viasna on patreon

Прастой тралейбусаў склаў больш за 29 гадзін: другі працэс па "справе карагодаў" у Брэсце

2021 2021-01-27T17:23:54+0300 2021-02-11T12:23:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_brest_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Брэста 27 студзеня працягваецца разгляд крымінальнай справы паводле часткі 1 артыкула 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна. На лаве падсудных цяпер — дзесяць чалавек, сярод якіх і палітзняволеная Марына Глазава, якая пасля двух месяцаў у СІЗА была пераведзена пад хатні арышт.

Суд 27 студзеня. Фота: spring96.org
Суд 27 студзеня. Фота: spring96.org

Каго судзяць і ў чым іх абвінавачваюць?

На лаве падсудных – палітвязняволеная Марына Глазава, Мікалай Федарэнка, Яраслаў Ярашук, Яўген Каўпачык, Віктар Дзенісенка, Віталь Літвін, Максім Жараў, Марына Глазава, Вадзім Варановіч, Аляксей Якубук і Марына Сірацан

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання.

Некаторыя абвінавачаныя, як настаўніца Марына Глазава, цалкам прызналі сваю віну, частку з іх прызналі віну часткова і некалькі чалавек заявілі, што вінаватымі сябе не лічаць. 

На першым працэсе былі дапытаныя сем абвінавачаных. У другі дзень суда – астатнія тры і некаторыя сведкі.

"Магазін "Прадтавары" працаваў, а тыя, якія зачыніліся, напэўна, спужаліся людзей у чорным"

Як піша "Брэсцкая газета", вядучы спецыяліст аднаго з камерцыйных банкаў Вадзім Варановіч кажа, што напярэдадні Маршу прачытаў у тэлеграме, што будзе акцыя пратэсту супраць неправамернай жорсткасці з боку сілавікоў: "Паколькі раней на падобных акцыях ніхто не затрымліваўся, я вырашыў, што мерапрыемства санкцыянаванае". У нядзелю ён прайшоўся з калонай да Машэрава, дайшоўшы да скрыжавання трохі пастаяў у яго межах, паглядзеў хвіліну на танцуючых людзей, паляпаў, потым адышоў да крамы, а неўзабаве быў затрыманы і адпраўлены «на перавыхаванне» ў ІЧУ. Праз трое сутак адбыўся суд, яго прызналі вінаватым па артыкуле 23.34 і аштрафавалі на 30 базавых. Вінаватым сябе Варановіч не лічыць. На ягоную думку, руху грамадскага транспарту пратэстоўцы не перашкаджалі: напрыклад, кіроўца тралейбуса не выказваў жадання праехаць, "яму самому было цікава паглядзець". А што тычыцца парушэння працы павільёнаў, то ён не лічыць, што ў гэтым вінаватыя пратэстоўцы: "Магазін "Прадтавары" працаваў, а тыя, якія зачыніліся, напэўна, спужаліся людзей у чорным".

Інжынер-праграміст Аляксей Якубук знаходзіўся 13 верасня ў раёне рынку, калі ўбачыў калону пратэстоўцаў. Паколькі там усё было мірна, былі сем'і з каляскамі, ён вырашыў далучыцца. У карагодзе ўдзелу не прымаў, не пляскаў, лічыў, што раз на скрыжаванні знаходзяцца машыны ДАІ, то можна бяспечна выйсці на праезную частку. Сваю віну мужчына не прызнае. Актыўных дзеянняў на скрыжаванні ён не прымаў, пра тое, што нейкія шапікі зачыніліся, не ведаў. Паводле яго слоў, у тым месцы, дзе ён стаяў, наколькі яму вядома, грамадскі транспарт не мог ехаць.

Студэнтка Марына Сірацан распавяла, што ў той дзень разам са сваім сябрам паехала з Кавалёўкі ў цэнтр, каб пагуляць. Яны выйшлі на МОПРа і пайшлі ў бок ЦУМа, насустрач ім ішла калона пратэстоўцаў. На скрыжаванні Марына з адным далучыліся да карагоды. Калі прыехаў вадамёт, яны сышлі. Сваю віну Сірацан прызнае цалкам. Да суда яна адправіла лісты з выбачэннямі тым арганізацыям, якім быў нанесены ўрон, і ў іх папрасіла паведаміць ёй нумар разліковага рахунку, на які яна магла б перавесці грошы для кампенсацыі шкоды. Пакуль што ёй адказаў толькі тралейбусны парк. Копіі яе лістоў далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы.

"Прастой тралейбусаў склаў 29 гадзін 32 хвіліны". Допыт сведак

Першай да трыбуны выклікалі супрацоўніцу тралейбуснага парку, якая на падставе дакладной запіскі разлічвала шкоду ад прастою тролебусаў падчас акцыі на скрыжаванні. Па яе словах, прастой тралейбусаў склаў 29 гадзін 32 хвіліны, а шкоду – 619 рублёў 55 капеек.

Пасля яе дае паказанні кіроўца тралейбуснага парка. 13 верасня ён ехаў за рулём тралейбуса "тройкі" з боку Усходу ў бок ЦУМа. На пад'ездзе да скрыжавання метраў за 50 яго спынілі дэманстранты: "Спачатку нейкі малады чалавек сказаў, што пусцяць па першай паласе, я перабудаваўся, а потым сказалі, паўгадзіны будзеце стаяць".

– Як вы зразумелі, што гэта дэманстрацыя, а не аварыя, стыхійнае бедства? – удакладніў суддзя.

– Там былі сцягі. Шар. Апранутыя людзі былі святочна, – адказаў кіроўца. Па зале пракаціўся смяшок.

На пытанне аднаго з адвакатаў, якая атмасфера была падчас дэманстрацыі, кіроўца адказаў: "добрая. Ніякай агрэсіі я не бачыў".

– А хто-небудзь з пасажыраў абураўся? – удакладніў суддзя.

– Аднаго я бачыў. Я так зразумеў, ён ехаў на вакзал, – адказаў кіроўца.

Пачаўся допыт яшчэ аднаго вадзіцеля тралейбуснага парку – жанчыны. 13 верасня яна працавала на восьмым маршруце, ехала з аўтавакзала на Цветатрон і, выязджаючы з прыпынку "Спартшкола" ўбачыла калону, якая ішла з боку крэпасці. Кіроўца паехала за калонай, а перад скрыжаваннем з бульварам спынілася, бо там былі людзі. Ніхто з пасажыраў яе тралейбуса не абураўся, частка пасажыраў выйшлі, астатнія моўчкі чакалі ў салоне.

Выступае яшчэ адна сведка, якая ў верасні мінулага года працавала кіроўцам тралейбуса. У той дзень яна ехала з боку Кобрынскага моста да ЦУМу, але на пад'ездзе да скрыжавання Машэрава і бульвара была вымушаная спыніцца – наперадзе стаяў іншы тралейбус. Падчас вымушанай стаянкі нейкі хлопец прынёс кіроўцу марозіва.

Пасля допыту гэтага сведкі суддзя абвясціў перапынак да 10:30 28 студзеня.

У Брэсце судзяць адразу 10 чалавек па "справе карагодаў". Не ўсе прызнаюць сваю віну

У судзе Ленінскага раёна Брэста 20 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле часткі 1 артыкула 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства