Са словамі “Так вы еще не освоили русского языка?” судзьдзя Алена Церашкова перанесла разгляд адміністратыўнай справы Уладзіміра Лабковіча на 4 сакавіка. Пры гэтым справа У. Лабковіча пераглядаецца ў сувязі з тым, што судзьдзя адмовіў яму ў праве весьці працэс па-беларуску і прадстаўленьні перакладчыка.

2004 2004-02-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 лютага ў судзе Ленінскага раёну г. Менску павінен быў адбыцца разгляд адміністратыўнай справы юрыста Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзіміра Лабковіча. Нагадаем, што судовая пастанова аб прыцягненьні У. Лабковіча да адміністратыўнай адказнасьці была адмененая з-за... адмовы судзьдзі весьці працэс на беларускай мове. Але судзьдзя Алена Церашкова са словамі “Так вы еще не освоили русского языка?” перанесла разгляд адміністратыўнай справы Уладзіміра Лабковіча на 4 сакавіка (12.00).

Перш за ўсё – пра абставіны, якія пацягнулі за сабой прыцягненньне Уладзіміра Лабковіча, прафесійнага юрыста, да адміністратыўнай адказнасьці. У кастрычніку мінулага году ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь разглядалася грамадзянская справа аб ліквідацыі адной з найбольш уплывовых праваабарончых арганізацыяў у краіне – Праваабарончага цэнтру “Вясна”. 28 кастрычніка арганізацыя рашэньнем судзьдзі Валянціны Кулік была ліквідаваная, і сябры «Вясны» ў знак пратэсту селі проста на падлогу ў зале судовых паседжаньняў. За дадзенае “правапарушэньне” восем сяброў Праваабарончага цэнтру былі пакараныя штрафамі па арт. 166 КаАП РБ -- «непадпарадкаваньне законным патрбаваньням супрацоўнікаў міліцыі», сярод іх – і юрыст Уладзімір Лабковіч.
Разглядалі матэрыялы адміністратыўных правапарушэньняў праваабаронцаў судзьдзі суда Ленінскага раёну г. Менску Алена Церашкова, Аляксандр Шылько і Дзьмітры Жданок. Як вельмі часта бывае ў выпадках, калі судзяць апазіцыйных ці грамадзкіх дзеячоў, судзьдзі вялі працэс па-руску, “правапарушальнікі” гаварылі па-беларуску. Трэба адзначыць, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўсёды вылучаўся сваім беларускамоўным воблікам, і нават працэс па закрыцьці арганізацыі ў Вярхоўным судзе праводзіўся па-беларуску. У адміністратыўным судзе старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч запатрабавалі забясьпечыць іх перакладчыкамі. Судзьдзя Аляксандр Шылько, які вёў справу Бяляцкага, хадайніцтва задаволіў, а вось Дзмітрый Жданок, безумоўна, кваліфікаваны юрыст -- законнае патрабаваньне “правапарушальніка” праігнараваў, пры гэтым у абразьлівай форме запатрабаваў, каб Лабковіч размаўляў па-руску, чым парушыў ня толькі канстытуцыйнае права на карыстаньне роднай мовай (дзяржаўнай!), але і права на абарону. Магчыма, з-за гэтага ўпартага патрабаваньня праваабаронцы да судзьдзі выконваць закон ён і пакараньне атрымаў у два разы большае – штраф памерам 10 базавых велічыняў, у той час, як усе астатнія ўдзельнікі акцыі пратэсту – па 5 базавых велічыняў.
Парушэньне судзьдзёй сваіх правоў Уладзімір Лабковіч абскардзіў у Мінскім гарадзкім судзе, і пастанова аб прыцягненьні яго да адміністратыўнай адказнасьці была адмененая, а справа накіраваная на новы разгляд. У Пастанове Мінскага гарадзкога суда за подпісам старшыні М. Ардзякі сказана: «Пастанова падлягае адмене па наступных падставах:
Згодна з арт. 247 КаАП РБ асоба, якая прыцягваецца да адміністратыўнай адказанасьці, мае права знаёміцца з матэрыяламі справы, даваць тлумачэньні, прадастаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, пры разглядзе справы карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката, выступаць на роднай мове і карыстацца паслугамі перакладчыка, калі не валодае мовай, на якой вядзецца вытворчасьць, абскарджваць пастанову па справе.
У сваёй скарзе Лабковіч У. М. указвае, што судом яму было нематывавана адмоўлена ў прадстаўленьні перакладчыка.
Як бачна з пратаколу судовага паседжаньня, на пытаньне судзьдзі Лабковіч У.М. патлумачыў: «Я не магу аб'ектыўна ўсё разумець, паколькі не разумею па-руску. Бытавую лексіку я разумею, а што тычыць прававых тэрмінаў, то яны мне не зразумелыя». Такім чынам, судом парушанае права Лабковіча У.М. карыстацца паслугамі перакладчыка, што цягне за сабой адмену пастановы».

Гаворыць У. Лабковіч:
-- Перш за ўсё, хачу адзначыць, што працэс у Вярхоўным судзе па справе ліквідацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна” праходзіў па-беларуску. Гэта азначае, што нашае чынавенства можа нармальна ёю карыстацца, але адбываецца дыскрымінацыя беларускай мовы, і асабліва гэта выразна відаць у судах. Часам гэта набывае нават зьняважлівы характар адносна беларускамоўных. Таму гэта яшчэ і праваабарончае пытаньне, абсалютна прынцыповае для мяне. Я патрабаваў таго, што мне гарантуе і Канстытуцыя, і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях і шэраг іншых нарматыўных і заканадаўчых актаў. Суд ня толькі не забясьпечыў маё гарантаванае права, але судзьдзя нават дазволіў сабе зьняважлівыя і абразьлівыя выказваньні на мой адрас, на адрас беларускай мовы. Таму я вырашыў прынцыпова настойваць на забесьпячэньні майго права карыстацца роднай мовай і абараняць свае правы на гэтай мове.
-- У той жа час Пастанова аб адмене адміністратыўнага пакараньня, якую табе даслалі з Мінскага гарадзкога суда, была напісаная па-руску, а ты скаргу падаваў па-беларуску, указваючы, што ты не разумееш у дастатковай ступені рускай мовы. Ці гэта таксама не з’яўляецца парушэньнем тваіх правоў?
-- З’яўляецца. Разгляд маёй скаргі ў вышэйстаячым судзе – гэта той жа судовы працэс, толькі ў іншым фармаце. Адміністратыўныя справы ня могуць разглядацца ў касацыйных інстанцыях, яны разглядаюцца ў форме падачы скаргаў у вышэйстаячы суд, і суд аднаасобна прымае рашэньне – задаволіць ці не задаволіць. Такім чынам, старшыня Мінскага гаразкога суда, нягледзячы на тое, што па сутнасьці было ўказанае ў скарзе, зноў дыскрымінаваў мяне па моўнай прыкмеце. Судзьдя парушый тое ж права, з-за парушэньня якога ён жа накіраваў справу на новы разгляд. Такім чынам, старшыня Мінскага гарадзкога суда М. Ардзяка зьдзейсьніў такое ж парушэньне заканадаўства, як і судзьдзя Д. Жданок.
-- Якая існуе практыка вядзеньня судовых працэсаў у плане выкарыстаньня беларускай мовы?
-- Трэба адзначыць, што Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ідзе заўсёды насустрач патрабаваньням удзельнікаў працэсу, калі яны выказваюць жаданьне весьці працэс па-беларуску. Такі працэс быў па абскарджаньні папярэджаньняў, вынесеных “Таварыству беларускай мовы імя Ф. Скарыны”, па скарзе ў адмове ў рэгістрацыі Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, па справе ліквідацыі Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Але на раённым узроўні сітуацыя надзвычай кепская, і хадайніцтвы аб прадастаўленьні перакладчыка на беларускую мову звычайна не задавальняюцца. Можна ўзгадаць толькі адзінкавыя выпадкі, калі падобныя хадайніцтвы былі задаволеныя. Судовай сістэмы, якая б гарантавала гэтае права, у нашай краіне не існуе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international