Маці палітвязня Арцёма Саўчука: "Сын радаваўся, што людзі сталі ўсміхацца адзін аднаму”

2021 2021-01-13T10:39:50+0300 2021-01-13T10:43:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sauchuk_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на 13 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 178 чалавек. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. 30-гадовага праграміста Арцёма Саўчука затрымалі 17 жніўня 2020 года. Яму прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Яго мама Тамара Аляксандраўна і тата Андрэй Васільевіч распавялі пра захапленні і характар сына.

Апошнія дзесяць гадоў Арцём жыве ў Польшчы: скончыў Кракаўскі політэхнічны ўніверсітэт і працуе праграмістам па спецыяльнасці. Гэтым летам вырашыў падчас свайго адпачынку прыехаць у Беларусь пабачыць родных і пабываць на вяселлі аднакласніка.

— Звычайна Арцёма хвалявала, што як толькі перасякаеш мяжу пры вяртанні дадому, людзі вакол хмурныя і не ўсміхаюцца, — кажа мама Арцёма Тамара Аляксандраўна. — Але толькі не гэтым летам: сын быў рады, што людзі на вуліцах у жніўні 2020 года сталі ўсміхацца адзін аднаму. У яго нават з'яўляліся думкі вярнуцца ў Беларусь. Ён ўсведамляе, што дзе б ні пасяліўся, дома ўсё роўна будзе лепш. Хоць падарожнічаць ён вельмі любіць: ездзіў з сябрамі па Аўстрыі, Германіі, а нядаўна яны на яхце перасеклі Міжземнае мора.

Выклікі і мары

Ставіць сабе мэты і нават выклікі — цалкам у стылі Арцёма. Яму цікавы працэс дасягнення вяршыняў. Калі дасягнуў мяжы і дасканаласці ў адным з кірункаў працы, пераходзіць на новы ўзровень. Яго дапытлівасць і таварыскасць сфармавалі некалькі пастаянных захапленняў — сноўборд, баскетбол і аўтамабілі.

— У Польшчы ён гуляе ў аматарскай баскетбольнай лізе, — кажа ягоны тата Андрэй Васільевіч. — Яны ездзяць на матчы па ўсёй краіне. Ездзіць Арцём больш за ўсё любіць на БМВ, машыны гэтай маркі — яго захапленне. Нядаўна мы знайшлі ў хатнім архіве старую фатаграфію, на якой Арцём, тады яшчэ школьнік, стаіць у старой БМВ — у гэтай любові апынуліся сур'ёзныя карані. Першыя свае грошы ён выдаткаваў на куплю машыны гэтай маркі, потым мяняў на больш сучасныя мадэлі. Ён любіць не толькі карыстацца ёй, але і ўнікаць у прыладу, абслугоўванне. Таму, прыехаўшы на ёй у свой адпачынак гэтым летам, узяў з сабой фільтры, масла, хацеў і тут абслугоўваць машыну сам разам з бацькам.

З аўтамабілем звязаная і мара Арцёма: ён хацеў прыехаць у Беларусь на машыне і адвезці бабулю і дзядулю на лецішча.

— Ён ведаў, як складана ездзіць з торбамі па цягніках, таму вельмі хацеў дапамагчы, — усміхаецца Тамара Аляксандраўна. — Гэтым летам сын і нам дапамагаў з рамонтам — такі ён па характары: добры, адказны. Калі нешта пачынае, даводзіць да канца. Прычым на дзесяць з дзесяці балаў — ўедлівасць ў яго — ў тату.

А калі сям'я прыязджала пагасціць да Арцёма ў Кракаў, ён ладзіў ім цэлую экскурсійную праграму, якую рыхтаваў самастойна: вазіў родных па мясцовасці: Кракаву, саляным шахтам, у горы да возера Чорнае вока.

Перадачы — два разы на тыдзень

Гэтак жа, як і ў многіх, жыццё сям'і Арцёма, падзялілася на да і пасля жнівеньскіх падзей. 17 жніўня малады чалавек проста знік — і ні ДАІ, ні РУУС не давалі ніякай інфармацыі, хаця маці падала заяву аб знікненні чалавека. На наступны дзень сям'і патэлефанаваў следчы і сказаў аб тым, што Арцём затрыманы і знаходзіцца на Акрэсціна.

— З таго часу, як мы даведаліся, дзе ён знаходзіцца, мы носім перадачы два разы на тыдзень, — кажа бацька Арцёма. — Гэта добры спосаб лішні раз нагадаць яму пра нашу падтрымку. Мы збіраемся на сямейным савеце і з дакладнасцю да грама абмяркоўваем, што перадаць: восем перадач — гэта 3,75 кг на кожную, таму ўвесь час трэба сябе абмяжоўваць. Як спраўляемся? Падтрымліваем адзін аднаго.

sauchuk_1.jpg
Арцём з сям'ёй у 2011 годзе

Тамара Аляксандраўна дадае: паколькі сітуацыю змяніць нельга, трэба зрабіць у ёй нешта карыснае для сябе і блізкіх.

— Таму з дапамогай гліцыну і аўтатрэнінгу трэба спадзявацца, што праўда пераможа. А каб нядобрыя думкі не лезлі ў галаву — канцэнтравацца на працы і бытавых пытаннях. Толькі спаць цяжка…

Арцём таксама канцэнтруецца: на падтрымцы, кнігах, шахматах і ўпэўненасці. У лістах ён кажа: усё будзе добра, і праўда абавязкова пераможа.

Адрас для лістоў Арцёму: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства