У Мінску за патасоўку з міліцыянерамі судзяць байкераў, а ў залю суда пусцілі толькі родных і СМІ

2021 2021-01-04T12:27:07+0300 2021-01-04T13:53:18+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baikery_potasovka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Патасоўка байкераў з невядомымі. Скрыншот з відэа

Патасоўка байкераў з невядомымі. Скрыншот з відэа

У судзе Савецкага раёна Мінска 4 студзеня ў 11.00 распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць байкераў.

На лаве падсудных Андрэй Іванюшын, Мікіта Афанасьеў, Мікіта Траццякевіч. Усіх іх вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі – арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Інцыдэнт адбыўся 19 верасня каля ТЦ “Еўропа”, калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць.

“Усе, вядома, сталі абараняць аднаго і пачалі выцягваць яго з машыны гэтых невядомых. Пачалася бойка, хтосьці выцягнуў ключы ў іх з машыны. Калі нашага хлопца ўжо выцягнулі, гэты грамадзянін дастаў нешта падобнае на пісталет, усё гэта ёсць на відэа. Яны нам не прадстаўляліся, дакументы не паказвалі, былі ў цывільным. Хто гэта быў – незразумела”, – апісваў падзеі адзін з відавочцаў.

Напрыканцы кастрычніка ў афіцыйным тэлеграм-канале МВД з’явілася інфармацыя, што чацвёра байкераў былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы, бо пашкодзілі службовае аўто і прымянілі гвалт у дачыненні да міліцыянера – як выявілася супрацоўніка ГУБАЗіК.

Справу разглядае суддзя Аляксандр Волк. Пацярпелыя па справе – супрацоўнікі міліціі Новікаў, Пятроў і Максімаў

На працэс у залю пусцілі па пашпартах толькі нешматлікіх родных і прадстаўнікоў СМІ – не больш за 10 чалавек. Яшчэ чалавек 15 засталіся на калідоры. Але як аказалася, месцаў у залі хапае, аднак нібыта праз пандэмію каранавіруса людзей рассадзілі на адлегласці адзін ад аднаго.

У судзе выявілася, што Андрэй Іванюшын гаспіталізаваны, таму ў працэсе аб'яўлены перапынак да яго выздараўлення. 

Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч негатыўна ацэньвае практыку судоў па нядопуску слухачоў у судовую залю. 

"Гэта перашкода маніторынгу справаў з боку праваабарончых арганізацый, які з'яўляецца вельмі важным, каб ацаніць ці адбываецца судовы працэс з выкананнем усіх прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва, пры якіх абставінах ужываўся гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў АУС і ці ўжываўся ён наогул.

Важна ацаніць і законнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, паколькі грамадзяне мусяць падпарадкоўвацца толькі іх законным патрабаванням", – падкрэсліў праваабаронца. 

Праваабрончы цэнтр “Вясна” з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства