viasna on patreon

На крымінальным працэсе ў судзе мінчук заявіў пра збіццё ў ГУБАЗіКу для атрымання “патрэбных паказанняў”

2021 2021-01-28T16:08:52+0300 2021-01-28T16:29:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/harlovich_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Першамайскага раёна Мінска разглядае крымінальную справу супраць 30-гадовага Мікіты Харловіча. Яго абвінавачваюць у тым, што ён рыхтаваўся да ўдзелу ў масавых беспарадках і для гэтага вырабіў два кактэйлі Молатава. Яго дзеянні кваліфікавалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 295-3 і арт. 13 ч. 2 арт. 293. Мікіту затрымалі 27 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Курасоўшчыне: у хлопца з сабой былі дзве бутэлькі-кактэйлі Молатава — ён накіроўваўся іх тапіць у тэхнічным вадаёме, але не паспеў. Хлопец на судзе заявіў, што ў аддзяленні ГУБАЗіКа яго збівалі, каб атрымаць "патрэбныя паказанні" для відэароліка. Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч. “Вясна” з дапамогай валанцёраў назірае за судовым працэсам і распавядае пра гэтую справу.

Мікіта Харловіч у судзе. Фота: spring96.org
Мікіта Харловіч у судзе. Фота: spring96.org

У чым абвінавачваюць хлопца?

Мікіта Харловіч абвінавачваецца ў тым, што 27 верасня "знаходзячыся паблізу дома па вул. Казінца, 117 і ў іншых неўстаноўленых месцах па выкананні публічных заклікаў пасля праведзеных выбараў прэзідэнта Беларусі да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках з наступным удзелам у масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады", вырабіў два гаручых прадмета – кактэйлі Молатава, якія захоўваў у сябе ў хляве, а 27 верасня ўзяў іх з сабой і накіроўваўся на пратэст, "аднак злачынства не было даведзена да канца па незалежных ад яго абставінах па прычыне спынення злачыннай дзейнасці супрацоўнікамі органаў МУС".

Хлопца затрымалі ўвечары 27 верасня недалёка ад лесапаласы ў Курасоўшчыне. На месцы супрацоўнікі ГУБАЗіКа знайшлі ў яго ў заплечніку і ў чорным пакеце дзве шкляныя бутэлькі, у горлышкі якіх былі ўстаўленыя кускі тканіны. Па словах хлопца, у момант затрымання ён накіроўваўся тапіць бутэлькі ў тэхнічным вадаёме. Ён кажа, што гэта быў самы бяспечны спосаб пазбавіцца ад іх.

Мікіта Харловіч па ч. 1 арт. 295-3 КК сваю віну прызнае цалкам і раскайваецца, але не прызнае віну па арт. 13 ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса: ён не збіраўся ўдзельнічаць у масавых беспарадках.

Што адбываецца на судзе?

Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Кулеш. Абараняе інтарэсы хлопца Сяргей Кротаў. З 27 верасня Мікіту ўтрымліваюць пад вартай.

«Сведка не з'явіцца, бо баіцца»

Па справе быў заяўлены допыт сведкі Аляксандра Качанава. Гэта знаёмы абвінавачанага. На першы працэс ён не прыйшоў. Па словах суддзі Трусевіча, сведка «не з'явіўся, бо баіцца». На другім працэсе яго дапыталі праз скайп: ён быў у балаклаве і са змененым голасам. Гэты сведка распавёў, што нібы збіраўся падвозіць Мікіту 27 верасня ва Уручча. Апошні раз яны бачыліся за два дні да гэтага. У апошні момант Качанаў не змог паехаць з ім на акцыю пратэста, а Мікіта не захацеў ісці туды адзін. Па словах знаёмага абвінавачанага, Харловіч распавёў яму, што хацеў скарыстацца кактэйялямі Молатава супраць супрацоўнікаў і сказаў, што "50 дзень пратэстаў запомніцца ўсім і назаўсёды".

Знаёмыя стэлефанаваліся і збіраліся сустрэцца. У дзень затрымання Качанаў прыехаў да Харловіча, але яны не паспелі пабачыцца: Мікіту затрымалі. Калі абвінавачаны выйшаў на сустрэчу, а заадно і пазбавіцца ад бутэлек, тады яго і затрымалі. Качанаў бачыў, як затрымліваюць знаёмага, але на судзе сказаў, што не памятае, ці звяртаўся ў праваахоўныя органы з нагоды гэтага.

Падчас допыту Качанаў па пратаколе сцвярджаў, што Харловіч хацеў падарваць супрацоўнікаў. Цяпер на судзе сведка кажа, што ён хацеў кактэйлі кінуць на дарогу або ў супрацоўнікаў міліцыі.

"Канкрэтна пра кактэйлі ён мне не казаў. Але 24 або 25 верасня ён казаў, што “50-ы дзень  [пратэстаў] запомніцца ім назаўжды”.

Са сведкай Мікіта знаёмы каля года, з'яўляюцца з ім “крыху больш, чым знаёмыя", але давяральных адносінаў у іх не атрымалася.

“Не ведаю, што ён цяпер адпрацоўвае перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКа” 

На судзе Мікіта Харловіч заявіў, што гэтыя паказанні сведкі-знаёмага – "поўны паклёп і хлусня":

"Я ніколі не казаў Сашы [Качанаву], што хачу прымяніць дзесць кактэйлі Молатава на нейкіх акцыях пратэсту. Я яму і не казаў, што я вырабляў іх. Аб гэтым гутаркі наогул не ішло. Саша быў затрыманы 9-12 жніўня. І я не ведаю, што ён цяпер адпрацоўвае перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія ён грахі замальвае. Лічу, што гэта заведама ілжывыя паказанні супраць мяне”.

Шэсце ва Уручча было стыхійным

Адвакат пахадайнічаў аб далучэнні да справы скрыншотаў артыкулаў TUT.BY аб тым, што маршрут акцыі ва Уручча быў стыхійны і шэсце туды не планавалася. У 18.54 усе разыходзіліся ўжо пасля Маршу. Каля 19 гадзін былі ўжо адкрытыя ўсе станцыі метро, адпаведна, ніякіх сутыкненняў сілавікаў і пратэстоўцаў не было, былі кропкавыя затрыманні. Харловіч у гэты час знаходзіўся яшчэ дома. Адвакат ставіць пад сумневы паказанні сведкі: не было ніякай інфармацыі пра тое, куды пойдзе натоўп, гэта было стыхійнае рашэнне і заклікаў на Уручча не было. Суддзя далучыў да матэрыялаў справы гэты скрыншот.

“Я падумаў, што было б неразумна, калі б мяне затрымалі ў момант, калі я ішоў іх выкідваць”. Допыт абвінавачанага

Мікіта Харловіч распавядае на судзе, што 27 верасня вырабіў дзве бутэлькі – бачыў, як гэта робіцца ў чаце. Усё рабіў у двары свайго дома і ў хляве. У гэты момант быў вельмі абураны гвалтам сілавікоў. Зрабіў іх, каб выпляснуць назапашаны негатыў.

“Калі вырабляў [кактэйлі Молатава], то думаў пра тое, што іх можна было б кінуць на дарогу. Але я не планаваў ні месца, ні час, ні абставіны выкарыстання”.

Па словах Мікіты, пасля вырабу кактэйля Молатава адна бутэлька трэснула, ён спакаваў яе ў пакеты і перанёс у пад'езд свайго дома.

“Я пачаў сумнявацца ў неабходнасці іх прымяняць і прыйшоў да высновы, што не змагу гэта зрабіць, таму што мне гэта не трэба і гэта можа нашкодзіць. Я падумаў, што трэба выкінуць, але можа адбыцца самападпальванне, таму вырашыў іх ўтапіць ў тэхнічным вадаёме”.

Як распавядае абвінавачаны, да сустрэчы са знаёмым з Качанавым ён дакладна вырашыў, што хоча ад іх пазбавіцца. Каля 19 гадзін вечара 27 верасня ён надзеў куртку на хатнюю вопратку, планаваў зайсці набыць цыгарэты і пайсці ўтылізаваць кактэйлі. Ён выйшаў у пад'езд і зразумеў што з расколіны ўжо пачало смярдзець.

 “Узяў пакеты, выйшаў на вуліцу і накіраваўся, як і збіраўся, да лесапалосы для ўтылізацыі”.

Дома засталіся бацькі, ён дакладна ведаў, што хутка вернецца. Тэлефон не ўзяў, бо “баяўся праслухоўвання”.

“Я падумаў, што было б неразумна, калі б мяне затрымалі ў момант, калі я ішоў іх выкідваць”.

Затрымалі Харловіча ўжо бліжэй да лесапаласы. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа павалілі яго на зямлю і нацягнулі капюшон на галаву – больш ён не бачыў нічога.

Па словах Мікіты, ён сапраўды дамаўляўся з Качанавым, што 27 яны разам паедуць на акцыю пратэсту, але не аб канкрэтным часу. Але, па словах абвінавачанага, ён вырашыў усё ж такі не ехаць на акцыю пратэсту, паколькі яго знаёмы сказаў, што заняты і прыедзе пазней. Харловіч настойвае, што не перапісваўся ні ў якім сакрэтным чаце, пра які кажа Качанаў. 

“Супрацоўнікі ГУБАЗіКа дадалі, што гэта выдатны ролік для прэс-службы" 

У матэрыялах справы фігуруюць відэапаказанні і аўдыёзапісы Мікіты, запісаныя на айфон у аддзяленні ГУБАЗіКа. На судзе Харловіч сказаў, што яны былі "адносна добраахвотнымі".

"На мяне адразу пачалі казаць, што я здзейсніў асабліва цяжкае злачынства. Казалі: "Табе 15 гадоў там [пагражае], на зоне згніеш". Нагняталі. Пасля гэтага мне сказалі: “Давай мы з табой пагаворым, толькі адказвай максімальна праўдзіва на пытанні”. Я пачаў распавядаць…

Пасля гутаркі з аператыўнікамі, яны, мабыць, раззлаваліся чымсьці, пачалі лаяцца і казаць, што я зусім абарзеў, што я "самы разумны". Я глядзеў у падлогу. Мяне ўдарылі ў галаву. У мяне пацямнела ў вачах, мяне працягвалі збіваць. Калі гэта ўсё спынілася, то сказалі: “Утры яму [Харловічу] сліны”. Мне сказалі, што, калі не хачу паўтарэння [збіцця], то я павінен сказаць, што хацеў кінуць бутэлькі на дарогу, каб затрымаць нейкі транспарт, каб яны не патрапілі на працу і пачалі забастоўку. Я быў спалоханы і падаўлены. Я сказаў, што яны прасілі. Я ледзь не плакаў, калі гэта казаў. Гэта ўсё здымалі на мабільны тэлефон. У канцы я ўсё роўна сказаў, што на самой справе было, але яны прыбралі ўжо камеру. Але, мабыць, гэта ім не трэба было. Яны дадалі, што “гэта выдатны ролік для прэс-службы".

Харловіч сказаў, што не звяртаўся нікуды з нагоды збіванняў, бо лічыў гэта марнаваннем часу.

“З жніўня, улічваючы, колькі людзей пацярпела ад дзеянняў сілавікоў, не завялі ніводнай крымінальнай справы, а я тут з двума кактэйлямі Молатава. І каб распачалі па мне крымінальную справу – гэта нешта на грані фантастыкі. І я баяўся, таму нічога не сказаў".

Мікіта распавядае, што ён прасіў на допыт у ГУБАЗіКу прадаставіць яму адваката, але атрымліваў адмовы. Яму казалі, што ён яму цяпер не спатрэбіцца, спатрэбіцца толькі на допыце са следчым.

Таксама Харловічу інкрымінуюць радыкальную перапіску ў тэлеграм-чаце "Мінск 97", што нібы падцвярджае яго намер удзельнічаць у масавых беспарадках, але Мікіта адмаўляе, што ён пісаў гэта. Адвакат выявіў у телеграме карыстальніка дакладна з такім жа нікам, як і ў Харловіча. 

Наступнае паседжанне прызначана на 2 снежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства