Серада пачынаецца з ператрусаў і допытаў: прыйшлі да Зміцера Афанасенкі, дапыталі Памідорава Дапоўнена

2021 2021-03-17T10:11:19+0300 2021-03-17T18:13:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/amaroka-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Афанасенка. Фота: TUT.BY

Зміцер Афанасенка. Фота: TUT.BY

Праваабаронцы "Вясны" ў сераду 17 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, ператрусы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Сёння раніцай у прыватным доме вядомага музыкі, саліста гурта Amaroka і аўтарэстаўратара Змітра Афанасенкі, а таксама ў кватэры ягоных бацькоў адбываюцца ператрусы.

Як стала вядома праваабаронцам, нейкі Дзяркач напісаў данос на братоў Афанасенкаў, якія, маўляў, са штабу БНФ і ў гаражы вырабляюць бомбу. Падрабязнасці высвятляюцца.


17 сакавіка на допыты ў якасці сведкаў выкліканыя праваабаронцы Леанід Свецік у Віцебску, Уладзімір Малей і Маргарыта Вялічкіна ў Брэсце, Сяржук Лацінскі ў Бабруйску.


У Горадні проста на вуліцы затрымалі журналіста Яна Романа. Пра гэта паведаміў яго сын. Прычына затрымання невядомая. Цяпер журналіст знаходзіцца ў Ленінскім РАУС горада, паведамляе БелСАТ.  Дома ў яго правялі ператрус, вынікам якога стала выманне ноўтбука і тэлефона. Паводле папярэдняй інфармацыі, журналіста вінавацяць у фінансаванні пратэстаў. Нібыта ён аплаціў штрафы двум людзям, пакараным за ўдзел у акцыях.


"Новы Час" піша пра знікненне былой супрацоўніцы МТЗ Улляны Гарбачовай. Пра гэта паведамляе страйкам МТЗ. Раней жанчыну пераследавалі за яе грамадзянскую пазіцыю, звольнілі па артыкуле. Улляна судзілася супраць незаконнага звальнення, але безвынікова.

Сёння стала вядома, што Гарбачову якую ўчора затрымалі падчас прагулкі з сабакам, сёння аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на 50 б.в..


Толькі што адбыўся допыт Аляксандра Памідорава ў Дэпартаменце фінансавых раследаванняў. Музыку выклікалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе супраць BY_Help. Допыт цягнуўся каля гадзіны, паведамляе BY_culture.


У Лідзе людзей па тэлефоне сёння выклікаюць у РАУС на гутарку. Цікавяцца актыўнасцю ў тэлеграм-чатах, пытаюцца пра ўдзел у масавых мерапрыемствах. Таскама вядома, што запытваюцца пра нейкага Шаўцова.

З інфармацыі распаўсюджанай прэс-службай МУС вядома, што ў групе «Ліда для жыцця» нібыта абмяркоўвалі і планавалі радыкальныя дзеянні супраць прадстаўнікоў улады, а таксама па блакіраванню чыгункі і аўтамабільных дарог. Супраць траіх удзельнікаў закрытай групы чата «Ліда для жыцця» ўзбудзілі крымінальную справу. 

19-гадовая дзяўчына, якая была мадэратарам чата, падазраецца ў публічнай абразе прадстаўнікоў улады. Яшчэ адзін мадэратар падазраецца ў пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да міліцыянераў, паведамляе "Польскае Радыё".

Паведамляецца таксама пра затрыманне ў Маскве "Гордага Лідчаніна", Ён знаходзіцца ў Следчым камітэце ў Маскве. Сёння ці заўтра павінны этапаваць з супрацоўнікамі КДБ у Беларусь.


Гародня. Пачаўся ператрус у вакаліста гурта Dzieciuki і незалежнага журналіста Алеся Дзянісава.

"У нашага калегі Алеся Дзянісава – ператрус.  Супрацоўнікі міліцыі ўвайшлі да яго ў кватэру," паведамляе тэлеграм-канал Белсата. Паводле БАЖ, ператрус у кватэры Дзянісава звязаны са справай журналіста Яна Романа, якога затрымалі сёння раніцай. Самога Дзянісава на гэты час у горадзе няма.  У яго дачкі, якая знаходзілася ў хаце падчас вобшуку, міліцыянты пыталі, ці ведае яна іншых гарадзенскіх журналістаў - Аляксея Кайрыса і Андрэя Мялешку.


У Магілёве затрымалі "Чалавека года-2020" Сяргея Пехцерава. Ён паспеў паведаміць, што яго забіраюць у РУУС. У які менавіта, актывіст не ўдакладніў. Таксама невядомая прычына затрыманьня.

Сам Пехцераў перыядычна з'яўляецца анлайн у розных сацыяльных сетках - магчыма, неўсталяваныя асобы атрымалі доступ да яго месенджараў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства