viasna on patreon

Парвала міліцыянту куртку. У Брэсце судзяць дзяўчыну за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АУС

2021 2021-01-06T15:57:32+0300 2021-01-06T15:58:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polyakova_u9.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна Брэсця 6 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса супраць 29-гадовай Дар'і Паляковай за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Дзяўчыну абвінавачваюць у тым, што яна парвала куртку брэсцкаму міліцыянту Аляксею Гарунову. Акрамя таго, яе абвінавачваюць, што яна гэта зрабіла "з помсты за выкананне міліцыянтамі службовых абавязкаў". Кошт курткі – 104 рублі 50 капеек. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна, паведамляе "Брестская газета".

Дар'я Палякова ў судзе. Фота: spring96.org
Дар'я Палякова ў судзе. Фота: spring96.org

У чым вінавацяць дзяўчыну?

Паводле абвінавачвання, днём 25 кастрычніка мінулага года на вуліцы Савецкай у Брэсці Палякова, з'яўляючыся ўдзельніцай несанкцыянаванай акцыі пратэсту, падчас затрымання іншага ўдзельніка акцыі Аляксандра Сахарука здзейсніла злачынства, якое падпадае пад артыкул 364 КК "Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў". "З помсты за выкананне міліцыянтамі службовых абавязкаў" яна гучна крычала і выказвала незадаволенасць праз затрыманне Сахарука, ужыла ў дачыненні да міліцыянта Аляксея Гарунова гвалт, "прычыніла яму фізічны боль і пабоі" і парвала форменную куртку коштам 104 рублі 50 капеек – калі казаць дакладней, у форменнай вопратцы па шве разышоўся рукаў.

Дар'я Палякова на волі, яна – пад падпіскай аб нявыездзе.

"Я не прызнаю, што зрабіла гэта з помсты". Што кажа Палякова ў судзе?

На судзе Дар'я сказала, што віну сваю прызнае часткова. Яна распавяла, што ў той дзень ішла ў госці. На Савецкай яна пачула крыкі аб дапамозе і ўбачыла, што затрымліваюць Аляксандра Сахарука, якога яна даўно ведае і вельмі паважае. І Дар'я, і Аляксандр Міхайлавіч з'яўляюцца членамі прафсаюза РЭП.

Яна кінулася на дапамогу – прызнаецца, што "напэўна, спрацаваў інстынкт" – бо Сахарук клікаў на дапамогу. Крыху пазней яе выцягнула з натоўпу кіраўніца абласнога аддзялення прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк. Пасля гэтага Дар'я пайшла па сваіх справах, а на скрыжаванні Савецкай і праспекта Машэрава была затрыманая за ўдзел у акцыі пратэсту.

"Я не прызнаю, што зрабіла гэта з помсты, куртка парвалася, калі Зінаіда мяне адвяла. У той момант, калі парваўся рукаў, маіх рук на яго рукаве не было", – сказала Палякова.

"Але вы разумелі, што сваімі дзеяннямі маглі прычыніць супрацоўніку міліцыі боль?" – спытаў у яе дзяржабвінаваўца.

"Я – далікатная дзяўчына, каля 50 кг вагі. А там дарослы мужчына, у тоўстай куртцы", – адказала абвінавачаная і трохі адышла ад трыбуны, каб усе ўдзельнікі працэсу і яго гледачы змаглі ўбачыць, што яна мініяцюрная.

А што кажа пацярпелы?

Пацярпелы Аляксей Гаруноў растлумачыў суду, што ў той дзень нёс службу на Савецкай. Яго калегі ўбачылі Аляксандра Сахарука, які ўжо трапляў у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі на папярэдніх акцыях пратэсту, але тады яму ўдалося сысці. Паступіла каманда затрымаць мужчыну.

"Мы ўзялі яго пад рукі, ён пачаў вырывацца, расшпіліў куртку, дастаў бел-чырвона-белы сцяг, пачаў выкрыкваць "Жыве Беларусь". На яго крыкі пачалі збягацца жанчыны, якія адцягвалі супрацоўнікаў, адна з іх была Палякова", – растлумачыў міліцыянт.

Разам з тымі ён заявіў, што не можа сцвярджаць, што куртка парвалася з-за яе дзеянняў.

Ніякіх прэтэнзій у міліцыянта да абвінавачанай няма – удары яна яму не наносіла, а калі сціскала руку, то прычыніла "нязначны" боль. Па яго словах, падчас вочнай стаўкі Палякова перад ім выбачылася. Матэрыяльных выдаткаў з-за парванай курткі ён не панёс.

Што яшчэ было на судзе па справе падранай курткі?

Суд над Паляковай. Фота: spring96.org
Суд над Паляковай. Фота: spring96.org

Сведкамі на судзе выступілі Аляксандр Сахарук, Зінаіда Міхнюк і два міліцыянты.

Сахарук растлумачыў, што падчас свайго затрымання ён не бачыў, хто, каго і за што цягнуў, але падзякаваў усім жанчынам, якія спрабавалі яго "адбіць", за мужнасць і адвагу, а суд папрасіў паблажліва паставіцца да Дар'і Паляковай.

Зінаіда Міхнюк, якая, дарэчы, першапачаткова таксама была падазраванай па артыкуле 364 КК за інцыдэнт з падраным рукавом, а цяпер знаходзіцца ў статусе сведкі, патлумачыла суду, што ў той дзень сустрэлася з Дар'яй на Гогаля: тая ішла да сястры, а Міхнюк – па сваіх справах. Выйшаўшы на Савецкую, яны пачулі крыкі, хутка зразумелі, што кагосьці затрымліваюць, Дар'я крыкнула: "Гэта дзядзька Саша!" і пабегла да натоўпу. Зінаіда таксама падышла да навалы людзей і выцягнула Дар'ю.

"Я сказала ёй, што дзядзьку Сашы мы ўсё роўна ўжо нічым не дапаможам, а міліцыянтаў чапаць нельга", – сказала Міхнюк.

У матэрыялах справы ўтрымліваецца іскавая заява пракурора Брэста Андрэя Валадзько, які пры пастанове абвінаваўчага прысуду просіць спагнаць з Паляковай у карысць УУС Брэсцкага аблвыканкама кошт падранай курткі – 104 рублі 50 капеек. Суддзя Святаслаў Каліна пацікавіўся ў Дар'і Паляковай, ці прызнае яна гэта пазоўнае патрабаванне. Тая адказала, што не прызнае, паколькі не лічыць сябе вінаватай у тым, што куртка парвалася.

Пасля допыту сведак-міліцыянтаў у судзе быў абвешчаны перапынак да 15 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства