Адміністрацыйны пераслед у Беларусі ў лічбах за сакавік 2021 года (інфаграфіка)
Праваабаронцы “Вясны” разам з валанцёрамі працягвалі адсочваць адвольныя затрыманні мірных пратэстоўцаў і судовыя працэсамі па адміністрацыйных справах над імі ў сакавіку 2021 года.
З 1 сакавіка ўступілі ў сілу змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Новы КаАП зрабіў больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, якія праводзяцца без дазволу ўладаў: максімальны штраф устаноўлены ў памеры 200 базавых велічынь – 5 800 беларускіх рублёў, а максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту – 30 сутак.
Чаго чакаць мірным пратэстоўцам ад зменаў у КаАП?
За мінулы месяц зафіксавана 1 139 затрыманняў па палітычных матывах, з іх у Мінску – 841. У рэгіёнах больш за ўсё затрымлівалі ў Брэсцкай вобласці – не менш за 76 выпадкаў.
Напярэдадні Дня Волі ў гарадах Беларусі прайшлі масавыя прэвентыўныя затрыманні актывістаў. 25 сакавіка гэтыя затрыманні таксама адбываліся на працягу дня ў розных гарадах. "Вясне" вядома пра затрыманне 175 чалавек у гэты дзень ў Мінску і больш за 75 чалавек у рэгіёнах.
Яшчэ каля 250 чалавек былі затрыманыя 27 сакавіка: у Мінску была анансаваная акцыя пратэсту ў раёне плошчы Бангалор на 14.00.
Вядома таксама пра 36 затрыманняў журналістаў.
Па дадзеных ПЦ "Вясна", за сакавік судамі было разгледжана больш за 490 адмінітрацыйных спраў у дачыненні да грамадскіх актывістаў і ўдзельнікаў пратэстаў.
У выніку суддзямі прызначаны 395 адміністрацыйных арыштаў на тэрмін ад 3 да 30 сутак і 82 штрафы памерам ад 2 да 200 базавых велічынь.
Пры гэтым найчасцей суды выносілі 15-суткавыя арышты - 270 выпадкаў, таксама прымянялі новыя нормы КаАП на практыцы і не менш як 32 чалавекі былі адпраўленыя за краты на 30 сутак.
Агульная колькасць вынесеных сутак для затрыманых склала 6 472.
Не менш як 32 чалавекі былі аштрафаваныя на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Штраф у памеры 100 базавых велічынь (2900 рублёў) атрымалі 8 затрыманых, а ячшэ адзін чалавек быў асуджаны да штрафу ў 200 базавых велічынь (5800 рублёў).
Сума ўсіх прызначаных судамі штрафаў за сакавік склала 120 901 рубель.
Акрамя таго, юрысты і аналітыкі "Вясны" падрыхтавалі і апублікавалі чарговы даклад – “Палітычна матываваныя адміністрацыйныя працэсы: стандарты і рэальнасць у сучаснай Беларусі”.
*Інфармацыя сфарміраваная з паведамленняў на гарачую лінію арганізацыі, з адкрытых крыніц і тэлеграм-чатаў дапамогі затрыманым, назіранняў за судамі і не з'яўляецца канчатковай.
Падрабязная інфармацыя аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў месячным аглядзе:
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2021
Калі вы былі падвергнутыя адміністрацыйнаму пераследу і вам неабходна дапамога - звяртайцеся ў "Вясну".
Таксама праваабаронцы прапануюць запоўніць анкеты пра ўмовы ўтрыманне ў ізалятары і справядлівасць судовага працэсу.