У Мастах судзяць мужчыну за акцыі з пудзіламі ў міліцэйскай форме, трунамі, БЧБ-сцягамі на дрэвах

2021 2021-01-21T15:15:25+0300 2021-01-21T15:19:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/carevich_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці 21 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віктара Царыкевіча па абвінавачванні па ч. 1 і 2 арт. 339 (Хуліганства і злоснае хуліганства) і 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Мужчыну абвінавачваюць у правядзенні серый "цынічных" акцый у верасні-кастрычніку: размалёўванне прыпынкаў у Мастоўскім раёне, нанясенні на дрэвах БЧБ-сцягоў, развешванні на іх пудзілаў у міліцэйскай форме і размяшчэнні таблічак у выглядзе рытуальных надмагілляў, а таксама труны з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі. Справу разглядае суддзя Віталь Сініла. Аднак, што адбываецца на судзе, — невядома, так як праваабаронцу "Вясны" для маніторынгу гэтага працэсу не пусцілі нават у будынак суда. Расказваем, што вядома па справе.

Віктар Царыкевіч. Фота: spring96.org
Віктар Царыкевіч. Фота: spring96.org

Каго судзяць і за што?

На лаве падсудных — Віктар Царыкевіч. Ён знаходзіцца пад вартай.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў жніўні мінулага года размясціў у адным з тэлеграм-чатаў "непрыстойны, прыніжальны гонар і годнасць каментар" пад фатаграфіяй старшыні Мастоўскага райвыканкама Юрыя Валеватага. Яго дзеянні кваліфікавалі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Санкцыя гэтай нормы не прадугледжвае пазбаўленне волі. 

Таксама паводле абвінавачвання, Віктар Царыкевіч у верасні-кастрычніку правёў цэлую серыю акцый, якія, на думку пракуратуры, «адрозніваліся па сваім змесце выключным цынізмам»:

  • нанёс бел-чырвона-белыя лініі на дарозе паблізу вёсак Савінка, Заполле і аграгарадка Дубна Мастоўскага раёна;
  • «павесіў пудзілы ў міліцэйскай форме і ўчыніў надпісы» пад навесамі прыпынкаў «Мікелеўшчына», «Дубна» і «Чарлёна»;
  • у лесе паміж горадам Масты і аграгарадком Масты Правыя намаляваў на 33 дрэвах БЧБ-сцягі, у полі расставіў таблічкі ў выглядзе рытуальных надмагілляў "з надпісамі, якія дэманструюць грэбаванне да дзяржаўнага парадку кіравання", а побач з таблічкамі паставіў труну з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі.

Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства і злоснае хуліганства). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі да шасці гадоў. 

Фота: прэс-служба МУС
Фота: прэс-служба МУС

Чаму ў суд не пусцілі праваабаронцу?

Ажыццяўляць маніторынг гэтага судовага працэсу планаваў праваабаронца "Вясны" Аляксандр Вайцешык, аднак яго не пусцілі нават у будынак суда, спасылаючыся на эпідэміялагічную сітуацыю ў сувязі з СОVID-19.

"За адну гадзіну да працэсу я прыехаў у суд Мастоўскага раёна на адкрытае судовае пасяджэнне Віктара Царыкевіча. Аднак галоўны ўваход суда быў зачынены наогул. Вісела аб'ява, што ўваход са двара, але там дзверы таксама былі зачыненыя на замок. Калі я пастукаў, то супрацоўнік міліцыі старшы сяржант Краўчык сказаў, што ў яго распараджэнне прапускаць толькі ўдзельнікаў працэсу і толькі па спісе. Я папрасіў кнігу заўваг і прапановаў, тады выйшла вядучая спецыялістка Кацярына Карпук і сказала, што падумае да 11 гадзін, што з намі рабіць.

У 11:00 мяне, сваякоў Віктара і ягоных сяброў — усіх 10 чалавек — не пусцілі ў суд, спаслаўшыся на СОVID-19.

Я напісаў скаргу на гэта ў кнігу заўваг і прапаноў. Яе падпісала ўся група падтрымкі. Адзін з сяброў Віктара патэлефанаваў на тэлефон даверу ў Вярхоўны суд. З ВС патэлефанавалі ў суд Мастоўскага раёна і сказалі, што нас не ўпусцілі, бо "мы прыйшлі ў балаклавах, без масак і без пальчатак".

Па сутнасці, судовае пасяджэнне ў дачыненні да Царыкевіча праходзіць у закрытым рэжыме. Праваабаронцы вымушаныя канстатаваць, што суд не выконвае прынцып галоснасці пры разглядзе гэтай справы", — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца "Вясны" Аляксандр Вайцешык.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства