Да Мікалая Дзядка два тыдні не пускаюць адвакатаў. Праваабаронцы звярнуліся да Спецдакладчыкаў ААН

2020 2020-12-31T10:57:50+0300 2021-01-05T10:43:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mikola_dzyadok_svaboda_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да палітычнага зняволенага блогера і актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка, які знаходзіцца ў СІЗА-1 ужо другі месяц паводле абвінавачвання па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, не пускаюць адваката з 18 снежня. Ужо два тыдні адвакаты палітвязня не могуць патрапіць да свайго падабароннага, яны не ведаюць, у якім стане ён знаходзіцца цяпер. Адміністрацыя СІЗА-1 не пусціла адваката да Мікалая і сёння, 31 снежня. Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да Спецдакладчыцы па Беларусі Анаіс Марэн і Спецдакладчыка па катаваннях Нільса Мельцэра і заклікалі іх умяшацца ў сітуацыю з Мікалаем Дзядком. Анаіс Марэн адказала праваабаронцам, што справа палітвязня прынятая да ўвагі і будуць прыняты меры, каб забяспечыць бесперашкодны доступ адвакатаў у СІЗА да Міколы.

Мікола Дзядок на акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота:

Акрамя таго, праваабаронцы "Вясны" папрасілі Спецдакладчыкаў ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання ўмяшацца ў сітуацыю палітвязня з нагоды катаванняў над Мікалаем Дзядком. Па заяве бацькі Мікалая ў Следчы камітэт аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця і катаванняў над сынам да гэтага часу не пачата праверка. Аляксандр Дзядок патрабуе прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто "ажыццяўляў незаконнае затрыманне Мікалая, збіваючы яго і ужываючы да яго катаванні, як у кватэры, так і ў будынку ГУБАЗіКа, прымушаючы яго гаварыць на камеру прызнальныя паказанні пад сцягам".

Бацька Мікалая Дзядка падаў заяву ў Следчы камітэт па факце збіцця і катаванняў над сынам

Бацька Мікалая падаў у Следчы камітэт заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця сына. Аляксандр Дзядок патрабуе прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто "ажыццяўляў незаконнае затрыманне Мікалая, збівая яго і ужываючы да яго катаванні, як у кватэры, так і ў будынку ГУБАЗіКа, прымушаючы яго гаварыць на камеру прызнальныя паказанні пад сцягам".


Нагадаем, блогера і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі і моцна збілі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. Паводле звестак МУС, дома ў блогера знайшлі замежныя банкаўскія аплатныя карткі і буйныя сумы грошай у рознай валюце, «прызначаныя для фінансавання ўдзельнікаў пратэстаў», а таксама «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі (кактэйлі Молатава), улёткі, налепкі». Таксама пасля затрымання блогера быў узламаны яго Telegram-канал "Mikola", дзе налічвалася каля 15 тысяч падпісчыкаў. Цяпер ён знаходзіцца пад кантролем сілавікоў.

Міколе Дзядку прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.

22 снежня з розных, не звязаных паміж сабой крыніц, родным палітвязня стала вядома, што яго жыццю і здароўю пагражае небяспека. Amnesty International звярнулася да беларускіх уладаў з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па праверцы інфармацыі пра пагрозы жыццю і здароўю Мікалая Дзядка і расследаваць парушэнне яго права на доступ да абаронцы, а таксама на атрыманне і адпраўку карэспандэнцыі.

Падтрымаць палітвязня можна лістамі: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства