Мінгарсуд разгледзіць скаргу Аляксандра Пыльчанкі

2021 2021-02-15T15:11:50+0300 2021-02-15T15:37:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pylchanka_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Пыльчанка (у цэнтры) перад паседжаннем камісіі 15 кастрычніка. Фота: TUT.BY

Аляксандр Пыльчанка (у цэнтры) перад паседжаннем камісіі 15 кастрычніка. Фота: TUT.BY

Пазбаўлены адвакацкага статуса абаронца палітвязняў Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандр Пыльчанка абскардзіў рашэнне суда Маскоўскага раёна Мінска, якім яму адмоўлена ў задавальненні скаргі на рашэнне Мінюста аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.

Нагадаем, Мінюст спыніў дзеянне ліцэнзіі адваката з трыццацігадовым стажам за прававы каментар парталу tut.by пра паўнамоцтвы дзяржаўных органаў па расследванні масавых парушэнняў правоў чалавека, якія адбываліся падчас жнівеньскіх падзей пасля прэзідэнцкіх выбараў і расцэньваюцца праваабарончай супольнасцю як злачынствы супраць бяспекі чалавецтва. Што не так з рашэннем суда – ў матэрыяле “Вясны”.

Свабода выказвання прафесійнага меркавання vs. рашэнне Мінюста

У скарзе Аляксандр Пыльчанка і яго прадстаўнікі адзначаюць, што яго каментар аб паўнамоцтвах службовых асоб па спыненні супрацьпраўных дзеянняў з боку сілавых структур і расследванні катаванняў з’яўляўся выразам прафесійнага меркавання, права на якое гарантаванае ў Канстытуцыі (арт.33) і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (п.2 арт.19). У ходзе судовага разбіральніцтва ў першай інстанцыі прадстаўніца Мінюста, адказваючы на пытанне аб тым, ці ўлічваўся пры прыняцці рашэння аб спыненні адвакацкага статусу арт.23 Канстытуцыі аб падставах і мэтах абмежавання правоў, паведаміла, што норма не ўлічвалася пры абмеркаванні і прыняцці рашэння.

Аляксандр Пыльчанка і яго адвакаты пры абскарджванні прыходзяць да высновы: рашэнне Мінюста незаконна, паколькі, абмяжоўваючы права на свабоду выказвання меркавання, дзяржаўны орган не ўжыў нормы права, якія рэгулююць дапушчальныя абмежаванні гэтага права – артыкул 23 Канстытуцыі і пункт 3 артыкула 19 МПГПП. У сваім рашэнні суд гэтыя аргументы заяўніка фактычна праігнараваў, не прывёў матываў нязгоды з імі. У той жа час, пазбаўленне права на прафесію за выказванне, зробленае ў прафесійнай якасці па пытаннях, якія прадстаўляюць грамадскі інтарэс, і добрасумленна, з’яўляецца парушэннем права на выказванне меркавання. Суд, прызнаўшы рашэнне Мінюста законным, не ліквідаваў гэтага парушэння.

Прынцып незалежнасці адвакатуры vs. рашэнне Мінюста

Аляксандр Пыльчанка адзначае, што рашэнне аб спыненні дзеяння яго статусу прынята дзяржаўным органам – Мінюстам, што несумяшчальна з прынцыпам незалежнасці адвакатуры, які закладзены ў Канстытуцыі і з’яўляецца агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права.

Кваліфікацыйная камісія пры Міністэрстве юстыцыі, якая рэкамендавала спыніць дзеянне ліцэнзіі, складаецца з 17 чальцоў, 10 з якіх з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі. На пасяджэнні, дзе разглядалася пытанне аб пазбаўленні статусу, колькасць адвакатаў склала 5 з 14 прысутных чальцоў. Паколькі адвакаты прадстаўленыя ў меншасці, меркаванне адвакацкай карпарацыі пры прыняцці заключэння не з’яўлялася вырашальным. Калегія Мінюста, якая прыняла канчатковае рашэнне, цалкам складаецца з дзяржслужачых.

У той жа час, стандарты незалежнасці адвакатуры ўключаюць у сабе тое, што разгляд пытанняў прафесійнай этыкі адваката павінен знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі незалежнага органа, створанага самімі адвакатамі. Таму самі паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі на спыненне адвакацкага статуса не адпавядаюць міжнародным стандартам незалежнасці адвакатуры і канстытуцыйнаму прынцыпу прыярытэта агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права.

Права на юрыдычную дапамогу Пыльчанка парушана пры разглядзе Кваліфікацыйнай камісіяй пытання аб спыненні ліцэнзіі

У судовым пасяджэнні першай інстанцыі Аляксандр Пыльчанка прыводзіў довад аб тым, што рашэнне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі прынята з парушэннем права на юрыдычную дапамогу – на пасяджэнне Кваліфікацыйнай камісіі, насуперак пісьмовай заяве Пыльчанка і прадстаўленым ім даверанасцях, не дапусцілі яго прадстаўнікоў-адвакатаў для аказання юрыдычнай дапамогі ў ходзе пасяджэння. На пасяджэнне калегіі Мінюста на наступны дзень, калі прымалася канчатковае рашэнне пра лёс адвакацкага статуса, не запрашалі ні самога адваката, ні ягоных прадстаўнікоў.

Прадстаўнік Мінюста ў судовым пасяджэнні паведаміла, што на сходзе прымаюць удзел ці ліцэнзіят, ці яго прадстаўнік, паколькі так рэгламентавана ў Палажэнні аб ліцэнзаванні. Разам з тым, падобнае абгрунтаванне супярэчыць арт.62 Канстытуцыі, які прадугледжвае канстытуцыйнае права на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў любых дзяржаўных органах і арганізацыях. Норма Палажэння аб ліцэнзаванні не можа адмяняць норму Канстытуцыі, паколькі Канстытуцыя мае большую юрыдычную сілу.

Прэтэнзіі ўзніклі ў Мінюста, у той час як Менскай гарадской калегіяй адвакатаў не распачыналася дысцыплінарная вытворчасць

Начальніца ўпраўлення і ліцэнзавання Мінюста Дзіяна Падлеская ў судзе паведаміла, што ініцыятарам спынення адвакацкага статуса Пыльчанка выступіў намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў.

Разам з тым, МГКА не ініцыявала дысцыплінарнай працэдуры, што дазваляе зрабіць выснову аб адсутнасці прэтэнзій з боку органаў адвакацкага самакіравання ў сувязі з публічным прафесійным выказваннем меркавання на прадмет выканання Правілаў прафесійнай этыкі.

Акрамя таго, старшыня МГКА Аляксей Швакаў, які мае паўнамоцтвы ўзбуджаць дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні да адвакатаў, на пасяджэнні Кваліфікацыйнай камісіі галасаваў супраць спынення адвакацкага статуса Пыльчанка.

Прававы каментар дыскрэдытаваў званне адваката і адвакатуру?

Прадстаўнікі Мінюста ў судзе першай інстанцыі ў якасці падставы для пазбаўлення адвакацкага статуса заявілі аб наяўнасці “дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру”. Менавіта такую ацэнку Мінюст даў словам Аляксандра Пыльчанка ў інтэрв’ю парталу tut.by пра паўнамоцтвы службовых асоб у сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, сведчаннямі прымянення катаванняў у перыяд 9 – 12 жніўня, якія зрынулі грамадства ў шок.

Пыльчанка і яго прадстаўнікі адзначаюць, што суд не выканаў дбайнай ацэнкі довадаў і не зрабіў адпаведных высноваў аб тым:

  • ці з’яўляюцца выказванні “некампетэнтнымі”, “уводзяць грамадскасць у зман” і “заклікаюць да супрацьпраўных дзеянняў”, і калі так, то па якіх крытэрах, і ці ўсталяваныя такія ў законе. Менавіта такую характарыстыку словам з інтэрв’ю адваката далі прадстаўнікі Мінюста ў судзе першай інстанцыі;
  • ці мае права Мінюст вырашаць, ці парушае дзеянні адваката Правілы прафесійнай этыкі і дыскрэдытуюць яны адвакатуру;
  • ці дапушчальныя выказванні з пункту гледжання заканадаўства і ці маюцца прававыя падставы для абмежавання такіх выказванняў Мінюстам.

Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат адзначае, што судовае рашэнне, якое ён абскарджвае, наогул не ўтрымлівае высноваў па пытанні неабгрунтаванасці ацэнкі ягонага каментара Кваліфікацыйнай камісіяй. Такім чынам, суд не праверыў і абгрунтаванасць рашэння Мінюста, якое заснавана на заключэнні камісіі. Пры падобных абставінах судовае рашэнне не сумяшчальна з прадпісаннем ч.1 арт.339 ГПК аб праверцы судом законнасці і абгрунтаванасці дзеянняў дзяржоргана.

Кваліфікацыйная камісія выйшла за межы сваіх паўнамоцтваў

Бок заяўніка настойвае на тым, што ў законе адсутнічаюць паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі ўсталёўваць дзеянні, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру. Заканадаўствам не ўстаноўлены пералік дзеянняў, што дыскрэдытуюць калегію адвакатаў, а таксама парадак прызнання дзеянняў такімі. Такім чынам, Мінюст парушыў норму Закона аб НПА: «пры прыняцці дзяржаўнымі органамі рашэнняў, якія закранаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, адвольнае тлумачэнне нарматыўных актаў у іх ужыванні не дапускаецца» (п.4 арт.69).

У скарзе адзначаецца, што дадзеныя абставіны засталіся без дбайнай ацэнкі суда першай інстанцыі, што безумоўна паўплывала на яго высновы і канчатковае рашэнне.

*Праваабарончая супольнасць шматразова падкрэслівала, што выкананне стандартаў справядлівага судовага разбіральніцтва ў дачыненні да палітвязьня Віктара Бабарыкі несумяшчальнае з парушэннем яго права на абарону з моманту затрымання; парушэннем яго права на канфідэнцыйныя зносіны з адвакатамі на этапе азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы перад перадачай у суд; з працэдурай разгляду яго крымінальнай справы Вярхоўным судом па першай інстанцыі з-за немагчымасці абскардзіць прысуд у парадку апеляцыі; заключэннем пад варту адваката палітвязьня па пытаннях выбарчага заканадаўства Максіма Знака; палітычна матываваным і абуральна неправамерным пазбаўленнем ліцэнзіі адваката палітвязьня Аляксандра Пыльчанка за каментар пра паўнамоцтвы дзяржаўных органаў па расследванні жнівеньскіх злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва, адказнасць за якія цалкам ляжыць на беларускіх уладах; а таксама цэнзураваннем і застрашэннем адвакацкай карпарацыі ў сувязі з публічнымі выказваннямі адвакатаў ў СМІ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства