viasna on patreon

У Мінску судзяць паштальёнку, якая перадала ў тэлеграм-чат дадзеныя дзесяткаў міліцыянтаў Дапоўнена

2020 2020-12-29T15:29:53+0300 2020-12-29T16:34:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/larysa_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Першамайскага раёна Мінска 29 снежня распачаў разгляд крымінальнай справы супраць 56-гадовай паштальёнкі Ларысы Танкашкур, якая перадала адміністратару тэлеграм-чату “Лебяжий 97%” асабістыя звесткі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, якія яна ўзяла з картатэкі падпісчыкаў выдання МУС "На страже". Дзеянні жанчыны былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 179 (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых) Крымінальнага кодэкса. Пацярпелымі па справе прызнаныя 35 чалавек, сярод якіх — супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намеснік начальніка ДАІ і нават ужо звольненыя міліцыянты. Ніхто не мае да абвінавачанай матэрыяльных прэтэнзій. Справу разглядае суддзя Таццяна Ліннік. "Вясна" распавядае пра акалічнасці гэтай справы.

Ларыса Танкашкур у судзе. Побач — пацярпелы, былы супрацоўнік міліцыі. Фота: spring96.org
Ларыса Танкашкур у судзе. Побач — пацярпелы, былы супрацоўнік міліцыі. Фота: spring96.org

У скрыні закідвалі ўлёткі з артыкуламі Крымінальнага кодэкса. У чым абвінавачваюць паштальёнку?

56-гадовую жанчыну абвінавачваюць у тым, што 29 верасня яна перадала адміністратару тэлеграм-чата “Лебяжий 97%” прозвішчы і месцы пражывання 35 супрацоўнікаў ОУС, узяўшы гэтыя дадзеныя з картатэкі падпісчыкаў газеты “На страже”. Гэтыя дзеянні следчыя Цэнтральнага раёна кваліфікавалі як “незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых з-за помсты супрацоўнікам міліцыі па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніі ў Беларусі".

Згодна абвінавачванню і паказанням пацярпелых на судзе, сваімі дзеяннямі Танкашкур прычыніла маральную шкоду асобам, асабістыя дадзеныя якіх былі размешчаныя ў тэлеграм-канале, а менавіта ў “негатыўных эмоцыях ад размяшчэння гэтых звестак у сацсетках і абмеркавання іх”. Таксама некаторым з іх у паштовыя скрыні былі змешчаны ўлёткі з артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса (Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва), што аказала на іх ціск, а таксама на іх родных і блізкіх. Супрацоўнікі ад гэтага адчулі негатыўныя эмоцыі. Таксама гэта паўплывала на нармальныя зносіны з суседзямі і калегамі, у іх з'явілася пачуццё небяспекі за сваё жыццё і здароўе сваіх блізкіх, а таксама за захаванне цэласнасці маёмасці. Акрамя гэтага, пацярпелым "нанесены падрыў аўтарытэту і дзелавой рэпутацыі як супрацоўнікаў міліцыі".

Ларыса Танкашкур прызнала віну часткова: яна прызнала, што распаўсюджвала дадзеныя, але не прызнае, што рабіла гэта па ідэалагічнай і палітычнай непрыязнасці або з помсты.

“У мяне ў думках былі толькі дапамога і дыялог”. Як тлумачыць свае дзеянні паштальёнка?

Ларыса Танкашкур працавала на мінскай пошце з 2017 года. Яна распавяла, што 29 верасня перапісала звесткі з картатэкі дадзеные тых, хто быў падпісаны на выданне “На страже” (яна не памятае, колькі прозвішчаў выпісала). Па словах жанчыны, яна рабіла гэта, каб перагаварыць з гэтымі супрацоўнікамі міліцыі наконт незаконных дзеянняў іншых міліцыянтаў, а не з мэтай пагроз.

“Я бачыла шмат збіцця на Лебядзіным, я вырашыла, што тыя міліцыянты, дадзеныя якіх я перапісала, змогуць дапамагчы жыхарам, якія ладзяць чаяванне ад тых, хто прыязджае ў цывільным. Я перапісала іх дадзеныя, хацела пагаварыць, але ўбачыла відэа, на якім было відаць, як збіваюць шасцярых людзей і распылілі газ у твар дзіцяці. У мяне і ў думках не было, каб хтосьці ім пагражаў, я так і напісала адміністратару канала, каб ніякіх пагроз, а толькі мірны дыялог, але я не думала, што ён выкладзе ўвесь гэты спіс у чат. Будучы чалавекам мудрым і жаласлівым, я не магла глядзець, як абыходзяцца з людзьмі”.

Па словах Ларысы, пасля гэтага відэа яна адпісала ў чат "Лебяжий 97%", што ў яе ёсць інфармацыя пра супрацоўнікаў міліцыі. Жанчыне напісаў адміністратар тг-канала і папрасіў скінуць дадзеныя. На наступны дзень паштальёнка перапісала дадзеныя і адправіла яму.

“У мяне ў думках не было нічога дрэннага, толькі дапамога і дыялог. Яны ж не на мітынгу, не ў цэнтры горада, там жа дзетак вельмі шмат. Я сама прыходжу туды па працы і бачыла разгоны, даводзілася ўцякаць назад у офіс. Не ведаю, можа нейкі цуд здарыцца і гэтам усё спыніцца, таму што з дзецьмі ўжо нават забіраюць. Страшна ездзіць і хадзіць. Пагрозы міліцыянтам лічу бессэнсоўным, гэта ж не гэтыя міліцыянты вінаватыя. З суседзямі асабіста потым размаўляла і яны сказалі, што нікому не пагражалі. Я не ведаю, што далей адбывалася пасля таго, як я скінула дадзеныя, таму што мяне пасадзілі на 15 сутак [за ўдзел у Маршы пенсіянераў].

Мне і міліцыянтаў шкада, калі б сумленна прайшлі выбары ў краіне, то гэтага бязладдзя і збіванняў не было б. Гэта вельмі жудасна: і гвалт, і збіццё”.

Прозвішчы і адрасы — гэтыя дадзеныя распаўсюдзіла Ларыса. Ні нумары тэлефонаў, ні пасады яна не распаўсюджвала. Узнагароджанне за перадачу дадзеных яна не атрымлівала.

Па словах жанчыны, яна хацела, каб гэтыя міліцыянты, дадзеныя якіх яна перадала адміністратару чата, пагаварылі з супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу, якія прыязджаюць у Лебядзіны. Яна папрасіла адміністратара чата наладзіць з імі дыялог, не пагражаць ім, а проста пагаварыць.

Актывістка Галіна Лагацкая — родная сястра абвінавачанай Ларысы Танкашкур. Фота: spring96.org
Актывістка Галіна Лагацкая — родная сястра абвінавачанай Ларысы Танкашкур. Фота: spring96.org

"Перасталі вітацца суседзі". А што кажуць пацярпелыя?

На першым судовым паседжанні былі дапытаныя дзесяць пацярпелых, дадзеныя якіх былі распаўсюджаны ў тэлеграм-канале "Лебяжий 97%": супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, інспектар кадраў, намеснік начальніка ДАІ, звольненыя нядаўна міліцыянты – ахоўнік у гатэлі і заведуючы інтэрнатам. Усе яны не маюць матэрыяльных прэтэнзій да Ларысы Танкашкур. Усе пра размяшчэнне іх дадзеных у тэлеграм-канале дазналіся ад сяброў, знаёмых, калегаў. Ніхто не прад’явіў абвінавачанай патрабаванняў аб кампенсацыі маральнай шкоды. 

Першы супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Віктар распавёў, што ў канцы верасня на яго пачалі аказваць ціск: у паштовую скрыню пачалі ўкідваць лісты з артыкулам 128 КК — "больш нічога". Ён дапусціў, што яго суседзі сталі з ім менш мець зносіны менавіта з-за таго, што абвінавачаная распаўсюдзіла яго дадзеныя. Але на ўдакладняючыя пытанні адвакаткі Ларысы Танкашкур, ён сказаў, што яго жыццё не моцна змянілася. Аднак падчас папярэдняга следства ён сказаў, што ён атрымаў паведамленне ў ТГ ад нейкага Шэрыпа: "Прывет, за табой прыйдуць". Ён адразу далажыў гэта кіраўніцтву Цэнтральнага РУУС. Але на судзе ён адразу пра гэта не распавёў.

Другі пацярпелы супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Андрэй распавёў, што ён даведаўся аб размяшчэнні сваіх звестак ад калегаў. Ён зайшоў у чат і ўбачыў негатыўныя каментары з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі і пагроз у яго адрас. На судзе ён толькі ўспомніў тое, што яго абвінавацілі ў тым, што "ён удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, якія ажыццяўлялі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС". Іншыя каментары ён успомніць не змог. Паводле яго словаў, ягоныя дадзеныя пачалі размяшчаць і ў іншых телеграм-каналах. Андрэй сказаў, што з ім таксама перасталі вітацца суседзі:

"Яны раней віталіся, але потым начыталіся каментароў-меркаванняў пра мяне, якія размешчаныя ў інтэрнэце, паверылі гэтаму".

Ларыса распавяла, што яе затрымалі 1 кастрычніка і гэты супрацоўнік міліцыі ў Цэнтральным РУУС ёй пагражаў.

Таксама ў якасці пацярпелага быў дапытаны былы супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Леанід, які працаваў там каля 20 гадоў і звольніўся 2 лістапада гэтага года. Цяпер ён працуе ахоўнікам у адной з мінскіх гасцініц. Па яго словах, "наступстваў ад дзеянняў абвінавачанай не было, але асцярогі былі". Распавёў, што ў першыя дні паркаваў машыну не ў сваім двары. У сваю паштовую скрыню ён таксама атрымаў ліст з нормамі Крымінальнага кодэкса. Ён расцаніў гэта так, што ён павінен прыняць нейкі выбар, так як ён выконвае незаконныя дзеянні. Пацярпелы сказаў, што ў яго няма прэтэнзій, і што хацеў бы адклікаць заяву аб прызнанні яго пацярпелым. Гэта ён патлумачыў, што ніякіх наступстваў ад дзеянняў Ларысы не наступіла. Папрасіў суд не караць суд яе строга з улікам яе характарызуюць дадзеных.

У судзе таксама быў дапытаны Аляксандр, які раней працаваў Дэпартаменце аховы, цяпер — загадчык інтэрнату. Ён распавёў, што аб распаўсюджванні яго дадзеных яму распавялі яго сябры. Па яго словах, ён адразу баяўся за жыццё і здароўе родных і блізкіх. Больш ніяк ад дзеянняў абвінавачванай ён не пацярпеў.

У якасці пацярпелага быў дапытаны супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Сяргей. Па яго словах, праз некалькі дзён пасля размяшчэння яго дадзеных у телеграм-канале "Лебядзіны 97%" у ягоную паштовую скрыню яму закінулі ліст з артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса. Ён апасаўся за сваё жыццё і здароўе, а таксама за здароўе сваіх блізкіх і родных, за маёмасці.

Пацярпелы выкладчык Акадэміі МУС Уладзімір распавёў на судзе, што маральная шкода яму выявілася ў каментарах у ТГ-чаце "Лебядзіны 97%". Паводле яго словаў, у каментарах людзі выказвалі пагрозы і заклікі пагрозам, але не канкрэтна яму, а ўсім супрацоўнікам, дадзеныя якіх былі апублікаваны. Таксама яму ў паштовую скрыню закінулі ўлётку з артыкулам КК — на судзе ён не змог назваць артыкул, гэта на яго не асабліва паўплывала. Таксама па яго словах, пасля таго, як у інтэрнэце з'явіліся яго дадзеныя, то суседзі пачалі менш вітацца.

Яшчэ чатыры супрацоўнікі распавялі, што ў кагосьці ў дзверы ўтыкнулі раздрукоўку аб гвалце над народам, артыкулы, у інтэрнэце пісалі каментары негатыўнага характару, тэлефанавалі ў тэлеграме не з беларускіх нумероў і прыраўноўвалі да фашыстаў. У асноўным, па словах дапытаных супрацоўніках, размешчаныя дадзеныя ў інтэрнэце ніяк не паўплывалі на іх рэпутацыю і працу.

Адвакатака абвінавачанай заявіла хадайніцтва аб допыце астатніх пацярпелых. У судзе абвешчаны перапынак да 6 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства