6 і 7 гадоў узмоцненага рэжыму. Вынесены прысуд па справе за намер пракалоць колы

2021 2021-03-31T11:24:50+0300 2021-03-31T11:32:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sprava_kazeja_siarheja.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з onliner.by

Фота з onliner.by

31 сакавіка ў судзе Заводскага раёна завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 32-гадовага Юрыя Сяргея і 37-гадовага Кірыла Казея, абвінавачаных па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: падрыхтоўка да здзяйснення асабліва злоснага хуліганства (ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 339 КК), падрыхтоўка да наўмыснага знішчэння альбо пашкоджання маёмасці (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 218 КК), незаконнае захоўванне боепрыпасаў (ч. 3 арт. 295 КК). Суддзя Анжэла Касцюкевіч агучыла наступныя прысуды: Кірылу Казею - 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юрыю Сяргею - 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Напярэдадні пракурор запрасіла менавіта такое пакаранне. Таксама абвінавачаныя мусяць сплаціць па 150 базавых велічынь штрафу.

Нагдаем, 27 кастрычніка 2020 года ў сацсетках з'явілася відэа, як кіроўца BMW б'е мужчыну проста на дарозе. Да гэтага мужчына махаў бел-чырвона-белым сцягам, і такую рэакцыю кіроўцы многія звязалі з яго палітычнай пазіцыяй (пазней нападнік патлумачыць, што інцыдэнт не звязаны з палітыкай). Відэа бойкі разышлося ў сацсетках і тэлеграм-каналах, там жа з'явіўся адрас і нумар тэлефона кіроўцы – Дзмітрыя Давыдзюка. І, па версіі следства, у адным з чатаў трое жыхароў Мінска вырашылі правучыць мужчыну: пракалоць шыны яго аўто. Ноччу 28 кастрычніка яны прыехалі да яго ў двор, але на падыходзе двое (Казей і Сяргей) былі затрыманыя байцамі АМАП, яшчэ адзін удзельнік паспеў схавацца і цяпер знаходзіцца ў вышуку. Пры асабістым вобшуку ў Казея быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет без куль і балона, у Сяргея - самаробны нож, які экспертыза прызнала халоднай зброяй. А на наступны дзень пры аглядзе аўтамабіля Казея былі выяўленыя сцягі, улёткі, феерверкі, лазерныя ўказкі, ручная граната і 58 патронаў. Агляд машыны быў паказаны ў сюжэце на дзяржТВ.

Спачатку мужчын асудзілі на арышт паводле адміністрацыйных артыкулаў, але пасля заканчэння арышту іх пакінулі пад вартай, а затым прад'явілі абвінавачванне па трох крымінальных артыкулах. Абодва абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны.

На першым пасяджэнні адбыўся допыт кіроўцы BMW Давыдзюка, прызнанага па справе пацярпелым. Ён сказаў, што Казея і Сяргея ён бачыць упершыню, а інфармацыі аб тым, што менавіта абвінавачаныя адпраўлялі яму паведамленні з пагрозамі, у судзе не прагучала. Былі таксама дапытаныя ў закрытым рэжыме супрацоўнікі АМАП, якія ўдзельнічалі ў затрыманні.

Юрый Сяргей ад дачы паказанняў на судзе адмовіўся. Кірыл Казей жа распавёў падрабязна пра затрыманне, пра гвалт, які чынілі амапаўцы ў гэты момант і падчас паездкі ў РУУС, а таксама пра пагрозы і здзекі ў РУУС з боку міліцыянтаў. Казей катэгарычна адмаўляў, што пісталет, граната і патроны належаць яму. Ён ўпэўнены, што іх падкінулі. Усе хадайніцтвы аб правядзенні дадатковых экспертыз судом былі адхілены. 

Збівалі, пагражалі, падкінулі гранату і патроны. Абвінавачаны па трох крымінальных артыкулах даў паказанні ў судзе

У судзе Заводскага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 32-гадовага Юрыя Сяргея і 37-гадовага Кірыла Казея, абвінавачаных па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: падрыхтоўка да здзяйснення асабліва злоснага хуліганства (ч. 1 арт. 13, ч. 3 арт. 339 КК), падрыхтоўка да наўмыснага знішчэння альбо пашкоджання маёмасці (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 218 КК), незаконнае захоўванне боепрыпасаў (ч. 3 арт. 295 КК). На думку следства, Казей і Сяргей мелі намер пракалоць шыны аўто мужчыны, які напаў напярэдадні на чалавека з бел-чырвона-белым сцягам.

Падчас спрэчак, якія адбыліся на судзе 30 сакавіка, дзяржабвінаваўца запрасіла для Казея 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Сяргея - 6. Па яе меркаванні, віна мужчын цалкам даказана, а ў асновы абвінаваўчага прысуду яна прапанавала пакласці паказанні сведкаў-амапаўцам, якія ўдзельнічалі ў затрыманні і давалі гэтыя паказанні на закрытым пасяджэнні. Бок абароны звярнуў увагу на шматлікія працэсуальныя парушэнні падчас следства і прасіў апраўдаць абвінавачаных. 

Спрэчкі бакоў і апошняе слова Кірыла Казея і Юрыя Сяргея

Суд па справе аб "жаданні адпомсціць": дзяржабвінаваўца папрасіў для абвінавачаных 6 і 7 гадоў калоніі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства