viasna on patreon

Заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе Сяргея Яфімава па арт. 364 КК

2020 2020-12-04T17:51:09+0300 2020-12-04T17:51:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/efimov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрыншот відэа Следчага Камітэту, TUT.BY

Скрыншот відэа Следчага Камітэту, TUT.BY

У Гомелі за гвалт у дачыненні да міліцыянтаў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса на тры гады калоніі агульнага рэжыму асудзілі 29-гадовага гамельчука Сяргея Яфімава. Юрысты і эксперты ПЦ "Вясна" прааналізаваць справу Яфімава і прыйшлі да наступных высноў.

Тры гады калоніі агульнага рэжыму: у Гомелі асудзілі Сяргея Яфімава

Пракурор прасіў прысудзіць Сяргея Яфімава да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму — такі прысуд суд у выніку і вынес.

Кантэкст, заканадаўства аб мірных сходах, выкананне і заахвочванне правоў і свабод

У траўні 2020 года стартавала кампанія па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Перадвыбарчая сітуацыя характарызавалася нязнанымі па маштабах і характару рэпрэсіямі ў дачыненні да прэтэндэнтаў, кандыдатаў, чальцоў іх штабоў, актывістаў і звычайных выбарцаў: больш за 1 500 грамадзян сталі ахвярамі адвольных затрыманняў, арыштаў і несправядлівых судовых спагнанняў. Некалькі дзясяткаў чалавек падпалі пад крымінальны пераслед, з іх 25 чалавек праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Паўсюдныя парушэнні выбарчага заканадаўства, ціск на выбарцаў, непразрыстая дзейнасць выбарчых камісій прадказальна выліліся ў недавер да дакучліва прагназаваных, а пасля і абвешчаных уладамі вынікаў выбараў. Гэта акалічнасць у сукупнасці з саспелым у грамадстве запытам на палітычныя змены паслужыла трыгерам да масавых мірных выступаў грамадзянаў у большасці гарадоў краіны з пратэстамі супраць фальсіфікацыі выбараў. Гэтыя мірныя акцыі пратэсту ўлады паспяшаліся неабгрунтавана аднесці да разраду масавых хваляванняў. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Варта заўважыць, што заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы ў Беларусі ўтрымлівае істотныя недахопы, якія пэўна перашкаджаюць рэалізацыі права на мірны сход і свабоду выражэння поглядаў: Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) супольна з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ пасля абмеркавання закона «Пра масавыя мерапрыемствы ў Рэспубліцы Беларусь» на прадмет яго адпаведнасці міжнародным нормам у 2012 годзе прызнала закон не адпаведным міжнародным стандартам у вобласці правоў чалавека. У прыватнасці, падвержаныя крытыцы вызначэнні масавых мерапрыемстваў у Законе, абмежаванне даступнасці грамадскіх месцаў для правядзення сходаў, дазваленчы парадак правядзення. За кожныя, нават фармальныя, парушэнні Закона прадугледжана адказнасць у выглядзе буйных штрафаў (да 50 базавых велічынь – 1350 беларускіх рублёў) і адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за кожны факт парушэння. Характар абмежаванняў, якія накладаюцца Законам і ўжываюцца на практыцы ў сукупнасці, такі, што практычна выключае магчымасць рэалізацыі права на мірны сход і свабоды выражэння поглядаў.

Грамадскасць і ўлады рэзка разыходзяцца ў ацэнцы правамернасці такіх абмежаванняў; улады патрабуюць няўхільнага выканання абмежавальных патрабаванняў, тлумачачы кожны з актаў непадпарадкавання як супрацьпраўнае дзеянне. Такое тлумачэнне дазваляе ўладам расцэньваць акты непадпарадкавання сваім завышаным патрабаванням, якія самі па сабе скіраваныя толькі на рэалізацыю міжнародна прызнаных правоў і асноўных свабод (зазвычай, без дапушчальных прычын для абмежаванняў гэтых правоў і свабод) як парушэнні закона, і ўжываць гвалт для спынення гэтага «парушэння».

Праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі неаднаразова крытыкавалі ўлады за такога роду практыку. У прыватнасці, Камітэт па правах чалавека ААН у Заключных заўвагах па пятым перыядычным дакладзе Беларусі ў 2018 годзе рэкамендаваў «перагледзець свае законы, падзаконныя акты і практыку, у тым ліку Закон «Пра масавыя мерапрыемствы», каб гарантаваць магчымасць карыстання ў поўнай меры правам на свабоду сходаў як у заканадаўстве, так і на практыцы, і забяспечыць, каб любыя абмежаванні на свабоду сходаў, у тым ліку шляхам ужывання адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў да асоб, што рэалізуюць гэта права, адпавядалі строгім патрабаванням артыкула 21 Пакта. Дзяржаве-ўдзельніцы варта неадкладным і дзейсным чынам расследаваць усе выпадкі празмернага ўжывання сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, адвольных арыштаў і затрыманняў удзельнікаў мірных пратэстаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых».

Мы, юрысты і эксперты ПЦ «Вясна», падзяляем і падтрымліваем такія падыходы і падкрэсліваем, што затрыманне ўдзельнікаў мірных сходаў з'яўляецца адвольным, а з пункту погляду і ў адносінах да тэрмінаў нацыянальнага права – не з'яўляецца «законнай дзейнасцю» супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, іншых асоб, «выкананнем імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку».

Выкананне прэзумпцыі невінаватасці 

Да разгляду справы судом Следчы камітэт двойчы змясціў на сваім сайце, а таксама ў сацыяльных сетках інфармацыю пра расследаванне і сканчэнне расследавання крымінальнай справы, дзе сцвярджаў пра здзяйсненне злачынства абвінавачаным да вынясення прысуду, фармуючы такім чынам перакананне ў вінаватасці Сяргея Яфімава.

Генеральны пракурор А.Швед 15 кастрычніка 2020 г. заявіў пра тое, што «Дзяржабвінаваўцы па […] справах аб парушэнні грамадскага парадку будуць прасіць суд прызначаць максімальныя меры пакарання». 

Судовае паседжанне:

  • Суддзя: Кармановіч С.І.
  • Пракурор: Шапачкін К.А.
  • Абвінавачаны: Яфімаў Сяргей Сяргеевіч
  • Пацярпелыя: Пуцькоў Ю.В., Гапеенка В.М., Варушчанка А.Н. (АМАП УУС Гомельскага аблвыканкама)

Заявы пра ўжыванне катаванняў і/або жорсткага, нялюдскага, зневажальнага звароту: не паступала.

Забеспячэнне эфектыўнай абаронай

Абарону абвінавачанага ажыццяўлялі адвакаты Сасноўскі Г.А. і Паўлюк Г.С.

Пазіцыя і довады абароны ў прысудзе не адлюстраваны.

Роўнасць правоў бакоў у працэсе

Абвінавачаны знаходзіўся пад вартай і ўтрымліваўся ў адгароджаным месцы ў зале суда, што не было абумоўлена небяспекай абвінавачанага для навакольных.

Абранне меры стрымання ў якасці інструмента ціску на абвінавачанага

Мера стрымання ў дачыненні да С. Яфімава была неабгрунтавана абрана ў выглядзе зняволення пад варту. У адпаведнасці з арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, утрыманне пад вартай асоб, што чакаюць судовага разбіральніцтва, не павінна быць агульным правілам, але вызваленне можа ставіцца ў залежнасць ад падавання гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разбор у кожнай іншай яго стадыі і, у выпадку патрэбы, яўкі для выканання прысуду.

