Юрыю Бандажэўскаму праз амністыю яшчэ на год зьменшылі 8-гадовае пакараньне (Радыё Свабода).

2004 2004-02-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Між тым, палітыкі ў Эўропе і сьвеце патрабуюць увогуле вызваліць былога рэктара Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту, якога лічаць пацярпелым за свае перакананьні.
Пра тое, што пакараньне Юрыю Бандажэўскаму зьменшылі яшчэ на год паводле чарговай амністыі, карэспандэнту Радыё Свабода пацьвердзілі ў менскай калёніі на Кальварыйскай вуліцы, дзе адбывае тэрмін былы рэктар. “Збольшага такіх зьвестак мы не даем, але зробім выключэньне. Адносна Бандажэўскага рашэньне вось толькі прынятае. Яшчэ адзін год яму скасавалі. Можаце парадаваць сваякоў, яны пра гэта пакуль ня ведаюць”, — сказаў карэспандэнту супрацоўнік калёніі.

Жонка Юрыя Бандажэўскага Галіна, атрымаўшы навіну пра зьмяншэньне тэрміну пакараньня мужа, адразу пачала лічыць, колькі яму яшчэ засталося і на што ён можа разьлічваць:

(Бандажэўская: ) “Дзьве амністыі ужо прайшлі, былая амністыя і гэта, такім чынам, ад васьмі гадоў адняць два — гэта шэсьць. Зь іх тры гады ён адседзеў — гэта палова тэрміну, таму ён можа прэтэндаваць на зьмену меры ўтрыманьня”.

У менскай калёніі сапраўды пацьвердзілі, што справу Юрыя Бандажэўскага суд можа перагледзець і зьмяніць яму рэжым пакараньня. Прыкладам, турэмнае зьняволеньне могуць замяніць на гэтак званую “хімію”. Дакладна, калі гэта адбудзецца, не паведамілі, але сказалі, што звычайна мінае няшмат часу.

Між тым, шматлікія праваабарончыя арганізацыі сьвету і вядомыя палітыкі працягваюць патрабаваць апраўданьня і вызваленьня Юрыя Бандажэўскага, бо лічаць, што ён пацярпеў за свае навуковыя погляды на чарнобыльскую праблему, якія разыходзіліся з афіцыйнай пазыцыяй беларускіх уладаў. На гэта беларускія ўлады адказваюць заявамі пра тое, што Бандажэўскі — звычайны хабарнік, якога напаткала справядлівае судовае пакараньне. Пра гэта, у прыватнасьці, паведамляецца ў нядаўнім адказе беларускага ўраду на запыт Камітэту правоў чалавека ААН.

Вядома, што былы рэктар гэтак і не прызнаў сябе вінаватым і, не атрымаўшы абароны ў судах вышэйшых інстанцыяў, зьвярнуўся са скаргай у Камітэт правоў чалавека ААН. Камітэт зрабіў запыт беларускаму ўраду адносна скаргі Бандажэўскага, і вось нядаўна стала вядома пра афіцыйны адказ беларускага ўраду. Гары Паганяйла, абаронца Бандажэўскага ў судах, азнаёміўся з гэтым дакумэнтам і лічыць яго вельмі фармальным. Паводле Гары Паганяйлы, беларускія чыноўнікі цалкам абышлі ўвагай скаргі Юрыя Бандажэўскага на парушэньні ягоных правоў. Ён пералічвае сьпіс гэтых парушэньняў:

(Паганяйла: ) “Гэта незаконны арышт, утрыманьне ва ўмовах, якія мы лічым катаваньнем і прыніжэньнем ягонага чалавечага гонару і годнасьці. Акрамя таго, былі дапушчаныя парушэньні ягонага права на абарону, права на незалежны і аб’ектыўны суд, права на абскарджваньне прысуду”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international