Праграміста Кірыленку, які бараніў жанчыну, судзяць за гвалт да супрацоўніка МУС

2020 2020-12-01T08:21:02+0300 2020-12-01T08:21:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kirylenka-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Кірыленка ў судзе. Фота: "Віцебская вясна".

Аляксандр Кірыленка ў судзе. Фота: "Віцебская вясна".

30 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Віцебску пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 33-гадовага праграміста Аляксандара Кірыленкі. Яму інкрымінуюць дзеянні паводле арт. 364 КК (Гвалт або пагроза ўчынення гвалту да супрацоўніка МУС). Максімум, які прадугледжвае артыкул, – 6 гадоў пазбаўлення волі. Справу разбірае суддзя Іна Грабоўская.

Паводле абвінавачання, як піша "Віцебская вясна", 6 верасня падчас вулічнага шэсця Аляксандр Кірыленка перашкодзіў дзейнасці міліцыянта патрульна-паставой службы старэйшага прапаршчыка Юрыя Валейчанкі. Дзяржаўны пракурор абвінаваціў Кірыленку ў тым, што з помсты за выкананне Валейчанкам службовых абавязкаў той нанёс яму не менш за два траўмуючыя уздзеянні ў вобласць галавы і правай рукі, выбіўшы з яе гумавы дручок. Тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 364 КК, а менавіта – гвалт у дачыненні да супрацоўніка МУС, супрацьдзеянне законнай дзейнасці, прымус да змены характару гэтай дзейнасці і помста за выкананне службовай дзейнасці.

Аляксандр Кірыленка прызнаў сябе вінаватым часткова, заявіўшы, што не меў матыву помсціць супрацоўніку МУС за выкананне ягонай дзейнасці па ахове правапарадку.

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся каля дому №43 на вуліцы Праўды ў Віцебску. Адна з удзельніц пратэставага маршу сарвала медычную маску з твару прапаршчыка Валейчанкі, той спрабаваў яе затрымаць, але за жанчыну ўступіўся Аляксандр Кірыленка, які адпіхнуў міліцыянта. Жанчына праходзіць па справе ў якасці сведкі, але на першае паседжанне не з'явілася.

Віцебск: На пасяджэнне па крымінальнай справе Цімафеенкі не пусцілі журналістаў і праваабаронцаў

На паседжанні 27 лістапада прысутнасць у зале судовага паседжання была абмежаваная выключна блізкімі сваякамі. Не пусцілі ні праваабаронцаў, ні журналістаў, ні сяброў і знаёмых падсуднага. Затое ў залу прайшлі ціхары – супрацоўнікі МУС.

 На паседжанні 30 лістапада быў апытаны пацярпелы. Прапаршчык Валейчанка распавёў, што 6 верасня на вуліцы Праўды супрацоўнікі МУС перакрылі рух калоне маніфестантаў. Адна з жанчын намагалася ўступіць з ім у кантакт, але ён, не рэагаваў на яе дзеянні. У нейкі момант яна сарвала з Вілейчанкі маску і кінула ўбок. Прапаршчык спрабаваў затрымаць жанчыну, узяў яе за руку, але атрымаў удар па твары. Прызнаецца, што на нейкі момант быў дэзарыентаваны ў прасторы. Пакуль шукаў на зямлі дручок, кепку і маску, Аляксандра Кірыленку затрымалі іншыя супрацоўнікі.

Маці Кірыленкі, апытаная ў якасці сведкі, засведчыла, што яе сын добразычлівы, спакойны чалавек, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Ён увесь час аддае праграмаванню і захапляецца роварнымі прагулкамі. 6 верасня яго затрымалі з веласіпедам.

Прыватнае прадпрыемства, дзе працуе падсудны, ахарактарызавала Аляксандра Кірыленку як «ключавога высакакласнага спецыяліста, адказнага, добразычлівага і неканфліктнага».

Наступнае судовае паседжанне адбудзецца ў сераду.

Адзначым, што журналістаў і праваабаронцаў 30 лістапада зноў не пускалі на адкрытае судовае паседжанне, якое праходзіла ў дастаткова прасторнай зале. Яны трапілі на працэс толькі пасля званку ў Вярхоўны суд. Праз 15 хвілін пасля пачатку паседжання праз правакацыю, учыненую канвойным, з залы выдалілі праваабаронцаў. Пасля абеду суддзя Грабоўская выдаліла з залы і карэспандэнта «Віцебскай Вясны», прычым толькі за тое, што журналіст рабіў аўдыёзапіс працэсу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства