viasna on patreon

"Ніхто не забыты і нішто не забыта. Быць дабру!" Яўген Дзмітрыеў выступіў з апошнім словам у судзе Дапоўнена

2021 2021-02-25T12:21:00+0300 2021-02-25T14:06:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dmitriev_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Дзмітрыеў у судзе. Фота Радыё Свабоды

Яўген Дзмітрыеў у судзе. Фота Радыё Свабоды

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Яўгена Дзмітрыева, які 4 кастрычніка прыняў удзел у пратэставай акцыі і кінуў металічную трубу ў вадамёт.

Справу разглядае суддзя Юлія Густыр, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў. Пацярпелымі па справе прызнаныя кіроўцы вадамёта Мікалай Глухатарэнка і Яўген Лашкоўскі.

Пачаўся суд над палітвязнем Яўгенам Дзмітрыевым. Пацярпелыя не маюць патрабаванняў

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 23 лютага пачаўся судовы працэс над 26-гадовым палітвязнем Яўгенам Дзмітрыевым, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса.

Яўгену Дзмітрыеву 26 гадоў, працаваў пажарным выратавальнікам.

24 лютага ў суд не з’явіўся сведка, таму на працэсе пачалі вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы. Так як у матэрыялах утрымліваліся відэа з лагатыпам тэлеграм-канала Nexta, які быў прызнаны экстрэмісцкім, то судовы працэс у гэтай частцы зрабілі закрытым.

Пазней у судзе ўсё ж такі даў паказанні сведка, які быў знаёмы з Яўгенам Дзмітрыевым па ўдзелу ў мітынгах. Ён распавёў, што не бачыў абвінавачанага каля Стэла, а толькі падчас руху, апошні раз бачыў каля будынку ДАІ. Бачыў, як Дзмітрыеў крычаў і пляскаў у далоні, але не бачыў, каб той кідаў нечым у вадамёт, не бачыў яго ў счэпцы.

Пасля прайшлі спрэчкі бакоў

Па меркаванні дзяржаўнага абвінаваўцы Арцёма Цвяткова, віна Яўгена Дзмітрыева даказаная паказаннямі пацярпелых, сведкі, пісьмовымі матэрыяламі і рэчывымі доказамі па справе. Ён прасіў суд пакараць абвінавачанага па арт. 364 КК – двума гадамі пазбаўлення волі, па ч. 1 арт. 342 КК – адным годам пазбаўлення волі, і канчаткова прызначыць – два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма.

Абодва пацярпелыя яшчэ раз падцвердзілі, што не адчувалі пагрозы свайму жыццю і здароўю, не маюць прэтэнзій да Яўгена Дзмітрыева. Прасілі суд улічыць, што раней абвінавачаны не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Выказалі непаразуменне, як адзін чалавек мог блакаваць дарогу, лічаць, што шкоду нанёс іншы чалавек, які скінуў ціск у вадамёта і зрабіў так, што вада палілася самастойна. Прасілі суд не караць падсуднага строга. 

Абаронца выказаў меркаванне, што Яўгена Дзмітрыева нельга прыцягваць да адказнасці па арт. 364 Крымінальнага кодэкса, так як пацярпелыя – ваеннаслужачыя, якія не з’яўляюцца супрацоўнікамі органаў унутранных спраў, як тое напісана ў фармуліроўцы артыкула. Больш за тое, кідок трубой у заднюю частку аўтамабіля нельга расцэньваць як гвалт ці пагрозу прымянення гвалту, так як вайскоўцы знаходзіліся ў браніраванай машыне. Іншых пагрозаў Яўген Дзмітрыеў ніякім чынам не выказваў.

Па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса абвінавачаны поўнасцю прызнаў сваю віну, аднак ён не збіраўся здзяйсняць злачынства і не канспіраваўся: быў з дасяжным мабільным тэлефонам, без пальчатак, маска не закрывала твар, не было ў яго з сабой сімволікі і прадметаў для нападу.

Дзмітрыеў выйшаў на мітынг не для таго, каб заклікаць да экстрэмісцкіх дзеянняў, а каб "падтрымаць беларускі народ, які выступіў супраць гвалту ў дачыненні да палітычных зняволеных". Не гледзячы на адсутнасць судоў, якія падцвярджаюць гвалт з боку сілавікоў, нельга адмаўляць шматлікія публікацыі ў СМІ і інтэрнэце з гісторыямі пра такі гвалт.

Такім чынам, незалежна ад таго, памыляўся ў сваіх матывах Дзмітрыеў ці не, яны заключаліся ў выказыванні ім пратэсту супраць гвалту і толькі. Яўгену Дзмітрыеву ставіцца ў віну вядзенне дэкструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, парушэнне грамадскіх асноў, дабрапрыстойнасці і ўнутранага спакою грамадзянаў, публічныя выкрыкванні лозунгаў, здзяйсненне гучных воплескаў рукамі, накіраваных на працяглае парушэнне грамадскага спакою. 

"Мяркую, што абвастрэнне і напружанасць у грамадстве маглі бы, напрыклад, выклікаць растрэлы, катаванні, беззаконне, несправядлівасць. Гучныя ж воплескі рукамі абвастрэнне напружанасці ў грамадстве не цягнуць, лозунг "Жыве Беларусь" не толькі ні да чаго не заклікае, але і не носіць негатыўнага характара, не абражае чыіх-небудзь пачуццяў", - адзначыў адвакат.

Абаронца прасіў абвінавачанага па арт. 364 КК апраўдаць, а па ч. 1 арт. 342 КК – прызначыць пакаранне без пазбаўлення волі.

Яўген Дзмітрыеў выступіў з апошнім словам 25 лютага ў 10.00. 

Як перадае TUT.BY, ён сказаў: 

"Я не дрэнны чалавек і ўжо сапраўды не злачынец. Працаваў у структуры МНС пажарным выратавальнікам. Я першы раз у жыцці спатыкнуўся і абавязваюся больш так не паступаць. Хачу звярнуцца да тых, хто прыйшоў сёння мяне падтрымаць, тым, хто падтрымліваў мяне і дапамагаў увесь гэты час: дзякуй усім велізарнае за ўсё, што вы для мяне робіце, ведайце, што я вас усіх вельмі моцна люблю і моцна вас усіх абдымаю, памятаеце, што ніхто не забыты і нішто не забыта. Быць дабру!"

Прысуд па справе будзе абвешчаны 26 лютага ў 9.50.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства