"Дапамог перанесці лавачку на праезную частку". Іллі Толкачу пагражае тры гады зняволення Відэа Дапоўнена

2021 2021-02-09T19:26:28+0300 2021-02-10T15:32:54+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tolkach_illia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Толкач. Фота РИА Новости, Ілля Піталёў

Ілля Толкач. Фота РИА Новости, Ілля Піталёў

Суд Маскоўскага раёна г. Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Іллі Толкача, якога вінавацяць у актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае суддзя Вольга Малашэнка, дзяржабвінаваўца – Фёдар Сініцкі.

Ілля Толкач быў затрыманы 21 кастрычніка 2020 года.

Што ставяць у віну Іллі Толкачу?

Дзяржабвінаваўца заявіў хадайніцтва аб далучэнні да справы грамадзянскага іску аб кампенсацыі маёмаснай шкоды Мінсктрансу ў памеры 6 126 рублёў. Суд яго задаволіў. 

Паводле абвінавачвання, Ілля Толкач у ноч з 9 на 10 жніўня знаходзіўся на праезнай часцы каля архітэктурнага комплекса “Мінск – горад-герой” і прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях з іншымі пратэстоўцамі, груба парушаючых грамадскі парадак і спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, што пацягнула парушэнне працы транспарту. Таксама падсудны абвінавачваецца ў тым, што публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні і не падпарадкоўваўся патрабаванням спыніць такія дзеянні.

Па меркаванні Фёдара Сініцкага, віна Іллі Толкача падцвярджаецца ягонымі паказаннямі, паказаннямі сведкаў, інфармацыяй ад Мінсктранса аб парушэнні руху гарадскога транспарту, рэчывымі доказамі.        

Абвінавачаны прызнаў віну часткова – прызнаў факт прысутнасці ў абазначым месцы, але не прызнаў, што яго дзеянні пацягнулі спыненне грамадскага транспарту.

Пра што казаў падсудны?

Ілля Толкач распавёў, што 9 жніўня разам з сябрам Дзмітрыем Збіроўскім схадзіў прагаласаваць спачатку на яго выбарчы ўчастак, потым на ўчастак сябра. Пасля зайшлі да іншага сябра, але ён аказаўся заняты. Тады хлопцы пайшлі да Кастрычніцкай плошчы, потым яны спусціліся да Нямігі, хацелі пайсці на вул. Зыбіцкая, але там было ўсё зачынена. Тады сябры адправіліся ў сквер недалёка ад вуліцы Гвардзейская, сустрэліся там са знаёмым, хацелі паразмаўляць, а каля 21 гадзін вырашылі разыходзіцца па дамах. Ілля з Дзмітрыем вышлі на тратуар і заўважылі, што грамадскі транспарт не ходзіць, пайшлі пешшу ў бок ст. м. “Няміга”.

У нейкі момант ззаду хлопцы пачулі жаночыя крыкі, людзі пачалі разбягацца. Ілля пабег у пераход каля гасцініцы "Юбілейная", а яго сябра – у іншы бок. Абвінавачаны выйшаў да наберажнай, аглядзеўся, патэлефанаваў сябру. Пасля гэтага ён падыйшоў да супрацоўнікаў міліцыі і запытаўся, ці можна прайсці да мятро. Міліцыянеры сказалі яму: “Ідзі дамоў”, і нікога не прапускалі. Хлопец пайшоў у бок Стэлы, там было шмат людзей, ён думаў, што калі дойдзе да гасцініцы “Вікторыя”, то там зможа ўзяць таксі і даехаць дадому. Але не змог перайсці на іншы бок дарогі, бо было ачапленне міліцыі – дарога была перагароджаная, аўтобусы не хадзілі. Тады Ілля Толкач хацеў паглядзець маршрут, як дабрацца да дому, аднак інтэрнэт не працаваў. У нейкі момант да яго падыйшоў невядома хлопец з бела-чырвона-белым сцягам, запытаў, ці працуе інтэрнэт. Ілля папрасіў сцяг, каб сфатаграфавацца, папрасіў фотакарэспандэнта зрабіць здымак, пасля чаго вярнуў сцяг незнаёмцу.

Праз некаторы час супрацоўнікі міліцыі сталі кідаць светла-шумавыя гранаты. Гэта ўжо адбывалася пасля 23 гадзін.

Суддзя распытала Іллю пра тое, чаму ён так доўга ішоў дадому, паспяваў фатаграфавацца са сцягам і цікавіцца сітуацыяй навокал замест таго, каб выйсці з натоўпу. Запытвае, ці можна назваць тое, што адбывалася масавым мерапрыемствам, і ці разумеў падсудны, што адбываецца “нешта не тое”?

Суд зрабіў заўвагу абаронцу за тое, што ён павярнуўся і глядзеў на свайго падабароннага, нібыта падказваў яму адказы. Адвакат пярэчыў, што мае права глядзець у любы бок, у тым ліку ў бок падабароннага.

tolkach_illia_sud.jpg
Ілля Толкач у залі суда

Ілля Толкач кажа, што не чуў, каб супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі грамадзянаў аб неабходнасці разыйсціся. Не чуў, каб такія патрабаванні былі адрасаваныя менавіта яму.

Пасля выбухаў гранат ён пабег, але сутыкнуўся з хлопцам, які настойліва звярнуўся да яго па дапамогу – перанесці лавачку. Ілля дапамог перанесці яе на праезную частку. Пасля гэтага ён адыйшоў у бок, супакоіўся, ацаніў сітуацыю і паспрабаваў сыйсці з гэтага месца. Пайшоў па вул. Машэрава, сустрэў незнаёмых хлопца і дзяўчат, яго папрасілі правесці адну з дзяўчат да інтэрната, Ілля пагадзіўся. Потым абвінавачаны зняў грошы з карткі і злавіў машыну, паехаў дадому.

Падсудны выказаў шкадаванне, што выканаў просьбу незнаёмага хлопца і перанёс лавачку, ён не планаваў гэтага здзяйсняць, і яго дзеянні не былі ні з кім узгодненыя, ён знаходзіўся ў спалоханным стане.

Пасля гэтага суд вывучыў пісьмовыя матэрыялы справы. Потым перайшоў да апытання сведкаў.

"Заўсёды жадаў дапамагаць іншым, пра сябе думаў у апошнюю чаргу". Пра што казалі сведкі?

У судзе выступіў сведкай сябар падсуднага Дзмітрый Збіроўскі. Ён распавёў, што ведае Іллю Толкача каля 10 год, разам 9 жніўня хадзілі галасаваць на выбарах, потым пайшлі гуляць, у тым ліку на вуліцу Гвардзейскую, дзе сустрэліся са стрыечным братам Дзмітрыя – паразмаўлялі. Потым пайшлі ў бок Нямігі, пачалася мітусня – было шмат людзей, яны пачалі збягаць, крычаць. У гэты момант Дзмітрый з Іллём размінуліся, пазней тэлефанавалі адзін аднаму і вырашылі ехаць дадому. Кажа, што не ведае, ці было на месцы падзей масавае мерапрыемства, было шмат людзей, нехта хадзіў, нехта стаяў, потым бачыў цёмныя сілуэты – супрацоўнікаў міліцыі, і людзі ад іх разбягаліся. Не чуў і не бачыў, каб людзі выкрыквалі лозунгі ці выкарыстоўвалі сімволіку, а таксама не чуў, каб людзей папярэджвалі аб неабходнасці разысціся.

"Я за Іллёй ніколі не заўважаў нічога дрэннага, для мяне гэта вельмі добры сябра, які заўсёды прыходзіў мне на дапамогу і заўсёды жадаў дапамагаць іншым. Пра сябе ён думаў у апошнюю чаргу", - сказаў Дзмітрый Збіроўскі. 

Суддзя ўказала на супярэчнасці ў паказанняў, дадзеных падчас следства і ў судзе. Так на допыце ў следчага Дзмітрый Збіроўскі казаў, што бачыў людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі, не ўцякаў ад супрацоўнікаў міліцыі, а проста вырашыў пайсці дадому, пра што сказаў Ілле, а той сказаў, што застанецца, пасля чаго хлопцы развіталіся.

Наступнай у якасці сведкі выступіла начальніца ўчастку “Зелянбуду” Алена Бараўля, якая ў перыяд 9-10 жніўня знаходзілася ў адпачынку і асабіста не была на месца падзей. Але сведка бачыла відэа, на якім яна пазнала скамейкі “Зелянбуду”, што павінны былі стаяць на зялёнай зоне. Ніякіх пашкоджанняў скамейкі не мелі, ніякіх прэтэнзій “Зелянбуд” да падсуднага не мае.

Сведкай выступіў яшчэ адзін сябар Іллі Толкача - Максім Паповіч. Ён распавёў, што бачыўся з абвінавачаным 10 жніўня, Ілля распавядаў, што галасаваў, сустракаўся з Дмітрыем Збіроўскі, гулялі і потым яны разышліся, пасля абмяркоўвалі прыватныя тэмы. Ахарактарызаваў Іллю Толкача як сумленнага чалавека.

Наступным выклікалі сябра Іллі – Салтанава, ён ведае абвінавачанага гадоў 10. 9 жніўня каля 18 гадзін сведка з Іллём стэлефаноўваўся пару разоў, падсудны распавядаў, што адбываецца навокал, якая абстаноўка была ў той дзень.

"Добры хлопец, заўсёды дапаможа, у бядзе не кіне", - сказаў сведка.

З пратаколу апытання следчым суддзя зачытала наступныя паказанні Салтанава пра тэлефонную размову з падсудным:

"Ілля сказаў, што ідзе на мітынг, як я зразумеў, на несанкцыянаваны мітынг, прысвечаны выбарам прэзідэнта. Па якой прычыне ён вырашыў наведаць дадзены мітынг Ілля не паведаміў, пасля ён неаднаразова ў гэты дзень мне тэлефанаваў і паведамляў, што знаходзіцца на несанкцыянаваным мітынгу каля стэлы, там прысутнічала шмат людзей і супрацоўнікаў міліцыі, выкарыстоўваліся светла-шумавыя гранаты. З кім ён там знаходзіўся не распавядаў, але прапаноўваў далучыцца да пратэстоўцаў, але я не паехаў".

У судзе сведка адмовіўся ад паказанняў у частцы таго, што Ілля Толкач прапаноўваў далучыцца яму да пратэстоўцаў.

Пасля гэтага суд вывучыў рэчывыя доказы - відэазапіс з мітынгу 9 жніўня. На адрэзку 11.22 бачна, як Ілля Толкач дапамагае выносіць лавачку на праездную частку, пасля чага адыходзіць у бок. 

Судовае пасяджэнне працягнецца 16 лютага ў 10.20 гадзін. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства