" у Беларусі.

brest_karagosy_90.jpeg
Трэцяя партыя па "справе карагодаў". Фота: брэсцкая "Вясна"

Каго судзяць?

На гэты раз на лаве падсудных — мясцовая актывістка Алена Гнаук, Радзівон Кандрацюк, Віктар Лабко, Кірыл Луд, Людміла Луцкая, маці і дачка Вікторыя і Алена Лысковіч, Уладзіслаў Навіцкі, Марыя Скакавец, палітзняволены Даніла Чамаданаў (адзіны з гэтай групы знаходзіцца пад вартай), Васіль Чарнецкі, Юрый Чубрык, Валянціна Жукоўская і Сяргей Наліўка. Судзяць маці чацвярых дзяцей, лекара траўматолаг-артапед, бухгалтара, інжынера, прадпрымальніка, прадстаўнікаў рабочых прафесій.

Жукоўская і Наліўка былі ў другой партыі абвінавачаных, якім ужо вынеслі прысуд, але з-за немагчымасці ўдзельнічаць у працэсе па стане здароўя іх справу выдзелілі ў асобную вытворчасць. Усяго ж фігурантамі крымінальнай справы за карагод 13 верасня мінулага года ўжо з'яўляюцца больш за 70 чалавек. 

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек. Акрамя таго, на розны час прыйшлося зачыніцца трох ларка і рэстарана KFC. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП "Тралейбусны парк" і ААТ "Брэсцкі Аўтобусны парк". Абвінавачванне прад'яўленае па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

З чатырнаццаці чалавек віну прызнаў толькі Даніла Чамаданаў, які знаходзіцца пад вартай ужо амаль тры месяцы. Яшчэ пяцёра прызналі віну часткова. Астатнія восем чалавек не пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачваннем.

"Справа палітычна матываваная". Што адбываецца на судзе?

Дзяржабвінавачванне па справе падтрымліваюць Бараноўскі і Алена Шарко. 

На працэс не пусцілі вялікую групу людзей. Калі з журналістаў дазволілі прайсці толькі карэспандэнту "Народнай волі", то людзі пайшлі пісаць скаргі на імя старшыні суда. Пасля таго, як на судовы працэс не патрапіла шмат публікі, тыя, хто ўсё ж такі трапілі на пасяджэнне з самага пачатку, адмовіліся сядзець у зале суда. Суддзя Іна Клышпач сказала ўсім рассаджвацца, але людзі працягвалі стаяць. Пасля гэтага суддзя абвясціла, што ўсе, акрамя абвінавачаных, будуць выдаленыя з залы, калі не будуць падпарадкоўваюцца. Публіка неахвотна расселася, але абвінавачаныя засталіся стаяць.

Затым абвінавачаная Алена Гнаук заявіла, што просіць пусціць усю публіку і СМІ. З 14 абвінавачаных 11 стаялі ў зале суда з пачатку паседжання. Суддзя абвясціла перапынак і пайшла. Па вяртанні з непрацяглага перапынку суддзя проста працягнула пасяджэнне, пачала зачытваць правы. Абвінавачаныя ж заявілі адвод суддзі, бо яна "не забяспечвае галоснасць і адкрытасць" суда. Таксама абвінавачаныя заявілі, што лічаць справу палітычна матываванай, а таму галоснасць і падтрымка публікі на гэтым працэсе надзвычай важныя. Суддзя яшчэ раз пайшла на перапынак, а па яе вяртанні пусцілі журналістаў БелаПАН, паведамлялі брэсцкія праваабаронцы "Вясны".

Перад допытам абвінавачаных Алена Гнаўк звярнулася да суду з хадайніцтвам, піша TUT.BY. Яна сказала, што абвінавачванне "напісана па шаблоне" і не адпавядае рэальным абставінам:

"Пад капірку ўзялі [тэкст абвінавачвання] і толькі прозвішчы 70 чалавек падставілі. І гэта праца Следчага камітэта?! Гэта праца, якой дадзена ацэнка ў пракуратуры?!"

Актывістка запатрабавала накіраваць "карагодную справу" назад у Следчы камітэт, каб кожнаму з абвінавачаных канкрэтызавалі абвінавачванне і сказалі, якія менавіта злачынныя дзеянні кожны з іх здзейсніў. Астатнія абвінавачаныя яе падтрымалі. Адзін з адвакатаў сказаў, што яшчэ на этапе следства людзі пісалі скаргі на тое, што абвінавачванне не канкрэтызаванае. Суд адхіліў заяўленае хадайніцтва. 

Заўтра раніцай чакаецца допыт абвінавачаных.

3 гады і 3 месяцы калоніі, 20 гадоў "хіміі", 5,5 "хатняй хіміі" на ўсіх. Як караюць па гэтай справе? 

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце
Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Па гэтай справе адбыліся ўжо два суды, агулам асудзілі 18 чалавек, дваіх нават адправілі ў калонію. Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай "справе карагодаў". Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку:

  • Ярашук Яраслаў, Марына Глазава – 1,5 года абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія")
  • Варановіч Вадзім, Жараў Максім – 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай – 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія")
  • Сірэцан Марына – 1 год абмежавання волі без накіравання ("хатняя хімія").

Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка вынес прысуды другой партыі. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 1 года і 8 месяцаў калоніі:

  • Дзмітрый Буневіч – 1 год і 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
  • Аляксей Арцецкі – 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму;
  • Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух – 2 гады "хіміі";
  • Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік – 1,5 гады "хіміі";
  • Генадзь Місюта – 1,5 гады хатняй хіміі.

У выніку, брэсцкія суды ўжо ацанілі святочны карагод 13 верасня ў цэнтры горада ў 3 гады і 3 месяцы калоніі, 20 гадоў "хіміі", 5,5 "хатняй хіміі" на ўсіх. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства