viasna on patreon

"Стрэс тут ўсюды, пачынаючы з пад'ёму". Аб чым палітзняволеная Наталля Хершэ піша з калоніі

2021 2021-04-02T17:08:08+0300 2021-04-02T17:12:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/list_hershe.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволеная Наталля Хершэ адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №4 горада Гомеля. Яна ўжо прайшла абавязковы каранцін, а цяпер пачала працу.

"Спачатку Наталля працавала "на машыне", — распавёў "Вясне" брат Наталлі Генадзь. — Потым яе перавялі абрэзальшчыцай нітак. Яна прасіла дазволіць ёй працаваць у красоўках — бо там гэта забаронена. На працу не скардзіцца, хоць "на машыне" ёй было больш прыемна працаваць. Акрамя таго, яна прымала таблеткі пасля выхаду з галадоўкі, цяпер ужо скончыла. Стан здароўя цярпімы.

Наталля чакае, калі яе зможа наведаць у калоніі амбасадар. Адносіны з боку начальства калоніі нармальныя. Галадаць яна больш не мае намеру —  гэта мяне вельмі радуе".

Генадзь атрымаў ліст ад Наталлі. Палітзняволеная піша, што "сустракаць вясну ў калоніі — гэта як мінімум жорстка!", але яна імкнецца "заставацца на пазітыве".

list_hershe.jpg
З ліста Наталлі Хершэ

Акрамя таго, Наталля Херше апісвае свае ўмовы працы ў калоніі:

"Сёння нядзеля — адзін выходны на 14 дзён. На фабрыцы праца доўжыцца 6 гадзін плюс каля гадзіны на паход у сталовую".

Наталля скардзіцца на тое, што "часу настолькі мала", што дапісаць адзін ліст ёй не заўсёды ўдаецца адразу.

"Часу паесці тут таксама няма, піша Наталля. — У атрадзе 100 чалавек. Калі ўсе вяртаюцца з працы, [то] хочуць нешта перакусіць або папіць кавы/гарбаты, куча людзей з кіпяцільнікамі, усе спяшаюцца, таму што хутка праверка, а пасля яе адразу «вектар» — гэта калектыўны прагляд відэа-матэрыялу, у сталовай ніхто знаходзіцца не можа. Увогуле, без шанцаў, удзельнічаць у гэтым бязладдзі з кіпяцільнікамі я адмаўляюся. Пытаецца, дзе павага да чалавечай годнасці, чаму папіць кавы павінна ператварацца ў нейкую бітву! Усе павінны глядзець тэлевізар — гэта важна".

Раней Наталля прасіла ў брата даслаць ёй спартыўныя штаны, паколькі планавала займацца спортам. Але 27 сакавіка Наталля напісала, што яны ўжо тут ёй наўрад ці спатрэбяцца:

"Ніякага настрою да спорту тут няма і быць не можа. А то яны тут спартыўныя залы стварылі для галачкі, а магчымасць іх наведваць у людзей адабралі. Акрамя працы тут яшчэ куча розных дзяжурстваў, разнарадак, інвентарных работ, працы па чыстцы гародніны — то бок працы па калектыўным самаабслугоўванні. За ўвесь тыдзень у мяне не атрымалася ні разу выпіць гарбаты пасля працы. Як гэта можна назваць. Пакаранне за злачынства (якое я асабіста не здзяйсняла) або здзек, прыніжэнне чалавечай годнасці?! Чакаю ПУР (Правілы ўнутранага распарадку — Заўв.), вельмі жадаю азнаёміцца з кожным пунктам. Асабліва, што мне забаронена атрымліваць перапіску з палітычнымі навінамі!"

Таксама ў лісце Генадзю Наталля звяртае ўвагу на тое, што ўсе прадукты ў перадачах павінны быць правільна спакаваныя: "шакаладныя цукеркі і шакалад без упакоўкі ў плёнку загарнуць і лепш кожную паасобку, цукеркі без этыкеткі скласці ў пакет, сыр толькі ў паветранай упакоўцы, каўбаса, мяса, рыба таксама". Праўда, Наталля дадае:

"Цяпер я ўжо сумняваюся, што мне ўсё гэта трэба, калі няма часу гэта ўсё есці. Увогуле, хачу сказаць, што стрэс тут ўсюды, пачынаючы з пад'ёму.

Але ўсё гэта глупства, будзе, што расказаць. Я ведаю, чаму я тут і дзеля чаго я тут [у канцы Наталля ставіць смайлік — Заўв.]".

Нагадаем, грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ 7 снежня 2020 года асудзілі па частцы 2 артыкула 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) на два з паловай гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Напісаць палітзняволенай Наталлі Хершэ можна па адрасе: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

За падраную балаклаву грамадзянка Швейцарыі атрымала 2 гады і 6 месяцаў калоніі

Суддзя Суда Савецкага раёна горада Мінска Сяргей Шаціла 7 снежня агучыў прысуд па крымінальнай справе грамадзянкі Швейцарыі Наталля Хершэ — 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі запытваў раней дзяржабвінаваўца. Таксама спагнаць з Наталлі на карысць пацярпелага супрацоўніка АМАП Сяргея Кончыка матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства