Палітвязня Андрэя Папова асудзілі на пяць гадоў калоніі

2021 2021-02-16T15:17:49+0300 2021-02-16T17:15:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/andrei_popov_photo_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Папоў, фота прадстаўлена мамай

Андрэй Папоў, фота прадстаўлена мамай

Суд Заводзскага раёна вынес прысуд палітвязню Андрэю Папову. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу і прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынесла суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Першапачаткова Андрэю ставілі ў віну і злачынства, падугледжанае арт. 364, але дзяржабвінавачанне адмовілася ад абвінавачання па гэтым артыкуле. Пацярпелы таксама не быў устаноўлены. Суд таксама абавязаў Андрэя Папова выплаціць больш за 1220 рублёў выдаткаў.

У чым абвінавацілі?

Першы раз Андрэй быў паранены і затрыманы 9 жніўня на акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Трое сутак правёў у ІЧУ г. Жодзіна, пасля чаго быў вызвалены. Ізноў Андрэя затрымалі першага верасня ўжо па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках.

Палітвязень распавёў, што дзявятага жніўня ішоў на мірны пратэст, бо быў не згодзен з адстутнасцю назіральнікаў і завышанай яўкай. Ён не прызнаў віну па ч.2 арт.293, таму што выходзіў на мірны пратэст. Часткова прызнаў – па арт. 364: а менавіта факт гвалту ў адносінах да аднаго супрацоўніка. Адзначыў, што раскайваецца, што прымяніў гвалт.

Суд над палітвязнем Андрэем Паповым

Адвакат лічыць, што выявіць яго дачыненне да справы немагчыма

Ніхто не бачыў пацярпелага

На паседжанні 16 лютага былі прагледжаныя відэазапісы. Адвакат, якая азнаёмілася з імі раней, адзначыла, что сярод іх няма тых, якія адносяцца да справы. Андрэй Папоў пацвердзіў, што на відэа ён, аднак адзіны момант канфрантацыі — дзе ён падбягае да супрацоўнікаў, а натоўп быў мірным. Суддзя Анжэла Касцюкевіч засумнявалася, што Андрэй Папоў, не з'яўляючыся правазнаўцай, можа даваць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў.

Адзначым, што пацярпелы па справе так і не з'явіўся на паседжанне. Заявы ад яго таксама не было. Доказаў дзеянняў, апісаных у пратаколе, таксама не было прад'яўлена.  

Падчас спрэчах пракурор Дзендзялевіч звярнула ўвагу, што Папоў пацвердзіў сваю асобу на відэа. Як гвалт абвінавачанне расцаніла замахі рукамі і нагамі, аднак не падтрымала абвінавачанне па артыкуле 364. Як абцяжарваючыя абставіны па арт. 293 яна папрасіла залічыць тое, што злачынства было здзейсненае групай асоб, а таксама папрасіла пакараць Андрэя Папова пяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму. 

Адвакат была цалкам нязгодная. Яна адзначыла, што няма доказаў заклікаў да беспарадкаў, як і інфармацыі, у чым яны павінны заключацца, як і доказаў праяўлення масавых беспарадкаў і ўдзелу ў іх яе падабароннага. Не было даказана, з якой крыніцы Папоў атрымаў інфармацыю пра іх і што ён наогул яе чытаў. Згодна з пратаколамі агляду масавых беспарадкаў, палітвязня не было ў гэтых месцах — гэтаксама, як і слядоў масавых беспарадкаў. Акты на 180 аркушах не маюць адносінаў да справы. Абаронца ўпэўненая, што нават у межах жорсткай палітыкі дзяржавы агучанае пакаранне — неадмернае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства