viasna on patreon

"Стала непрыемна, адчуваў перажыванні". Судзяць хлопца за абразу начальніка з ГУБАЗіК Бедункевіча

2021 2021-02-03T16:54:55+0300 2021-02-05T10:57:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bedunkevic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да тэхніка-праграміста Аляксея Мачалава, абвінавачанага па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады). Да суду Аляксей знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Паводле абвінавачання, дзявятага лістапада ў 2 гадзіны 5 хвілін, знаходзячыся дома і кіруючыся ганебнымі намерамі, у чаце «Дамброўка-5» абразіў начальніка трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Міхаіла Бедункевіча, напісаўшы "на вул. Галубка жыве адна з галоўных м****й ГУБАЗа Бедункевіч", тым самым прынізіў гонар і годнасць, асабістыя і прафесійныя якасці Бедункевіча.

Міхаіл Бедункевіч
Міхаіл Бедункевіч, mvd.gov.by

Аляксея Мачалава затрымлівалі 25 лістапада і ў той жа дзень пад вечар адпусцілі. Падчас першага допыту супрацоўнікі ГУБАЗіК прымусілі яго прасіць прабачэння на відэа. У наступны раз, калі Мачалаў прыходзіў да следчага, той прапанаваў кампенсаваць маральную шкоду ў памеры 2000 рублёў. Гэтыя грошы сям'я Аляксея пералічыла на рахунак Беларускага дзіцячага хоспіса.

На судзе Мачалаў сказаў, што цалкам прызнае віну і раскаяўся ў зробленым. На судзе ён патлумачыў, што зрабіў гэта, бо ў той момант у яго было цяжкі эмацыйны стан, былі цяжкасці на вучобе. Ён убачыў інфармацыю пра Бедункевіча ў тэлеграм-канале "МотолькоПомоги" і вырашыў напісаць абразу ў чаце раёна.

Суддзя Ала Бушава спытала Мачалава пра тое, што "яго бацькі зрабілі не так, раз ён вырашыў паступіць такім чынам"? На што хлопец адказаў, што гэта "была яго памылка" і ён "не кантраляваў сябе".

Суддзя: Якія высновы вы зрабілі з сітуацыі?

Мачалаў: Неабходна кантраляваць сябе, недапушчальна абражаць супрацоўніка і трэба прыслухоўвацца да таго, што кажуць бацькі.

Суддзя: Ці Думалі аб наступствах?

Мачалаў: Лічыў, што гэта хтосьці ўбачыць, але на гэтым усё скончыцца.

Суддзя: Не аспрэчваеце, што падарвалі гэтым аўтарытэт Бедункевіча?

Мачалаў: Не аспрэчваю.

На ўдакладняючыя пытанні адваката Аляксей паведаміў, што знаходзіцца ў БРСМ, распавёў пра чат, дзе размясціў абразлівае паведамленне. Паводле яго слоў, у чаце «Дамброўка-5» не было радыкальных заклікаў да чаго-небудзь, агрэсіўныя паведамленні выдаляюцца адміністратарам. І, адпаведна, не думаў, што паведамленне выкліча радыкальную рэакцыю.

Пацярпелы Міхаіл Бедункевіч не з'явіўся, як і два сведкі. Яны напісалі хадайніцтва, каб агучылі іх папярэднія паказанні, спаслаўшыся на неабходнасць удзелу ў аператыўных мерапрыемствах на тэрыторыі Мінскай вобласці.

Бедункевіч быў дапытаны 16 лістапада 2020. Ён на службе ў органах унутраных спраў з верасня 1994 года. Жыве на Дамброўцы, вырашыў пашукаць чат раёна. Знайшоў, убачыў, вырашыў вывучыць інфармацыю. Так ён убачыў паведамленне, размешчанае 9 лістапада Мачалавым. У сваіх тлумачэннях, дадзеных падчас следства, Бедункевіч адказваў, што "ніколі не здзяйсняў супрацьпраўных дзеянняў, стала непрыемна і быў засмучаны, адчуваў перажыванні. У органах працую больш за 20 гадоў. Баяўся цкавання дзяцей у школе, крыўдна за нялёгкую службу па супрацьдзеянні экстрэмізму. Было крыўдна, бо чалавек не ведае мяне асабіста".

Былі зачытаныя паказанні сведак Ляйховіча і Вераб'я. Таксама агучылі вынікі лінгвістычнай экспертызы, якія паказалі, што паведамленне з'яўляецца абражаючым гонар і годнасць.

Адвакатка заявіла хадайніцтва аб спыненні справы з прыцягненнем Мачалава да адміністрацыйнай адказнасці. Пракурор Папкоў папрасіў прысудзіць яму паўтары гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Апошняе слова прызначана на 14:10 чацвёртага лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства