Мінаблсуд пакінуў у сіле прысуд палітвязня Уладзіміра Няронскага. Яго этапуюць у калонію на тры гады
Мінскі абласны суд 6 красавіка разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітычнага зняволенага аўтара ютуб-канала "Слуцк для жизни" Уладзіміра Няронскага. Суд Лагойскага раёна асудзіў 2 лютага па арт. 369 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса блогера да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гэта быў першы прысуд па «справе Ціханоўскага». Судзя Аляксандр Рыбакоў прызнаў Няронскага вінаватым у закліках у роліках "Слуцк для жизни" да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Слуцку, Мазыры, Брэсце, Бабруйску, Магілёве. Суд прызнаў, што рабіў ён гэта ў змове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і палітыкам Мікалаем Статкевічам. Таксама Няронскі прызнаны вінаватым у публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага. На судзе блогер прызнаў віну толькі па арт. 369 КК, а па 342 — не.
Апеляцыйную скаргу Уладзіміра Няронскага разглядала судовая калегія Мінаблсуда, у якую ўваходзілі суддзі Анатоль Дабрадзей, Бачышча, Бойка. Уладзімір Няронскі ў разглядзе апеляцыі не ўдзельнічаў, хоць адпаведнае хадайніцтва і было заяўлена. Яго інтарэсы на судзе прадстаўляў адвакат Антон Гашынскі. Адвакат лічыць абвінавачванні неабгрунтаванымі, а прысуд — несправядлівым і прасіў суд адмяніць рашэнне суда Лагойскага раёна і накіраваць справу на новы разгляд. Як адзначыў Гашынскі, відэаролікі на ютуб-канале "Слуцк для жизни" былі задоўга да пратэстных падзей у краіне, таму абвінавачванне неабгрунтавана ў дастатковай форме. Па словах адваката, Няронскі на судзе і падчас следства лагічна і паслядоўна тлумачыў паслядоўнасць сваіх дзеянняў і не адмаўляў знаёмства з Сяргеем Ціханоўскім. Блогерства было яго самастойнай дзейнасцю і ніхто, у прыватнасці Ціханоўскі і Статкевіч, яго не курыраваў і не накіроўваў.
Калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў. Гэта значыць, што цягам некалькіх тыдняў Уладзімір Няронскі будзе этапаваны са следчага ізалятара Жодзіна ў калонію адбываць пакаранне тэрмінам на тры гады.
Нагадаем, пакаранне ў тры гады пазбаўлення волі запрасіў для блогера дзяржаўны абвінаваўца намеснік пракурора Лагойскага раёна Аляксандр Ляўковіч. У судзе ён яго падтрымаў. Праз месяц, 1 сакавіка, яго прызначылі пракурорам Валожына.