Больш дэталёва пытанні абгрунтаванасці зняволення пад варту адлюстраваныя ў адпаведных Заўвагах агульнага парадку (№8 1992 года і №35 2014 года) - дакументах, дзе выкладзеныя ў абстрактным выглядзе тлумачэнні Камітэта аб нарматыўным змесце адпаведных артыкулаў і палажэнняў Пакта: «Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прыманым у кожным пэўным выпадку рашэнні пра тое, што яно абгрунтавана і патрэбна з улікам усіх акалічнасцяў для такіх мэт, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства. Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны змяшчаць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека". Утрыманне пад вартай да суда не павінна быць абавязковым для ўсіх абвінавачаных у пэўным злачынстве без уліку індывідуальных акалічнасцяў. Апроч таго, дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за злачынную дзею, якая ставіцца ў віну, а на падставе вызначэння патрэбы ў гэтай меры стрымання. Суды павінны разглядаць пытанне аб тым, ці дазволяць альтэрнатывы дасудоваму ўтрыманню пад вартай, такія як заклад, электронныя бранзалеты ці іншыя умовы, устараніць патрэбу ў змесце пад вартай у дадзеным пэўным выпадку». Усяго гэтага комплексу гарантый быў пазбаўлены абвінавачаны. Між тым, ён меў сталую працу, месца жыхарства і станоўча характарызаваўся; акалічнасцяў, якія сведчаць пра тое, што ён можа схавацца ад суду або перашкодзіць расследаванню шляхам аказання ціску на сведкаў і пацярпелых не ўсталявана. Больш за тое, аказанне ціску на пацярпелых – супрацоўнікаў МУС – зусім практычна выключана і неажыццявіма.

Вызначаныя прысудам акалічнасці

Сяргею Яфімаву пастаўлена ў віну ўжыванне гвалту ў дачыненні да трох супрацоўнікаў АМАП з мэтай перашкаджэння іх законнай дзейнасці.

Прысудам вызначана, што ён

  • распыліў у твар пярцовы газ і нанёс не менш за адзін удар у вобласць галавы Варушчанку А.Н., чым прычыніў фізічны боль і пабоі, без цялесных пакалечанняў;
  • распыліў пярцовы газ у твар Пуцькову Ю.В. і нанёс не менш за дзевяць удараў рукой у вобласць галавы і тулава, чым прычыніў цялесныя пакалечанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя ці нязначнай стойкай страты працаздольнасці ў выглядзе крывападцёкаў у вобласці верхняй губы справа, лобнай вобласці справа, на правай вушной ракавіне, ранку спінкі носа;
  • распыліў пярцовы газ у твар Гапеенкі, чым прычыніў «фізічны боль і пабоі». 

Паводле тэксту прысуду:

С. Яфімаў віну прызнаў і паведаміў, што знаходзіўся ў раёне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, убачыў людзей, якія беглі, разгубіўся, спалохаўся магчымага затрымання і стаў уцякаць. У працэсе натыкнуўся на супрацоўніка АМАП, распыліў у яго бок пярцовы газ і нанёс удар рукой, пабег у зваротным кірунку і зноў натыкнуўся на супрацоўнікаў АМАП, у кірунку якіх таксама распыліў газ і нанёс аднаму з іх удары з мэтай пазбегчы затрымання.

Пацярпелы Ю. Пуцькоў заявіў, што пасля таго, як па іх, супрацоўнікаў АМАП, вусным указанні «натоўп агрэсіўна настроеных маладых людзей, якія выкрыквалі лозунгі, правакавалі супрацоўнікаў міліцыі» часткова разышоўся, ён убачыў мужчыну, які бег насустрач, расставіў рукі, каб яго спыніць, але той, падбегшы, распыліў яму ў твар газ, а потым нанёс каля пяці ўдараў рукамі. Падбеглі іншыя супрацоўнікі міліцыі і дапамаглі затрымаць дадзенага мужчыну. Потым некалькі хлопцаў паспрабавалі вызваліць затрыманага, і той ізноў нанёс яму 4-5 удараў рукамі.

Пацярпелы Варушчанка растлумачыў, што людзі ў зазначаным месцы пачалі ўцякаць пасля распачатай супрацоўнікамі АМАП спробы «затрымаць меркаванага каардынатара несанкцыянаванага мерапрыемства».

Пацярпеламу Гапеенку В.М. удараў і пашкоджанняў не нанесена, за медычнай дапамогай ён не звяртаўся.

Даючы ацэнку прысуду, эксперты і аналітыкі ПЦ «Вясна» адзначаюць наступныя акалічнасці:

  • суд не надаваў ацэнцы на законнасць дзеянні супрацоўнікаў АМАП па ўжыванні фізічнай сілы ў дачыненні да грамадзянаў з пункту гледжання патрабаванняў Закона «Пра органы ўнутраных спраў», а таксама не ўлічваў абавязкаў дзяржавы па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах па забеспячэнні свабоды мірных сходаў і выражэнні поглядаў;
  • мы не ўлічваем прызнанне віны і чыстасардэчнае пакаянне абвінавачанага як адназначны доказ віны ў здзяйсненні злачынства, бо нам невядомы матывы, па якіх той абраў такую пазіцыю, знаходзячыся ў зняволенні і трапляючы ў небяспеку катаванняў і жорсткага, нялюдскага, зневажальнага абыхлджання, а таксама пад патэнцыйнай пагрозай прыцягнення да адказнасці за больш цяжкае злачынства па арт. 293 КК;
  • мы таксама не ўлічваем пазіцыі абвінавачанага адносна мэт і акалічнасцяў знаходжання яго ў вызначаны час у вызначаным месцы, шануючы яго права не сведчыць супраць сябе і маючы на ўвазе аб'ектыўную інфармацыю пра паўсюдныя акты катаванняў і забароненага абыходжання ў дачыненні да палітычных апанентаў улады і выбаршчыкаў, незадаволеных фальсіфікацыяй уладамі вынікаў выбараў, аднак адзначаем, што і судом не рабілася спроб аб'ектыўна ацаніць дадзеныя абвінавачаным сведчанні;
  • такім чынам, матыў нападу абвінавачаным на пацярпелага А.Варушчанку, які, на думку суда, меў месца, застаўся нявызначаным;
  • па справе ў судзе не дапытана ніводнага сведкі;
  • пацярпелыя А.Варушчанка і В.Гапееў не заяўлялі ў судзе пра нанясенне ім удараў абвінавачаным, аднак суд неабгрунтавана паставіў С.Яфімаву ў віну прычыненне абодвум пабояў, пагоршыўшы становішча абвінавачанага;
  • суд спагнаў на карысць пацярпелых А.Варушчанкі і Ю.Пуцькова матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды ў поўным памеры адносна заяўленага (700 і 800 рублёў адпаведна), не прыводзячы ў прысудзе абгрунтавання такога спагнання, што сведчыць пра аднабаковасць падыходаў да ацэнкі акалічнасцяў і довадаў.

Такім чынам, акалічнасці канфлікту абвінавачанага і супрацоўнікаў АМАП судом у прысудзе адлюстраваны аднабакова і схематычна, што парушае правы абвінавачанага на справядлівы суд.

Вызначана, што Сяргей Яфімаў выдатна характарызуецца, а таксама вызначана наяўнасць акалічнасці, што змякчае яго адказнасць, – чыстасардэчнае прызнанне ў здзяйсненні злачынства, а таксама прынясенне ім публічных і пісьмовых выбачэнняў; абцяжарвальных акалічнасцяў не ўстаноўлена. Гэта акалічнасць пазбаўляе суд магчымасці прызначэння яму пакарання звыш 3 гадоў пазбаўлення волі ў адпаведнасці з арт. 69 КК.

Злачынства, прадугледжанае арт. 364 КК, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх. З улікам цяжкасці злачынства, акалічнасцяў справы, асобы абвінавачанага, наяўнасці ў дыспазіцыі мер пакарання, альтэрнатыўных пазбаўленню волі, важнае значэнне мела неабгрунтаваная выснова суда пра тое, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі. Такім чынам, непрызначэнне судом пакарання ў выглядзе арышту ці абмежавання волі і нескарыстанне судом іншых мер крымінальнай адказнасці ў прысудзе, не матываванае прысудам, парушыла агульныя пачаткі прызначэння пакарання: пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі можа быць прызначана толькі пры ўмове, што мэты крымінальнай адказнасці не могуць быць дасягнуты ўжываннем больш мяккага пакарання, прадугледжанага адпаведным артыкулам Асаблівай часткі КК (ч.2 арт. 62 КК). Замест гэтага, судом прызначаны максімальны ў дадзеных умовах памер пакарання.

ЗАКЛЮЧНЫЯ ВЫСНОВЫ

Назіранне за дадзенай крымінальнай справай у выніку дае магчымасці зрабіць высновы, якія маюць значэнне для далейшых ацэнак справы і становішча абвінавачанага.

Эксперты і юрысты ПЦ «Вясна» угледжваюць палітычныя матывы ў дзеяннях улад у дачыненні да абвінавачаных:

Пад палітычнымі матывамі разумеюцца рэальныя падставы. Важна прааналізаваць не толькі публічна пазначаныя падставы рашэнняў органаў улады, але і выявіць іх праўдзівыя матывы непрымальных у дэмакратычным грамадстве дзеянняў або бяздзейнасці праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, скіраваных на дасягненне хаця б адной з наступных мэт:

  1. умацаванне або ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў;
  2. нядобраахвотнае спыненне або змена характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.

Першая мэта ўгледжваецца ў дзеяннях улад, прадстаўленых у дадзенай справе МУС, Следчым камітэтам, пракуратурай і судом, у адносінах да абвінавачанага: крымінальны пераслед Сяргея Яфімава пачаты ў перыяд максімальнага ўзмацнення рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці перад тварам будучай небяспекі страты аўтарытарнай улады прэзідэнтам дзяржавы і страты ўплыву выбудаванай ім сістэмы «выканаўчай вертыкалі ўлады». Судовы разгляд справы прайшоў у сярэдзіне лістапада 2020 года – пасля шэрагу палітычных падзей, якія ў корані змянілі адносіны ўлад і грамадства, што не ўспрымае больш паўнамоцтваў дзейнай улады, якая захавала сваё становішча ў выніку паўсюдных грубых фальсіфікацый і злоўжыванняў падчас прэзідэнцкіх выбараў 8 жніўня, і якая абрала адзіным інструментам уплыву на сітуацыю ўжыванне брутальнага фізічнага гвалту, што выходзіць за рамкі ўсіх, у тым ліку нацыянальных, прававых нормаў, нароўні з адкрыта сегрэгацыйнай практыкай рэагавання органамі правапарадку і судамі на парушэнне нацыянальнага закону рознымі суб'ектамі. У гэтым становішчы перад дзяржаўнымі інстытутамі, што захавалі лаяльнасць уладам, стаіць задача татальнага падаўлення мірных пратэстаў, запалохвання дэманстрацыйна жорсткімі санкцыямі рознага характару, у тым ліку – крымінальнымі, усіх удзельнікаў і назіральнікаў гэтых працэсаў, і прымусу да адмовы ад ажыццяўлення сваіх правоў і свабод. Мы дапускаем таксама і наяўнасць другой указанай вышэй мэты.

Перад назіраннем стаяла задача вызначыць, ці быў абвінавачаны пазбаўлены волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам пра грамадзянскія і палітычныя правы.

Прыведзеныя вышэй акалічнасці дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Яфімава быў парушаны стандарт прэзумпцыі невінаватасці па пункце 30 Заўваг агульнага парадку №32 (2007): «У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 14 кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказана згодна закону. Прэзумпцыя невінаватасці, што мае асноватворнае значэнне для абароны правоў чалавека, ускладае абавязак даказвання на абвінавачанне, гарантуе, што ніякая віна не можа быць прэзумавана датуль, пакуль вінаватасць не была даказана па-за кожнымі разумнымі сумневамі, забяспечвае, каб сумневы тлумачыліся на карысць абвінавачанаму і патрабуе, каб з асобамі, якім падаюцца абвінавачанні ў здзяйсненні крымінальнай дзеі, абыходзіліся ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам. Усе дзяржаўныя органы ўлады абавязаны ўстрымлівацца ад прадвызначэння выніку судовага разбору, напрыклад, устрымліваючыся ад публічных заяваў, у якіх сцвярджаецца пра вінаватасць абвінавачанага. Падчас судовага разбору падсудныя па агульным правіле не павінны закоўвацца ў кайданкі ці ўтрымлівацца ў клетках ці якім-небудзь іншым чынам паўставаць на судзе ў абліччы, якое паказвае на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі».

Акрамя гэтага, перад назіраннем стаяла задача вызначыць, ці пазбаўлены абвінавачаныя волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Раней юрыстамі і аналітыкамі ПЦ «Вясна» вывучалася судовая практыка па арт.арт.363 і 364 КК. Устаноўлена, што найбольш часта па такога роду справах судамі прызначаюцца пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Пры гэтым часта гэтыя злачынствы здзяйсняюцца ў сукупнасці з іншымі злачынствамі або парушэннямі права, у стане алкагольнага ап'янення, раней асуджанымі асобамі.

Напрыклад, у адсутнасць палітычнага матыву пераследу, працаздольная грамадзянка была асуджаная да трох гадоў шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову закрытага тыпу за тое, што наўмысна нанесла супрацоўнікам міліцыі «не менш за адзін удар кожнаму ў вобласць галавы металічным дыскам, кінула ў іх указаны дыск, які трапіў у вобласць галавы і тулава, а таксама схапіла аднаго з інспектараў за каўнер формавай кашулі, у выніку чаго пашкодзіла ланцужок коштам 1 000 рублёў, сарваўшы яго з шыі апошняга».

За 8 месяцаў 2019 года ў Мінску разгледжаны судамі 13 крымінальных спраў аб аказанні супраціву супрацоўнікам міліцыі і ўжыванні ў дачыненні да іх фізічнай сілы. «Тром падсудным прызначана пакаранне ў выглядзе арышту, іншым – абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу».

Калі звярнуцца да практыкі ўжывання пакарання па артыкуле 364 КК, можна зрабіць выснову аб тым, што да абвінавачанага Яфімава ўжыты непрапарцыйна цяжкі від і высокі і несупамерны ўчыненаму тэрмін пазбаўлення волі. Так, на прыкладзе шэрагу публікацый у СМІ можна зрабіць выснову, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады было ўжыта несупамерна ўчыненаму і агульнай практыцы.

Такім чынам, пазбаўленне волі да абвінавачаных ужыта ў парушэнне права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам пра грамадзянскія і палітычныя правы:

  • роўнасць перад судом;
  • права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць не будзе даказаная згодна закону. 

Адначасова мы ацанілі характар дзеянняў абвінавачанага як выпадак ужывання «зваротнага» гвалту, справакаванага зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, пры тым, што ў дзеях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнага матэрыяльнага ўрону ці шкоды каму-небудзь.

Пры гэтым улічвалася не толькі фармальная наяўнасць закона, які ўсталёўвае адказнасць за такое парушэнне права, а вылучаліся пэўныя патрабаванні да яго якасці. Напрыклад, закон павінен адпавядаць міжнародным стандартам, павінен быць ясным, даступным, прапарцыянальным і прадказальным. Гэта абавязанне не патрабуе ад дзяржавы абсалютнай прававой азначанасці, што часта проста немагчыма, але накладае пэўныя абавязанні, каб праваўжыванне не было адвольным і кожны мог прадбачыць незаконнасць тых ці іншых дзеянняў.

Таксама ўстаноўлена, што працягласць і ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім Яфімаў быў прызнаны вінаватым: ён пазбаўлены волі выбіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Такая непрапарцыйнасць ці неадэкватнасць выяўлялася шляхам параўнальнага аналізу дадзенага выпадку з іншымі падобнымі парушэннямі права.

Варта заўважыць, што дагэтуль не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, вінаватых у актах катаванняў і забароненага абыходжання. Мы ўгледжваем у гэтым яўную сегрэгацыю і дыскрымінацыю грамадзянаў, пры якой прадстаўнікі ўлады маюць падтрыманы на ўсіх узроўнях улады імунітэт ад крымінальнага пераследу за акты катаванняў і жорсткага зневажальнага звароту, а дзеянні шараговых грамадзянаў, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, дэманстрацыйна жорстка караюцца.

Усе выкладзеныя акалічнасці сведчаць пра патрэбу перагледзець прынятыя ў дачыненні да Сяргея Яфімава судовыя рашэнні (прысуд) пры захаванні права на справядлівы судовы разбор і адхіленні фактараў, якія паўплывалі на прысуд, а ў выпадку ўступлення прысуду ў законную сілу прызнаць Сяргея Яфімава палітвязнем з патрабаваннем перагляду вынесеных судовых рашэнняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства