viasna on patreon

Па справе студэнта ў судзе дапыталі 23 сведкі і палітвязня Дапоўнена

2021 2021-01-27T21:52:00+0300 2021-01-28T20:09:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vinakurau_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Савецкага раёна 27 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК супраць 21-гадовага палітзняволенага студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава за заклікі ва ўніверсітэце да страйку. Яго абвінавачваюць у тым, што ён сарваў 26 кастрычніка вучэбныя заняткі, што пацягнула "зрыў навучальнага працэсу і недаатрыманне ведаў студэнтамі БДУІР". У першы дзень суда было дапытана 18 сведак: выкладчыкі і студэнты БДУІР, ахоўнік і бацькі Арцёма. Па іх словах, заняткі былі прыпыненыя на 5-15 хвілін, але прэтэнзіяў ніхто не мае да гэтага. Па абвінавачваннях, Арцём дзейнічаў у групе асобаў — гэтыя людзі неўстаноўленыя, а сведкі даюць розныя паказанні, колькі людзей там было. Арцёма Вінакурава многія пазналі толькі на відэа са спрэчкай з дэканам БДУІР Леанідам Шылінам, якое студэнты выклалі ў інтэрнэт. Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава. "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс.  

Арцём Вінакураў. Фота: dev.by
Арцём Вінакураў у судзе. Фота: dev.by

Хто такі Арцём Вінакураў?

Арцём Вінакураў — студэнт 3 курса факультэта камп'ютэрных сістэм і сетак БДУІР. Паводле звестак МУС, 26 кастрычніка ён разам з іншымі навучэнцамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праходзіў занятак, і пачаў заклікаць да страйку. Пасля таго, як дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Леанід Шылін зрабіў заўвагу студэнтам і папрасіў іх выйсці з аўдыторыі "у яго адрас пасыпаліся абразы і пагрозы". Арцём быў затрыманы раніцай 27 кастрычніка, супраць яго была распачатая крымінальная справа аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса).

Трэцяга снежня Арцём быў прызнаны праваабаронцамі палітычным зняволеным. Да суда Арцём утрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіна.

Сваю віну Вінакураў прызнаў у поўным аб'ёме. Інтарэсы хлопца абараняюць адвакаты Андрэй Балмакоў і Андрэй Доўнар.

Як прайшоў першы дзень суда над палітвязнем?

"Навучальны працэс быў сарваны як мінімум на 10 хвілін". У Мінску судзяць студэнта за заклікі да страйку

Суд Савецкага раёна 26 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК супраць 21-гадовага палітзняволенага студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава за заклікі ва ўніверсітэце да страйку.

На другі дзень суда допыт сведак працягваецца

У першы дзень суда было дапытана 18 сведак. Але з іх паказанняў незразумела: у групе асобаў, сярод якіх быў Вінакураў, было ці то 15 чалавек, ці то 100. Паказанні разняцца і непаслядоўныя. 27 студзеня суд працягвае заслухоўваць сведак па справе палітвязня. 

Выкладчыца БДУІР: Я падыходзіла да навучальнага працэсу стандартна: без забастовак і правакацый

Першай сёння дапыталі выкладчыцу з БДУІР. Яна распавяла, што на яе лекцыю 26 кастрычніка "ўварваўся падсудны, а студэнты аказвалі яму шумавую падтрымку". Па яе словах, у групе было каля 30 студэнтаў, яны зайшлі ў аўдыторыю з двух уваходаў. Усё заняла не больш за 10 хвілін. Выкладчыца распавядае пра дзеянні Арцёма Вінакурава:

"Крычаў, на мой погляд, нарыхтаваныя лозунгі эмацыйнага настрою, заклікаючы да страйку, да якога заклікала і Святлана Ціханоўская".

Студэнты яго падтрымлівалі: апладзіравалі, скандавалі падрыхтаваныя выразы. Але выкладчыца дадала, што яна не памятае шмат чаго, бо была ў шокавым стане.

Тады яна спытала ў студэнтаў, няўжо Святлана Ціханоўская супраць таго, каб студэнты вывучалі гісторыю, але Вінакураў ёй не адказаў. Па яего словах, яна не паспела выкласці ўвесь матэрыял не толькі з-за 10 хвілін, але і з-за звароту да студэнтаў з тэмай, не звязанай з лекцыяй.

Выкладчыца падкрэсліла на судзе, што ўварванне Вінакурава ўразіла яе. Адвакат запытаў, ці негатыўнае, на што выкладчыца сказала:

"Чаму? Гэта было нечаканасцю, я падыходзіла да навучальнага працэсу стандартна: без забастовак і правакацый".

Арцём у зале суда папрасіў прабачэнне ў выкладчыцы за тое, што прынёс нязручнасці ёй.

Наступным дапытваюць яшчэ аднаго выкладчыка БДУІР, у якога 26 кастрычніка была лекцыя па матэматыцы. Яна распавяла, што на пару сапраўды заходзіла група студэнтаў на 5-7 хвілінаў. Яна не памятае, што канкрэтна яны казалі і ці была ў іх сімволіка. Не памятае яна, ці быў сярод іх Арцём Вінакураў. Па яе словах, гэта паўплывала на навучальны працэс: "дзесьці казала хутчэй потым". Па яе словах спрэчкі не было паміж імі:

"Яны да мяне не звярталіся, а звярталіся да студэнтаў. Потым выслухалі мяне і ўсё зразумелі".

Выкладчык пра студэнтаў: Яны былі гатовыя, вось па-вайсковаму

Наступны сведка — выкладчык Аляхновіч. Па яго словах, у аўдыторыю, дзе ў яго былі заняткі, каля 10 гадзін зайшлі студэнты ў чорных масках і сказалі: "Хто супраць гвалту — за мной". 

"І тыя, хто супраць гвалту, — пайшлі за імі".

Гэты выкладчык заявіў на судзе, што заняткі не былі праведзеныя да канца:

"Я лічу, гэта парушэнне грамадскага парадку".

Але ён не змог сказаць, ці быў сярод той групы студэнтаў Арцём Вінакураў. Усе дзеянні занялі 2-3 хвіліны.

"У мяне склалася ўражанне, што яны былі гатовыя, вось па-вайсковаму, па-вайсковаму ўсталі і пайшлі, гэта значыць яны былі гатовыя".

На судзе па справе Вінакурава таксама быў дапытаны загадчык лабараторыі Страковіч — куратар групы БДУІР, дзе навучаўся Арцём. Ён ахарактарызаваў Арцёма як "студэнта, не самага адсталага, як большасць студэнтаў, які меў аўтарытэт сярод аднакурснікаў".

Была дапытаная і яшчэ адна студэнтка БДУІР Цуро — аднагрупніца Арцёма, стараста групы. Яна апісала яго як добразычлівавга і які заўсёды дапамагаў іншым. 26 кастрчніка яна адсутнічала на парах — дазналася пра падзеі таго дня з інтэрнэта.

У судзе былі агучаныя паказанні яшчэ некалькіх студэнтак, якія на суд з'явіцца не змаглі. На судзе ў якасці доказаў быў прагледжаны ролік канфлікту дэкана Леаніда Шыліна і Арцёма Вінакурава.

Страйк лічыў мірным спосабам адстойвання думак студэнтаў. Допыт Арцёма Вінакурава

Пасля допыту ўсіх сведак па справе пракурор прыступіў да допыту палітвязня Арцёма Вінакурава. Ён спытаў, у сувязі з чым 26 кастрычніка студэнты вырашылі сабрацца групай і прайсціся па аўдыторыях. Арцём распавёў, што ўвечары 25 кастрычніка яму ў Telegram напісаў чалавек і прадставіўся прадстаўніком стачкама БДУІР (прозвішча не называе).

"Я чуў пра іх. Былі добрыя рэкамендацыі аб іх дзейнасці, добрыя водгукі. Чалавек сказаў, што бачыў відэа 2018 года, дзе я ўдзельнічаў з гумарэстычнай прамовай — стэндап. Яму спадабалася мая харызма. Прапанаваў выступіць перад студэнтамі. Ён сказаў, што Святлана Ціханоўская і стачкам БДУІР аб'яўляюць страйк, да якой далучыліся выкладчыкі, рабочыя". 

Па словах студэнта, гэты чалавек сказаў, што калі ён таксама супраць гвалту і беззаконня — каб далучаўся. Арцём распавядае, што яму напісалі план: у 9:00 прыйсці ў хол 4 корпусага ўніверсітэта, там будуць збірацца студэнты, калі будзе 20-30 чалавек, то яны самі пойдуць, весці і ўказанні даваць не трэба. Задача — прачытаць тэкст у лекцыйных аўдыторыях №4,104,106,108, 209 і ў 5-м корпусе ў аўдыторыях №513 і 514. Студэнт на судзе распавёў, што перапіску яны выдалілі:

"У гэты ж вечар ён [прадстаўнік стачкаму] сказаў, што пасля таго, як я прачытаю і запомню — усё выдаліць для маёй бяспекі".

На наступны дзень, па словах Арцёма, ён прыйшоў у 9:00 у хол 4-га корпуса. Там ужо сабраліся каля 30 студэнтаў.

"Я дачакаўся 9:10. Убачыў, што натоўп пачаў рух па лесвіцы ўніз на цокальны паверх. Натоўп адкрыў дзверы ў №4. Я выйшаў у цэнтр аўдыторыі. Сказаў тэкст. Натоўп пачаў апладзіраваць. Праз хвіліну натоўп пачаў выходзіць".

У гэтай аўдыторыі ён прабыў не больш за 5 хвілін, выкладчык нічога не сказаў. Арцём адзначае, што ён не памятае, каб у той дзень да іх падыходзілі супрацоўнікі аховы і пра нешта папярэджвалі: яны стаялі і проста глядзелі.

Затым яны накіраваліся ў аўдыторыю №104:

"Натоўп адкрыў дзверы, стаў заходзіць у аўдыторыю. Я зайшоў у цэнтр. Сказаў тэкст. Натоўп пачаў апладзіраваць і пасля гэтага сталі сыходзіць. Там былі выкладчык і студэнты. Выкладчык працягваў нешта пісаць ля дошкі. Ён не быў у поле майго зроку, за спіной. Потым я выйшаў з натоўпам".

Каля аўдыторыі №108 стаяў дэкан Леанід Шылін. Па словах студэнта, ён сказаў ім: "У гэтую аўдыторыю вы не ўвойдзеце".

"Ён увайшоў у аўдыторыю і натоўп зайшоў за ім. Я выйшаў у цэнтр, выказаўся, пасля чаго дэкан Шылін спусціўся бліжэй да мяне і сказаў: "Я прапрацаваў у гэтай установе кучу гадоў. Вы не ўяўляеце іерахію ўлады" — больш не памятаю. Папрасіў нас выдаліцца. Мы выйшлі".

Пракурор пытаецца, чаму Вінакураў ўступіў у палеміку з дэканам. Студэнт тлумачыць у судзе, што гэта было выклікана тым, што група студэнтаў зайшла ў аўдыторыю без яго дазволу, а ініцыятарам палемікі быў сам Шылін. 

"Я яму адказаў у паважлівай форме. Я стараўся не абражаць. Я да ўсіх стаўлюся з павагай".

Таксама Арцём сказаў, што яны пакінулі аўдыторыю, як толькі ім сказаў дэкан. Пракурор адзначае, што дэкан ім даўно казаў гэта зрабіць.

Вінакураў распавёў яшчэ пра некалькі паходаў у аўдыторыі, дзе ўсе дзеянні былі прыблізна аднолькавыя. Іх дзеянні займалі не больш за 10 хвілін. Арцём сказаў, што ў той момант, ён не разумеў, што парушае навучальны працэс — "зразумеў гэта на момант затрымання".

Дзяржабвінаваўца ўдакладняе, у чым жа тады ён прызнае сваю віну, калі на момант здзяйснення дзей ён не разумеў, што перашкаджае вучэбнаму працэсу.

"Я прызнаюся, што зрываў заняткі, паколькі яны нейкі час не праводзіліся. Я разумею, што перарвалася правядзенне заняткаў для выкладчыкаў і студэнтаў. За гэта прашу прабачэння. Наконт забастоўкі — я лічыў яе мірным спосабам адстойвання думак і ідэй студэнтаў адносна іх пытанняў. Уцягванне большай колькасці грамадзян, якія выказваюць гэтую думку, было б рашэннем". 

Арцём Вінакураў у судзе. Фота: dev.by
Арцём Вінакураў у судзе. Фота: dev.by

Суддзя Фёдарава спрасіла, што Арцёма заахвоціла пагадзіцца на прапанову невядомага суразмоўцы.

"У мяне былі станоўчыя водгукі аб стачкаме. Чуў толькі добрае. Я прадстаўніка не правяраў".

Суддзя яшчэ раз спытала, у чым канкрэтна Вінакураў прызнае сябе вінаватым.

"У тым, што перашкодзіў правядзенню заняткаў на час, калі мы заходзілі ў аўдыторыі. Астатняе — не прызнаю. Супрацоўнікі міліцыі за час пакуль мы хадзілі не разу не падыходзілі, і зваротаў ад іх таксама не было".

— Ці прызнаеце вы што вы арганізоўвалі дзеянні, якія груба нарушчаючых грамадскі парадак? — яшчэ раз пытаецца суддзя.

— Паклікаў туды іх не я. Хадзілі не па маёй камандзе. Дзейнічалі па сваёй ініцыятыве, — адказвае абвінавачаны студэнт.

— Вы прызнаеце, што вы вінаватыя ў прыпыненні заняткаў?

— Так.

У тым, што ён "відавочна непадпарадкаваўся законным патрабаванням прадстаўнікоў улады" — Вінакураў не прызнае сябе вінаватым.

У судзе зачыталі пратакол допыту Арцёма ад 28 кастрычніка — на наступны дзень пасля затрымання:

"На нехту не быў падпісаны. Напісаў карыстальнік пад нікам Ліко. Сказаў, што бачыў мае выступы з 2018 года перад аднагрупнікамі. Я здзівіўся: гэтага выступу не было ў публічным доступе. Сказаў, што я харызматычны, і прапанаваў зачытаць тэкст. Я пагадзіўся, так як давяраў "Мірнаму БДУІР" [телеграм-канал]. Таксама ён паведаміў ,якія клавішы націснуць увечары пасля забастоўкі. Сам я да яе далучацца не хацеў. Ужо ў холе да мяне падышоў незнаёмы мне чалавек і сказаў: "Прывітанне, Як справы?" Больш мы з ім не размаўлялі".

Арцём Вінакураў яшчэ раз сказаў, што 26 кастрычніка ў яго не было мэтаў сарваць заняткі — "яны працягнулі пасля таго, як мы сыходзілі".

Суд працягнецца 28 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства