viasna on patreon

У студзені мінімум 46 чалавек былі асуджаны па крымінальных палітычных справах (інфаграфіка)

2021 2021-02-01T11:44:29+0300 2021-02-01T12:13:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/naruchniki20.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года актыўна сочыць за крымінальнымі справамі, якія маюць палітычна матываваны характар і якія былі ўзбуджаныя супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў поствыбарчых акцый пратэсту. Па стане на 1 лютага вядома больш за 770 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 217 чалавек з гэтага спісу на дадзены момант з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"

З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, амаль за дзевяць месяцаў у краіне заведзена больш за 1800 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі.

Цягам двух апошніх месяцаў 2020 года, па звестках ПЦ “Вясна”, было вынесена больш за 100 прысудаў па крымінальных справах, звязаных з пратэстамі і іх наступствамі. У студзені 2021 года беларускія суды працягнулі судзіць фігурантаў крымінальных спраў, якія маюць палітычныю афарбоўку. Па звестках праваабаронцаў, цягам студзеня было вынесена мінімум 46 прысудаў па такіх крымінальных справах.

Артыкулы

Больш за ўсё чалавек асудзілі па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – 18. Мінімум 11 чалавек былі пакараныя па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Былі вынесены прысуды па 16 крымінальных справах, узбуджаных па дыфамацыйных артыкулах:

  • за знявагу дзяржаўнай сімволікі па арт. 370 КК – асуджаны 4 чалавекі,
  • за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) – 8 чалавек,
  • за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК) – 4 чалавекі,
  • па артыкуле за паклёп (188 КК) – 2 чалавекі.

Таксама 7 чалавек былі асуджаны па артыкуле аб хуліганстве (арт. 339 КК) - за раскіданыя самарэзы, “абразлівыя” надпісы і “цынічныя” акцыі з пудзіламі міліцыянтаў.

Віды пакарання

Што датычыцца тыпаў пакарання, то большасць (18 чалавек) з 46 асуджаных па “палітычных” справах за студзень былі асуджаны на абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу (“хімія”). Да ўступлення прысудаў у законную сілу асуджаныя будуць знаходзіцца на волі. Сярод асуджаных на розныя тэрміны “хіміі” – былыя палітвязні Дзмітрый Кулакоўскі, Валерый Каленчыц, Юрый Савіцкі, Арцём Вінакураў, Арцём Мядзведскі. У выпадку, калі пасля абскарджвання іх прысуды не змяняцца і яны адправяцца адбываць пакаранне, асуджаныя зноў стануць палітычнымі зняволенымі.

13 чалавек атрымалі розныя тэрміны пазбаўлення волі (12 чалавек – у калоніі агульнага рэжыму, 1 (Віктар Барушка) – у калоніі ўзмоцненага рэжыму). Самыя вялікія тэрміны ў студзені атрымалі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак (5 гадоў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК і 342 КК) і 32-гадовы прадпрымальнік з Мінска Віктар Барушка (5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт. 147 КК).

11 чалавек, па звестках “Вясны”, былі асуджаны на тэрміны ад 6 месяцаў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (“хатняя хімія”). У асноўным “хатнюю хімію” атрымлівалі фігуранты крымінальных спраў па дыфамацыйных артыкулах.

Геаграфія

Праваабаронцам вядома пра наступную колькасць асуджаных па палітычна матываваных справах па рэгіёнах:

  • 23 асуджаных у Мінску (з іх палова прысудаў звязаны з пазбаўленнем волі тэрмінамі ад 1 года да 5 гадоў);
  • 2 – у Мінскай вобласці;
  • 8 чалавек асудзілі па “палітычных” справах у Гарадзенская вобласці (4 чалавекі атрымалі ад 1 да 5 гадоў калоніі);
  • 7 – у Брэсцкай вобласці (4 чалавекі атрымалі тэрміны “хатняй хіміі”, не было прысудаў, звязаных з пазбаўленнем волі);
  • 3 чалавекі былі асуджаны ў Гомельскай вобласці (усе тры прысуды – дзве “хіміі” і адна “хатняя хімія” – вынесены па дыфамацыйных артыкулах);
  • 2 - у Віцебскай вобласці па 2 гады “хіміі” атрымалі Віктар Шаўра і Віталь Шыцікаў па арт. 342 КК.
  • 1 прысуд па Магілёўскай вобласці.


“Вясна” нагадвае, што маніторынг крымінальных палітычна матываваных спраў мае важнае значэння для ацэнкі сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека ў час масавых рэпрэсій, а агалоска такога пераследу можа дапамагчы стрымаць магчымыя фальсіфікацыі і выяўляць працэсуальныя парушэнні  пад час следства альбо суда.

Таму калі вас ці вашых блізкіх затрымалі альбо ўжо асудзілі па крымінальнай справе, якая можа мець палітычную афарбоўку, абавязкова паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства