Па два з паловай гады гады калоніі прысудзіў суд актыўным удзельнікам акцыі пратэсту ў Жлобіне

2021 2021-03-22T15:49:25+0300 2021-03-22T16:21:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zhlobin-2021-03-15-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У судзе над Шмігельскім, Патрушавым і Шаўчуком.

У судзе над Шмігельскім, Патрушавым і Шаўчуком.

Суд Жлобінскага раёна 22 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовых жыхароў – Віктара Шмігельскага, Іллі Патрушава і Андрэя Шаўчука.

Ім былі прад’яўленыя абвінавачванні па артыкуле 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргеевіч, пракурор – Андрэй Аношка.

10 жніўня вечарам ў Жлобіне маладыя людзі сталі ў счэпку і разам з іншымі нанеслі удары па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, а таксама кінулі камяні ў іх бок.

На судзе высветлілася, што прызнальныя паказанні яны давалі пад ціскам і запалохваннем. Андрэя Шаўчука, напрыклад, збівалі, прымушаючы даць на відэа неабходныя паказанні.

Пракурор Аношка запрасіў для Шмігельскага, Патрушава і Шаўчука па тры гады калоніі агульнага рэжыму.

"Білі нагамі ў міліцэйскія шчыты". У Жлобіне судзяць яшчэ траіх удзельнікаў акцый пратэсту

Ілля Патрушаў тлумачыць, што такія паказанні даў таму, што яго запалохалі. І сваіх знаёмых ён агаварыў. Ён толькі адзін раз ударыў нагой па шчыце. Рукамі не біў. На паказаным відэа са счэпкі нікога не пазнаў.

Суддзя Мікалай Сяргеевіч прызнаў усіх траіх вінаватымі па двух крымінальных артыкулах і абвясціў канчатковы прысуд з улікам паглынання менш строгага пакарання больш строгім: па два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Ілля Патрушаў, які да абвяшчэння прысуду быў на волі пад асабістым паручальніцтвам, узяты пад варту ў залі суда.

Суд пастанавіў таксама залічыць у тэрмін адбытага пакарання перыяд, які Шмігельскі і Шаўчук правялі ў зняволенні ў следчым ізалятары з разліку дзень - за дзень.

Дарэчы, ГУБАЗіК затрымаў яшчэ дваіх удзельнікаў масавых беспарадкаў у Жлобіне. Як мяркуе следства, мясцовыя жыхары (21 і 23 гадоў) датычныя да жнівеньскіх масавых беспарадкаў у райцэнтры: кідалі камяні ў міліцыянтаў і службовы транспарт. Таксама хлопцы - актыўныя карыстальнікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў і груп.

Раней у Жлобіне за падзеі 10 жніўня 2020 года былі асуджаныя Яўген Каханоўскі, Дзмітрый Гопта, Віталь Прохараў, Аляксандр Кісялёў, Сяргей Бекарэвіч, Андрэй Расулаў і яшчэ некалькі чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства