viasna on patreon

Наваполацк: судзяць “арганізатараў” групавых дзеянняў, якія парушылі грамадскі парадак Дапоўнена

2021 2021-01-13T15:31:23+0300 2021-01-14T08:25:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/navapolacki-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наваполацкі гарадскі суд

Наваполацкі гарадскі суд

У судзе горада Наваполацка 13 студзеня працягваецца разгляд крымінальнай справы Віктара Шаура і Віталя Шыцікава, якіх абвінавачваюць у арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Працэс вядзе намеснік старшыні Наваполацкага суда Віталь Лапко.

Віктар Шаура быў затрыманы ў Наваполацку ўвечары 10 жніўня. 13 жніўня яго маці патэлефанаваў следчы з Віцебска і паведаміў, што яе сыну выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ, якое пазней было перакваліфікаванае на больш жорскі артыкул. У кватэры Шауры прайшоў ператрус. Ён быў прызнаны палітычным зняволеным, пазней выпусцілі пад падпіску. Яшчэ адзін фігурант справы Віталь Шыцікаў таксама знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Віктар Шаура. Фота з сацыяльных сетак.
Віктар Шаура. Фота з сацыяльных сетак.

З матэрыялаў следства вядома, што Віктар Шаура разам з Віталём Шыцікавым і іншымі неўстаноўленымі асобамі вечарам 10 жніўня прынялі актыўны ўдзел ў групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак…разам з іншымі рухаліся па праезнай частцы вуліцы Маладзёжнай, ішлі наперадзе групы грамадзян, на забаронены сігнал светлафора, перакрывалі рух транспарту,  гучна крычалі “Жыве Беларусь!”, “Ганьба”, “Позор”, “Уходіте!”, пляскалі ў далоні, нецэнзурна лаяліся ў бок прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

13 студзеня ў судзе адбыўся допыт сведкаў па справе з боку абвінавачання.

Сведка Аляксандр Піскуновіч паведаміў суду, што ў той дзень, 10 жніўня, быў прыцягнуты у складзе экіпажа ДАІ да выканання задачы па аўтапатруляванні тэрыторыі. Ен працуе ў аўташколе “Светлафор” кіроўцам. Прысутнічаў пры затрыманні Шаура.

Сведка Саковіч І. – супрацоўнік ДАІ – патруляваў месца правядзення масавага мерапрыемства. Агрэсіі з боку пратэстоўцаў не ўбачыў. Экіпаж некалькі разоў пакідаў аўтамабіль, які быў пашкоджаны. Сведка мяркуе, што гэта ад светлашумавой гранаты.

Яшчэ адзін сведка Букіш, які з’яўляецца сваякам другога абвінавачанага Віталія Шыцікава, пад час следства даў паказанні, што Шыцікаў заклікаў пратэстоўцаў да актыўных дзеянняў, заводзіў натоўп словамі, вёў наперад.

На судзе 13 студзеня даў іншыя паказанні, што такога не было, маўляў у яго трэцяя група інваліднасці, ён разумова адсталы і таму блытаецца ў сваіх паказаннях.

Віктар Шаўра ў судзе прызнаў, што размяшчаўся і рухаўся па праезнай частцы, крычаў “Жыве Беларусь”. Не прызнаў, што выкрыкваў нецэнзурную лаянку ў бок міліцыі, правакаваў і грэбліва кінуў у бок міліцыі недакурак.

Наступнае судовае паседжанне прызначанае на 10-30 14 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства