viasna on patreon

Абвінавачаны па справе аб нападзе на амапаўца: "Білі, засоўвалі дубінку ў д*пу"

2021 2021-01-20T15:10:01+0300 2021-01-20T15:10:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/borushko_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

У судзе Ленінскага раёна Мінска 19 студзеня пачаўся суд па справе аб нанясенні цялесных пашкоджанняў супрацоўніку АМАПу, паведамляюць naviny.by.

32-гадовага Віктара Барушку абвінавачваюць у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці (п. 5 ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса, максімальнае пакаранне - дзесяць гадоў пазбаўлення волі). З 18 кастрычніка Барушка знаходзіцца пад вартай.

Судовае пасяджэнне вядзе Марына Запаснік, дзяржабвінавачанне прадстаўляе Аляксандр Рамановіч, адвакат - Наталля Яфімчык.

У Барушкі вышэйшая адукацыя, ён індывідуальны прадпрымальнік. Ёсць пагашаная судзімасць за злачынства, здзейсненае каля 15 гадоў таму.

Калі ён расказваў аб тым, што з ім было пасля затрымання, плакалі ўсе, хто знаходзіўся ў зале ў якасці слухачоў. У бацькі падсуднага вырваўся вокліч болю.

Тры гадзіны на ўтойванне асобаў

У суд паступіла заява пацярпелага і сведак аб невыдаванні інфармацыі аб іх асобах. У пачатку судовага паседжання дзяржабвінаваўца Рамановіч хадайнічаў аб перапынку ў судзе для прыняцця судом рашэння аб магчымасці прымянення мераў бяспекі да пацярпелага і сведак.

Суддзя Запаснік абвясціла перапынак "для азнаямлення з матэрыяламі па забеспячэнні бяспекі пацярпелага і сведак па крымінальнай справе".

Пасля трохгадзіннага перапынку было абвешчана рашэнне аб абароне асабістых дадзеных сведак і пацярпелага. Усе яны былі ў балаклавах. Разам уваходзілі і выходзілі з будынка суда. Балаклавы не здымалі нават на вуліцы.

borushko_sud1.jpg
Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

Версія абвінавачвання: ударыў "целам у цела і нагой у нагу"

Паводле версіі абвінавачвання, Віктар Барушка 18 кастрычніка 2020 года ўдзельнічаў у акцыі пратэсту на Партызанскім праспекце ў Мінску. Супрацоўнікі АМАПу спрабавалі яго затрымаць, ён аказаў супраціў аднаму з іх і ўжыў у дачыненні да яго гвалт, а менавіта ўдарыў "целам у цела і нагой у нагу".

У выніку супрацоўнік АМАПа Іван Волахаў (у судзе пацярпелы праходзіў пад змененым імем) атрымаў пералом вялікай галёначнай косткі правай нагі. Гэта цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх, што пацверджана заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, праведзенай спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Падсудны: "Адчуў, што мне зрабілі падсечку справа ззаду. Упаў і ўбачыў берац сілавіка"

Барушка не прызнаў віну. Ён распавёў, што ў раёне велазавода на Партызанскім праспекце ішоў з нядзельнага маршу, куды ходзяць "нязгодныя з дзеючай уладай людзі, каб паказаць, што яны ёсць".

Калі ўбачылі сілавікоў, усе пачалі ўцякаць.

"Я пачаў уцякаць, баяўся за сваё жыццё, ратаваўся. Адчуў, што мне зрабілі падсечку справа ззаду. Упаў і ўбачыў берац сілавіка. Я ўпаў на спіну, супрацоўнікі паднялі мяне за выцягнутыя рукі", - распавёў Барушка.

Далей яго адвялі ў аўтазак, дзе было шасцёра мужчын у трохмеснай камеры, забралі тэлефон, гадзіннік. Паехалі, потым раптам спыніліся:

"Сілавікі пачалі шукаць чалавека ў сіняй куртцы. Пазней мяне апазнавалі па сіняй куртцы яшчэ шэсць разоў. Потым мяне пазначылі - лоб, рукі і байку размалявалі чырвонай фарбай з балончыка. Потым усіх выпусцілі, а мяне, як я потым даведаўся, прывезлі ў Ленінскі РУУС. Адвялі на допыт, сказалі, што ў іх ёсць відэа маіх удараў у дачыненні да міліцыянта. Я папрасіў адваката. Спыталі на камеру імя і прозвішча, ці ёсць пытанні і прэтэнзіі да супрацоўнікаў міліцыі. Адказаў, што няма".

Далей у памяшканне, дзе ён знаходзіўся, зайшоў хлопец у масцы, Барушку надзелі мяшок на галаву.

Суддзя перапыніла Барушку: "Калі прэтэнзіі да АМАПу, гэта іншы суд".

Аднак Барушка дарасказаў - яго трымалі ў нейкім памяшканні, падобным на душавую:

"Білі, дубінку ў дупу засоўвалі. Пасля гэтага я правёў 12 дзён у рэанімацыі БХМД. Ногі былі такія апухлыя, што не мог зняць джынсы. Калі мяне білі, я аберагаў левую нагу. Мне мянялі звязкі на левай назе, я не мог ёю ўдарыць".

Адказваючы на пытанне, чаму ён не пісаў скаргу, Барушка сказаў, што паколькі да гэтага часу не ўзбуджаная ніводнай крымінальнай справы па фактах неправамерных жорсткіх дзеянняў сілавікоў, не бачыць у гэтым сэнсу.

Барушка не выключае, што нага Волахава была пашкоджана ў выніку іх сутыкнення. Аднак настойвае, што наўмысна не біў супрацоўніка АМАПу.

Сведка Святлана Раманава пацвердзіла словы Барушкі ў частцы таго, што адбылося сутыкненне, прычым менавіта супрацоўнік АМАПа ўпаў на абвінавачанага, зрабіўшы таму падсечку правай нагой.

"Гэта нагадвала падсечку ў амерыканскім футболе", - сказала Рамановіч.

"Я тры месяцы правёў на бальнічным"

У супрацоўніка АМАПу Івана Волахава іншая версія.

18 кастрычніка ён атрымаў загад затрымаць удзельнікаў акцыі каля велазавода на Партызанскім праспекце. Паводле яго слоў, Барушку спрабавалі затрымаць і раней, але не змаглі. Ён пабег насустрач Барушку, які, па словах супрацоўніка АМАПу, ударыў яго левай нагой. Волахаў адчуў моцны боль, потым высветлілася, што ў яго адбыўся пералом вялікай галёначнай косткі правай нагі. Мужчыны ўпалі разам на зямлю.

Ён настойвае, што пазнае ў абвінавачаным чалавека, які яго ўдарыў, "па вачах". Ён упэўнены, што Барушка спецыяльна ўдарыў яго.

Цікава, што, згодна з матэрыяламі справы, пры апытанні ў бальніцы Волахаў паведаміў медыкам, што атрымаў траўму падчас сутыкнення з чалавекам. На судзе ён адмовіўся ад гэтых слоў.

Валохаў настойваў, што пацярпеў і маральна, і матэрыяльна:

"Я тры месяцы правёў на бальнічным, два з іх у гіпсе, перажываў за сяброў і таварышаў, якія працавалі".

Волахаў просіць суд абавязаць абвінавачанага кампенсаваць яму маральную шкоду ў памеры 6 тысяч рублёў, палову з якіх абавязваецца аддаць на дабрачыннасць, а таксама выдаткі на лячэнне ў памеры 351 рубля.

borushko_sud2.jpg
Віктар Барушка ў судзе. Фота Сяргея Сацюка / naviny.by

У якасці сведак у судзе дапыталі трох супрацоўнікаў АМАП.

Сведка Глеб Хоміч (імя змененае) пазнаў Барушку па ўсё той жа ярка-сіняй куртцы.

На папярэднім следстве Хоміч казаў, што бачыў сутыкненне пацярпелага і падсуднага, а на судзе ўжо настойваў, што бачыў удар. Якой нагой ударыў падсудны супрацоўніка АМАПу, Хоміч не памятае.

Іншы сведка-амапавец казаў, што куртка на падсудным была цёмная, не яркая. Заявіў, што не бачыў удару і што адбылося наўмыснае сутыкненне збоку.

Трэці сведка Максім Сыско (імя змененае) апісаў нападніка як мужчыну ў сіняй куртцы. Ён не бачыў самага сутыкнення.

Звярнула на сябе ўвагу, што ўсе супрацоўнікі АМАП, якія давалі паказанні ў судзе ,падкрэслілі, што не арыентуюцца ў Мінску, не ведаюць вуліц сталіцы.

У судзе абвешчаны перапынак да 10 раніцы 20 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства