viasna on patreon

Мінск: пачаўся суд над Антонам Валавіком па падзеях 14 ліпеня

2021 2021-01-27T14:05:00+0300 2021-01-27T17:52:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/valavik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Антон Валавік на паседжанні 27 студзеня

Антон Валавік на паседжанні 27 студзеня

Суд Кастрычніцкага раёна горада Мінска пачаў разглядаць справу 23-гадовага Антона Валавіка, якога абвінавачваюць па артыкулах 342 і 364 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае суддзя Вольга Няборская, дзяржабвінавачанне прадстаўляе пракурор Арцём Яўтуховіч.

У справе два пацярпелыя. Гэта міліцыянеры АМАП — 30-гадовы Віталь Самалётаў і 26-гадовы Рыгор Астапук. Самалётаў прыйшоў на паседжанне ў кепцы і балаклаве і хадайнічаў, каб падчас працэсу не вялася фота- і відэаздымка: суддзя задаволіла хадайніцтва.

"Намер пратэсту і здзяйснення дэструктыўнай дзейнасці"

Антона Валавіка абвінавачваюць у тым, што ўвечары 14 ліпеня ён браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і меў намер публічнага пратэсту і здзяйснення дэструктыўнай дзейнасці. Ён далучыўся да групы грамадзян, стаяў у першых шэрагах счэпкі, выкрыкваў лозунгі, а таксама нанёс удары правай нагой супрацоўнікам АМАП: Самалётаву — па руцэ, Астапуку — па галаве. 

"Супрацьстаяў гвалту"

Антон Валавік прызнае віну па 342 артыкулу і не прызнае — па 364. Ён распавеў, што ў той вечар выехаў з сябрамі ў горад. Каля дома-з'езду РСДРП убачыў натоўп, а на тратуары — чалавека, які ляжаў і крычаў. Антон Валавік сказаў, што вырашыў дапамагчы, бо "няправільона біць ляжачага". Ён супрацьстаяў гвалту: сагнуў нагу ў калене, але нікога не чапаў. Абвінавачаны ўдакладніў, што  ўдар пайшоў у бок ад супрацоўнікаў міліцыі. Заклікаў разыйсціся не чуў.  

— З якой мэтай рабілі ўзмах нагой? — запытала суддзя Вольга Няборская.

— Спыніць нанясенне ўдараў чалавеку, — адказаў Антон Валавік.

Пацярпелыя не бачылі Валавіка на месцы здарэння

Віталь Самалётаў расказаў, што 14 ліпеня яны ахоўвалі парадак на несанкцыянаваным мерапрыемстве. Ім паступіла каманда затрымліваць найбольш актыўных, развязалася калатня: падчас масавай бойкі яму нанеслі адзін нязначны ўдар. Адвакат удакладніла, ці не пасля відэа ў Самалётава з'явілася ўпэўненасць, што яго ўдарыў абвінавачаны. Самалётаў прызнаў, што не бачыў Антона Валавіка на месцы здарэння. Прэтэнзій ён не мае, пасля гэтага да лекара не звяртаўся.

Рыгор Астапук распавёў, што ў той дзень падчас калатніны яму сарвалі бярэт і балаклаву. Адзін з удзельнікаў ударыў яго ў спіну, да яго падбег Каліноўскі, ударыў, яны кулём паляцелі на плітку.  

Рыгор Астапук, які праходзіць пацярпелым у справе Антона Валавіка, таксама праходзіў пацярпелым і ў іншай справе, распачатай паводле падзей 14 ліпеня ў Мінску, — справе Яўгена Каліноўскага. Яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса і пакаралі чатырма гадамі пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыма. А таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым АМАПаўцам: Рыгору Астапуку — 1000 рублёў, Алегу Баразнову — 1500 рублёў.

У сувязі з тым, што гэта быў гвалт у адносінах да супрацоўніка міліцыі, ён затрымліваў за злачынства і прымяніў фізічную сілу. Падчас масавай бойкі Валавік ударыў яго па галаве, але на месцы здарэння Астапук не бачыў яго — толькі на відэазапісе. Усяго падчас калатніны Астапук атрымаў больш за дзесяць удараў, пасля гэтага ляжаў у шпіталі, але да абвінавачанага прэтэнзій не мае. Кошт лячэння Астапука ў неўралагічным аддзяленні склаў 2580 рублёў 96 капеек.

"Выяўны паступальны рух"

У судзе разгледзелі відэа інцыдэнта. Пракурор агучыў, што на відэа абвінавачаны падымае правую нагу, якую накіроўвае ў бок супрацоўніка АМАП. Гэта, па яго словах, "выяўны паступальны рух нагой у бок супрацоўніка".

Калатніна каля дома-з'езда РСДРП 14 ліпеня. Антон Валавік —  абведзены. Скрын відэа з тэлеграм-канала Еўрарадыё
Калатніна каля дома-з'езда РСДРП 14 ліпеня. Антон Валавік —  абведзены. Скрын відэа з тэлеграм-канала Еўрарадыё

"Я зрабіў гэта, каб супрацьстаяць гвалту, каб бойка спынілася і ўсе разыйшліся, — пракаментаваў відэа Антон Валавік. — Гэта мой неабдуманы ўчынак. Але там не было нават дотыку, не кажучы пра ўдар і збіццё. Не лічу відэа доказам, але менавіта праз гэтыя дзеянні мяне ўжо паўгады ўтрымліваюць у СІЗА".

Разгляд справы працягнецца 4 лютага ў 10.30. Адбудуцца спрэчкі бакоў.


Мінчук Антон Валавік быў затрыманы ў сябе дома 21 ліпеня ў рамках крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня. Увечары 14 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах краіны прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. У сталіцы ў той вечар было затрымана каля 300 чалавек, многія з іх былі аштрафаваныя і адпраўлены на "суткі" па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП. Акрамя таго, за падзеі 14 ліпеня ў Мінску былі распачатыя крымінальныя справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства