Палітвязень Валерый Каленчыц: "Дапамаглі выкаціць камень"

2021 2021-01-19T13:49:03+0300 2021-01-19T13:59:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/puskinskaja_10.08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мінск, раён метро Пушкінская, 10 жніўня. Фота: Белсат

Мінск, раён метро Пушкінская, 10 жніўня. Фота: Белсат

19 студзеня суд Кастрычніцкага раёна горада Мінска пачаў разглядаць справу палітзняволенага Валерыя Каленчыца, яго абвінавачваюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса

Справу разглядае суддзя Алена Жывіца.

Палітвязня абвінавачваюць у тым, што дзясятага жніўня ён з групай асобаў наўмысна перашкаджаў руху грамадскага транспарту, загадзя гэта спланаваўшы. Згодна з абвінавачаннем, ён таксама не падпарадкаваўся неаднаразовым патрабаванням супрацоўнікаў праваахоўных органаў і парушыў закон Аб масавых мерапрыемствах. Па гэтай жа справе яго сябра, былога палітвязня Арцёма Мядзведскага, прызналі вінаватым і прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").

Каленчыц пазнаў сябе на фотаздымку, дзе ён з іншымі людзьмі цягне камень на вуліцы Прытыцкага, і часткова прызнаў віну. Сказаў, што не заклікаў і не выкрыкваў лозунгаў. Дзясятага жніўня ён быў дома з сям'ёй (жонкай і аднагадовым дзіцёнкам), калі яму патэлефанаваў сябра Арцём Мядзведскі і пазваў гуляць. Яны сустрэліся на Пушкінскай, назіралі за падзеямі, а потым адгукнуліся на просьбу іншых людзей і дапамаглі выкаціць камень. Далей яны стаялі ў баку і назіралі цягам прыкладна двух гадзін. Валерый адзначыў, што разумеў, што мерапрыемства несанкцыянаванае. На пытанне суддзі, ці прытрымліваўся ён правіл дарожнага руху, калі пераходзіў цераз дарогу да кінатэатра, адказаў адмоўна. Але адзначыў, што рухаўся з натоўпам па тратуары. Таксама суддзя запытала, чаму палітзняволены не пайшоў дадому і ці не было яму страшна. Валеры адказаў, што страшна за сябе не было, пра сям'ю на той момант не падумаў, цяпер раскайваецца ва ўчынку.

Пасля пытанняў адвакаткі палітвязень удакладніў, што быў цвярозы, іншыя прадметы, акрамя каменя, не чапаў, заклікаў разыйсціся не чуў.

Абвінавачанне заняло два тамы, дзе падрабязна пералічваліся вуліцы, палосы руху, кусты, аскепкі, сляды... Сведкі абвінавачання Лісіцкі і Шарапкоў не з'явіліся на паседжанне.

Разгляд справы працягнецца 21 студзеня ў 10.30.


Валерый Каленчыц працуе сантэхнікам, па адукацыі зваршчык. Быў затрыманы ранкам 16 кастрычніка ў сябе дома. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства