Пракурор запрасіў для Віктара Барушкі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

2021 2021-01-26T17:57:00+0300 2021-01-26T17:57:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/borushko_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

26 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска адбыліся спрэчкі па справе аб нападзе на супрацоўніка АМАПу і прычыненні яму цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Абвінавачаны - 32-гадовы прадпрымальнік Віктар Барушка, які пасля затрымання 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД і на судзе заявіў пра збіццё. З 18 кастрычніка ён знаходзіцца пад вартай. Як паведамляе TUT.BY, пракурор запытаў для яго 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Віктару Барушка 32 гады. У яго вышэйшая адукацыя, да затрымання працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, мае пагашаную судзімасць за злачынства па частцы 1 артыкула 328 КК, здзейсненае каля 15 гадоў таму.

Барушка абвінавачваюць у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці (п. 5 ч. 2 арт. 147 КК, да дзесяці гадоў пазбаўлення волі). З 18 кастрычніка 2020 года ён знаходзіцца пад вартай. У той дзень яго затрымалі на Партызанскім праспекце пасля нядзельнага маршу.

Судовы працэс вядзе Марына Запаснік, дзяржабвінавачанне прадстаўляе Аляксандр Рамановіч, адвакат - Наталля Яфімчык.

Сваю віну Віктар Барушка не прызнаў. Ён настойваў на тым, што 18 кастрычніка ішоў з пратэстнага маршу; калі ўбачыў сілавікоў, пачаў уцякаць. Неўзабаве яго збілі з ног - і разам з байцом АМАПу ён упаў на зямлю. У выніку апошні атрымаў пералом вялікай галёначнай косткі правай нагі, што адносіцца да цяжкіх цялесным пашкоджаннем.

Пацярпелы супрацоўнік АМАПа засакрэчаны. На судзе ён выступае пад несапраўдным імем Івана Волахава. Падчас апытання ў шпіталі ён расказваў, што атрымаў траўму падчас сутыкнення. На судзе заявіў, што абвінавачаны нанёс яму ўдар нагой, што і пацягнула пералом.

Тры месяцы пацярпелы правёў на бальнічным, два з паловай — у гіпсе. Сваю маральную шкоду ён ацаніў у 6 тысяч рублёў, палову з якіх паабяцаў аддаць на дабрачыннасць. Яшчэ 351 рубель пацярпелы "Волахаў" выдаткаваў на лячэнне.

Нягледзячы на тое, што Віктар Барушка сваю віну не прызнаў, яго сваякі пералічылі 3 тысячы рублёў на дабрачынны рахунак дзіцячага дома, таксама яны далі абавязацельства пакрыць маральную шкоду пацярпеламу і выдаткі на лячэнне.

Абапіраючыся на гэта, пракурор Аляксандр Рамановіч запытаў палову ад магчымага максімальнага тэрміну па дадзеным артыкуле - 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

На думку пракурора, віна Віктара Барушкі даказаная ў поўным аб'ёме, ён наўмысна нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні супрацоўніку АМАПу пры ажыццяўленні ім службовай дзейнасці.

Бок абароны выступала ў судзе каля 40 хвілін. На думку адваката Наталлі Яфімчык, у судзе Віктар Барушка даваў паслядоўныя несупярэчныя паказанні - у адрозненні ад пацярпелага. У яго не было намеру нанесці траўму пацярпеламу "Волахаву" - пералом адбыўся ў выніку сутыкнення. Таму, адвакат настойвае, яго дзеянні можна кваліфікаваць як прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці (артыкул 155 КК).

Падчас судовага працэсу Віктар Барушка знаходзіўся ў клетцы. Апошняе слова ён пачаў з клятвы.

— Паклаўшы руку на Новы Запавет, хачу паклясціся, што буду казаць праўду і толькі праўду, як, у прынцыпе, і на папярэдніх пасяджэннях.

Яго голас гучаў упэўнена, але рукі дрыжалі.

— Я бачыў, што перада мной супрацоўнікі АМАПу. Але я суб'ектыўна спалохаўся і, баючыся за сваё жыццё і здароўе, улічваючы, што я бачыў, як затрымліваюць і што адбываецца пасля затрымання, пабег. І, як аказалася, нездарма баяўся, таму што пасля затрымання трапіў у рэанімацыю на 12 дзён. Але, Высокі суд, я хачу данесці да вас самую галоўную думку і стаўленне да ўсяго таго, што адбылося: я ні на секунду не дапускаў думкі або жадання мэтанакіравана і наўмысна нанесці ўдар супрацоўніку праваахоўных органаў, прычыніць якую-небудзь шкоду або цялесныя пашкоджанні, тым больш цяжкія. Маё выхаванне, прынцыпы, погляды, каштоўнасці не дазваляюць мне прычыніць якой-небудзь шкодуы ні аднаму чалавеку, незалежна ад яго прафесіі, веравызнання, грамадзянскаму або супрацоўніку сілавых структур.

Хацеў бы звярнуць увагу на абставіны здарэння і на доказы віны. На мой погляд, не сабрана дастатковай колькасці доказаў, якія пацвярджаюць пазіцыю пацярпелага. І яшчэ раз настойваю: ніякіх удараў я не наносіў, ніякіх матываў не меў. Прадстаўленае бокам абароны відэа сведчыць аб недакладнасці пазіцыі пацярпелага і пацвярджае маю версію, а менавіта: я сапраўды ўцякаў, пасля падсечкі пачаў завальвацца і падаць. Затым мяне паднялі супрацоўнікі міліцыі і адвялі ў аўтазак. Відэа пацвярджае, што ўсё адбылося хутка, імгненна, за долі секунды. І здзейсніць нейкія усвядомленыя актыўныя дзеянні ў выглядзе нанясення цэнтраванага ўдару я не мог. Але дапускаю, як і казаў раней, што такое магло адбыцца па не залежных ад мяне прычынах.

У канцы Віктар Барушка звярнуўся да родных і сяброў, якія прысутнічалі ў зале. Гэтыя словы яму даліся найбольш цяжка - і не без слёз.

—  Я ведаю, як вы перажываеце і колькі я вам даставіў клопатаў. Я хацеў бы папрасіць прабачэння за ўсе вашы перажыванні і пакуты. Хачу звярнуцца да сваіх бацькоў. Я вас не падвёў, вам няма чаго саромецца альбо дакараць сябе за хібы ў выхаванні. Як вы мяне і вучылі, укладвалі прынцыпы маралі і маральнасці, чалавечыя каштоўнасці, якія вы мне з пялёнак прышчаплялі "не крадзі, не забі, не нашкодзь блізкаму свайму" я не парушыў. Я вас вельмі люблю. Вы можаце працягваць мной ганарыцца. Хачу сказаць вялікі дзякуй брату і яго сям'і, маёй будучай жонцы і нашаму маленькаму хлопчыку. Дзякуй усім медыцынскім работнікам бальніцы хуткай дапамогі за тое, што яны паставілі мяне на ногі і вылечылі. Вялікі дзякуй медыцынскім работнікам турмы № 8 Жодзіна і ўсім неабыякавым людзям, якія аказвалі мне падтрымку да і пасля гэтых падзей.

Высокі суд, вы, напэўна, не раз чулі словы і фразы, што мой лёс — у вашых руках. Прашу ўсебакова разабрацца і вынесці справядлівы вердыкт. Хачу, каб будынак суда, у якім мы зараз знаходзімся, нездарма называлася домам правасуддзя.

Прысуд суддзя Запаснік абвесціць 27 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства