viasna on patreon

Прысуд за запененыя дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі: паўтары гады калоніі Дапоўнена

2021 2021-02-16T14:44:16+0300 2021-02-16T17:56:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kanapaika-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Капанайка ў судзе

Ігар Капанайка ў судзе

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 16 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мінчука, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі. Грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Ігара Капанайку абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 339 (Хуліганства) і артыкул 369 (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Справу разглядае суддзя Алена Бушава, дзяржабвінаваўца – пракурор Грэская.

Пацярпелая па справе – прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Мінска Таццяна Абозная.

Ігар Капанайка мае від на жыхарства ў Беларусі, ваенны пенсіянер.

З матэрыялаў следства вядома, што днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Мінска і з хуліганскіх памкненняў заліў мантажнай пенай ўваходныя дзверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню.

Акрамя таго, як сцвярджае Следчы камітэт,  на паштовай скрыні абвінавачаны напісаў фразу, якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі ў сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў і схаваўся з месца здарэння.

16 лютага працягваецца судовае следства.

Пацярпелая Таццяна Абозная выступіла з хадайніцтвам далучыць яе пісьмовыя паказанні да справы.

Пацярпелая хоча  дадаткова пакараць Капанайку яшчэ і за паклёп

Яна паведаміла, што ў мінулы раз ехала на суд з думкай, што не трэба строга караць абвінавачваемага. Але пасля таго як пабывала на судзе - настроеная на строгае пакаранне.

“Я лічыла, што яму будзе сорамна і балюча, і ён раскаецца і папросіць прабачэння. Але пачутае ў зале суда прымусіла мяне змяніць сваё рашэнне. Бо падсудны зусім не раскаяўся. Вёў у судзе сябе нахабна. Падсудны мяне абгаварыў. І ўсё дзеля таго, каб змяніць кваліфікацыю злачынства на больш мяккае.

Ён паведаміў суду быццам я каментавала падзеі, звязаныя з Раманам Бандарэнка. Гэта нахабная хлусня! Ідэя з помстай прыйшла яму не адразу, бо на першых допытах ён пра гэта не казаў. Варта было яму запусціць гэтую хлусню, як некаторыя арганізацыі, якія адносяць сябе да незалежных СМІ тут жа яе падхапілі.

Яны апублікавалі гэтую інфармацыю нават не дачакаўшыся прысуду, не праверылі, наколькі дакладная версія падсуднага. Усё гэта спланаваная і прадуманая акцыя, якая акіраваная супраць праваахоўных органаў”, - паведаміла яна.

Абозная просіць далучыць да матэрыялаў справы талон-паведамленне, што пададзеная заява ў Фрунзенскі РУУС аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць абвінавачанага за паклёп. А таксама прыняць меры да рэдакцыі, якая апублікавала распаўсюджаныя звесткі, якія ганяць яе гонар і годнасць. Далучыць скрыншоты публікацый аб разглядзе крымінальнай справы ў дачыненні да Капанайкі.

Да матэрыялаў суда прыкладзеная квітанцыя аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Пачаліся судовыя спрэчкі. Дзяржабвінаваўца Грэцкая кажа аб тым, што ў судовым пасяджэнні Капанайка віну прызнаў і раскаяўся. Аднак яго паказанні паказваюць на тое, што ён не раскайваецца, а толькі хоча пазбегнуць пакарання.

Змякчальныя абставіны - частковае пакрыцце матэрыяльнай шкоды.

Даследаваўшы ўсе дадзеныя доказы пракурор запрасіла прызнаць Капанайка вінаватым і прызначыць пакаранне па частцы 1 артыкула 339 у выглядзе пазбаўленне волі на 3 гады.

Па артыкуле 369 КК РБ - арышт на 3 месяцы.

Усяго 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

kapanajka-03.jpg
Ігар Капанайка. Фота: minsknews.by

Ці не занадта  строгае пакаранне за палоску пены на дзвярах?

Адвакат нязгодны з такой кваліфікацыяй:

Дзеянні кваліфікаваныя няправільна і не павінны прымяняцца да падабароннага, паколькі ім не было нанесена пашкоджанняў. У пратаколе апытання пацярпелая не мела прэтэнзій. Замок адкрыўся. А пену можна было зняць з выкарыстаннем спецыяльнага сродку, тым самым не пашкодзіўшы дзверы. Паўторны агляд месца здарэньня, зроблены 28 лістапада не можа быць прызнаны доказам. Такім чынам немагчыма даказаць, ці былі нанесеныя пашкоджанні менавіта падабаронным Капанайка.

Абаронца мяркуе, што ў дзеяннях Капанайкі адсутнічае склад злачынства. Бо не было дзеянняў груба парушылі грамадскі парадак. А мэтай нанясення на паштовую скрыню абразлівага надпісу было данесці да Абознай,  што аб смерці Ромы Бандарэнка іншыя думаюць інакш.

Запытаная сума маральнай шкоды з'яўляецца неабгрунтаванай.

За палоску пены на дзверы, якая здымалася без пашкоджанняў - 3 гады пазбаўлення волі? Ці не занадта гэта строгае пакаранне?

"Я не збіраўся палітызаваць працэс. Гаворка ідзе аб агульначалавечых каштоўнасцях." Апошняе слова абвінавачванага

"Мне не хацелася б паўстаць перад судом старым маразматыкам. Я дакажу, што Абознай былі вымаўленыя словы аб тым, што Раман Бандарэнка выйшаў вечарам п'яным.

Я не хуліган, не злачынец. Я афіцэр запасу. Калі я бачу несправядлівасць, я завожуся з паўабароту. Так было і тады. Смерць Рамана Бандарэнка ўразіла ўсю Беларусь. Ён таксама служыў, як і я. Ён мне гадзіцца ў сыны. Ён загінуў у цэнтры Мінска, у мірны час, у краіне, якую называюць краінай для жыцця.

На наступным дзень я зайшоў у Інтэрнэт і прачытаў паведамленне Абознай, у якім не было спачуванні родным і блізкім, а толькі хлусня. Усё гэта перапоўніла чашу майго цярпення і я не памятаю, калі мне было так балюча за краіну, у якой я жыву.

Прынёс прабачэнні бацькам і дзіцяці Абознай, паколькі яны тут ні пры чым.

Я не лічу, што надпіс "Мент-забойца" - гэта абраза, гэта - канстатацыя факту.

З нагоды гонару і годнасці. Вашы супрацоўнікі завялі крымінальную справу па нагоды гібелі Рамана Бандарэнка?

Прыедзьце да тых, хто збітыя сядзяць у Жодзіне і на Валадарцы, у чыіх дзеяннях няма складу злачынства. Пакажыце ім гонар і годнасць.

Я не збіраўся палітызаваць працэс. Гаворка ідзе аб агульначалавечых каштоўнасцях.

Гонар маю!"

Суддзя агучвае прысуд: паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму

Судзяць ваеннага пенсіянера, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі і абразіў яе

Днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Мінска і з хуліганскіх памкненняў заліў мантажнай пенай ўваходныя дзверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства