viasna on patreon

Праваабаронцы заклікалі Спецдакладчыкаў ААН умяшацца ў сітуацыю жанчыны з эпілепсіяй

2021 2021-01-14T13:41:41+0300 2021-01-14T14:34:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy-minska-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да Спецыяльных дакладчыкаў ААН наконт сітуацыі з Людмілай Паўлоўскай: жанчыну, якая хварэе на эпілепсію, пакаралі 25 суткамі арышту.

Праваабаронцы заклікалі да ўмяшальніцтва Спецдакладчыкаў па пытаннях па свабодзе выказвання меркаванняў, здароўю, катаваннях, інваліднасці, а таксама Спецдакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

Суддзя Фрунзенскага суда Вікторыя Крэпская пакарала Людмілу Паўлоўскую 25 суткамі арышту 21 снежня. У жанчыны — эпілепсія, чарговы прыступ здарыўся пры затрыманні, але на гэта ніхто не звярнуў увагі.

Жанчыну з эпілепсіяй пакаралі 25 суткамі арышту

На паседжанні 21 снежня не было адваката, але шэраг супярэчнасцяў заўважны і без яго.

Ад дзяўчат, якія адбывалі арышт з Людмілай, стала вядома, што да адвольнага затрымання і вялікага тэрміну зняволення дадаліся жорсткія ўмовы ўтрымання жанчыны. 

Так, дакладчыку па катаваннях паведамілі, што калі ў Людмілы здарыўся эпілептычны прыступ падчас затрымання, супрацоўнікі не прынялі мераў, каб палегчыць яе пакуты і перадухіліць наступствы, не выклікалі хуткую дапамогу. Яны пасмяяліся з яе, назвалі "неадэкватнай" і "наркаманкай". 

Зараз да Людмілы не пускаюць сваякоў і адваката. Лекар аглядзеў яе толькі на трэці дзень падчас этапавання. Па сведчаннях тых, хто быў з ёй у камеры, калі ў яе здарыўся другі прыступ, медык аглядзеў яе, зрабіў укол, аднак сказаў, што калі гэта не дапаможа, будзе патрабавацца "хуткая". Таблеткі, якія Людміла мусіць ужываць пастаянна, перадалі ёй толькі праз дзесяць дзён пасля затрымання. 

У звароце да спецдакладчыкаў праваабаронцы таксама адзначылі, што людзі, якія зараз выходзяць з няволі, маюць сімптомы каронавіруса і станоўчыя вынікі тэста на COVID-19. Няма магчымасці праверыць колькасць і якаснасць медыцынскай дапамогі ў месцах зняволення, аднак ёсць усе падставы меркаваць, што іх недастаткова для таго, каб людзі былі здаровыя — гэта пацвярджаюць тыя, хто выходзіць пасля арыштаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства