viasna on patreon

Справа студэнтаў — артыкул 342. Частка першая Фота

2020 2020-11-26T16:25:36+0300 2022-05-30T10:58:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ficner_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 лістапада стала чорным чацвяргом беларускага студэнцтва: у гэты дзень былі затрыманыя адразу дзесяць моладзевых актывістаў і актывістак, студэнтаў і студэнтак розных ВНУ Беларусі (ці тыя, каго ўжо паспелі адлічыць пасля восеньскіх акцый пратэсту). Ім прад’яўлена абвінавачанне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу, яны прызнаныя палітвязнямі. Пра ўсіх іх і кожнага з іх – гэты тэкст.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацвёртага курсу факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ.

Глеб Фіцнер

Аднагрупніцы Глеба, якія засталіся без адзінага хлопца ў групе, кажуць, што ім пашчасціла вучыцца з адным з найлепшых хлопцаў універсітэта.

— Нашая група не была б такой дружнай, калі б не Глеб, — распавялі яны “Вясне”. — Ён неяк непрыкметна аб'ядноўвае людзей. Гэта хлопец з выразнымі асабістымі амбіцыямі, гатовы да працы і абароне дзеля іх. Чалавек з аналітычным складам розуму, чалавек-крэмень. Глеб вельмі зацікаўлены ў эканоміцы і фінансах, з ім заўсёды вельмі цікава паразмаўляць і паспрачацца. Ён валодае шырачэзнымі ведамі, таму мы нават жартам называем яго "эксперт у галіне ўсяго".

Аднагрупніцы падкрэсліваюць, што Глеб не толькі эрудыяваны, але і вельмі добры.

— Напрыклад, ён заўсёды дапамагаў выкладчыцы па кітайскай мове адносіць цяжкія падручнікі ў аўдыторыю, — успамінаюць яны. — У яго ніколі не было канфліктаў з выкладчыкамі, а калі былі нейкія спрэчкі, то Глеб паводзіў сябе вельмі дыпламатычна – па-іншаму манеру паводзін і размовы Глеба і не акрэсліш. Але пры яго сур'ёзным вобразе, самаіроніі Глеба можна толькі пазайздросціць: ніхто не падшпільне Глеба лепш, чым ён сам — гэта яшчэ адна прычына, чаму мы яго так моцна любім.

На другім курсе восьмага сакавіка Глеб спазніўся на пару, але прыйшоў з 14-цю скрынкамі цукерак і словамі “Вы найлепшае, што здаралася ў маім жыцці”. Глеб, калі ты гэта калі-небудзь прачытаеш, ведай: ты таксама самае лепшае, што здаралася з намі! (*слёзы 13 дзяўчынак*) Ён – не проста «аднагрупнік», а сапраўдны сябра. Неяк нашая Паліна надзела высачэзныя абцасы ва універ, і Глеб потым адводзіў яе пад руку да метро, таму што яна не магла ісці. Лера аднойчы знервавалася і заплакала, і Глеб прыйшоў яе супакойваць. Кожны раз, калі Глеб бачыў, што ў каго-небудзь з нас нешта здарылася, ён заўсёды пытаўся, ці ўсё добра.

Пасля жнівеньскіх падзей і аднаўлення Інтэрнэту Глеб адразу напісаў у агульную гутарку, спытаў, ці з усімі ўсё ў парадку, а першага верасня, калі МДЛУ атачыў АМАП, ён сказаў дзяўчыне трымацца яго. Кожную нядзелю ён прасіў аднагрупніц быць асцярожней. Тэма палітыкі і сітуацыі ў краіне вельмі хвалявала Глеба. Чацвёртага верасня, калі ў МДЛУ ўварваўся АМАП, Глеб бачыў гэта на свае вочы: ён быў шакаваны.

— Калі мы абмяркоўвалі, што напісаць пра Глеба, прагучала фраза: "спачатку Глеб быў зацікаўлены палітыкай, а цяпер палітыка зацікавілася Глебам”, — кажуць дзяўчаты. — Усе хочуць даведацца, што здарылася з Глебам, чаму ён апынуўся ў СІЗА. А адказ занадта відавочны для гэтай краіны: Глеб апынуўся ў зняволенні, таму што нарадзіўся сумленным.

— Глеб — гэта грамадзянін, які хоча, каб яго краіна развівалася, квітнела і пазбавілася ад рудыментаў дыктатуры; гэта студэнт, які не хоча з'язджаць з краіны пасля заканчэння універсітэта; Глеб – гэта чалавек са свабодай думкі, які хоча, каб і ўся краіна была вольная. А яшчэ Глеб — гэта чалавек, якога не хоча бачыць урад, таму што сваім патрыятызмам і самаадданасцю ён уяўляе сабой пагрозу рэжыму. Толькі "ўраду" трэба памятаць, што такіх студэнтаў, як Глеб, вельмі шмат, і сваім ўяўным закручваннем гаек яно нічога не даб'ецца. А гісторыя Глеба, Іллі, Машы, Вікі і Насці (затрыманыя па справе студэнтаў — заўвага) яшчэ больш распаліць той агонь, які так спрабуе патушыць Аляксандр Лукашэнка, — упэўненыя аднагрупніцы Глеба.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка чацвёртага курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка “Задзіночання беларускіх студэнтаў”, валанцёрка “Вясны”.

У інтэрв’ю “Новаму часу” яе сястра Кася распавяла, што Ксюша выдатніца, двойчы набрала 100 балаў на ЦТ, скончыла ліцэй БДУ. Яна цікавіцца гісторыяй і іншымі гуманітарнымі навукамі, любіць падарожнічаць па Беларусі. Удзельнічае ў творчым саюзе факультэта, а таксама піша апавяданні і друкавалася ў “Маладосці”. У СІЗА КДБ Ксюша папрасіла перадаць найперш “Гары Потэра” і “Аўтаспынам па Галактыцы” Дугласа Адамса”.

— “Неяк Ксюша хадзіла з татам у паход і пачаўся моцны дождж, а яны ўсё шлі і шлі з рэчамі, — успамінае Кася. — Праз нейкі час тата прапанаваў пад’ехаць, каб не ісці пад дажджом. Але Ксюша адмовілася пад’язджаць, бо была вельмі мэтаканакіраваная і гатовая ўсё стрываць: бо ўсё ж пайшлі ў паход, а паход мусіць быць з цяжкасцямі. Яны, канешне, намоклі, але ўсё роўна дайшлі да канчатковага пункта. Такая Ксюша і па жыцці: гатовая ісці да сваёй мэты праз розныя перашкоды.

Сяброўка Ксюшы Любоў Ланіна кажа, што шчаслівая быць знаёмая з ёй.

—У моманты маіх істэрык, суму, тугі, радасці Ксюша заўсёды побач, з самымі патрэбнымі словамі падтрымкі. Яна адкрытая і шчырая, ты давяраеш яе словам і ўчынкам, ведаеш, што яна не падвядзе. З ёю цікава размаўляць і спрачацца, таму што яна эрудыяваная і бліскуча аргументуе сваю пазіцыю.

Аднагрупніца Ірына Кліменка распавядае, што дзякуючы Ксюшы пачала адэкватна глядзець на беларускамоўную культуру і нават палюбіла яе.

— Ксюша — адна з тых, хто арганізаваў мерапрыемства «Крок за крокам» на базе ТворСаюза ФФСН, — успамінае Ірына. — Гэта мерапрыемства, мэтай якога з’яўляецца ўстаноўка новых карысных знаёмстваў і стварэнне базы для далейшага прафесійнага ўладкавання альбо камунікацыі студэнтаў з арганізатарамі розных праектаў, абмен вопытам і ведамі з імі... Яна не баіцца эксперыментаў і часта імкнецца да чагосьці незвычайнага. Аднойчы яна зусім нечакана папрасіла мяне дапамагчы ёй з фарбаваннем валасоў у фіялетавы. Гэта была вельмі вясёлая спецаперацыя па фарбаванні Ксюшы і ўсяго ваннага пакойчыка ў яе дома. Сляды ў выніку замялі, усё засталося чыстым.

Ягор Канецкі

Студэнт пятага курса біялагічнага факультэту БДУ, сябра “Заадзіночання беларускіх студэнтаў”, актывіст “Вольнага прафсаюза”.

Ягора Канецкага затрымалі ва ўласнай кватэры: правялі там ператрус, канфіскавалі тэхніку і павезлі ў СІЗА КДБ. Ягоныя сябры ўпэўненыя, што выстаўленыя Ягору абвінавачванні ў рэчаіснасці не маюць да яго ніякага дачынення.

— Ён быў у складзе ЗБС, хутчэй за ўсё, на яго, як і на астатніх затрыманых, выйшлі праз гэтую арганізацыю, — мяркуюць яны.

Сябры Ягора кажуць аб ім шмат цёплых слоў. Грубае і неабгрунтаванае затрыманне зрынула ўсіх, хто яго ведае, у шок.

— Ён выдатны і верны сябра, добры і інтэлігентны хлопец, — распавялі “Вясне” сябры студэнта. — На факультэце яго ведаюць як працавітага і добрасумленнага студэнта. З першага курса ён стаў займацца ў НІЛ біяхіміі абмену рэчываў кафедры біяхіміі, і многія гадзіны ён прысвячае займальнай працы ў лабараторыі. Ягор таксама — актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця факультэта, арганізоўвае і праводзіць факультэцкія мерапрыемствы — асабліва яго цікавіць экалагічны накірунак.

У лістах з СІЗА Ягор просіць не хвалявацца за яго моцна і кажа, што ўмовы ўтрымання прымальныя, кормяць нядрэнна.

— У СІЗА КДБ ён чытаў кнігу Харары "Homo Deus", — кажуць сябры. — Ён чакае ад усіх нас новых лістоў і будзе працягваць пісаць нам. "Ягор — свежасць гор", — нагадаў ён у адным з лістоў. Пачуццё гумару ў Ягора хвацкае!

Ілля Трахтэнберг

Адлічаны студэнт другога курса матэматычнага факультэту БДУ, гулец “Што? Дзе? Калі?”.

Ілля Трахтэнберг

Ілля удзельнічаў у сустрэчах з рэктарам і адміністрацыяй БДУ. Хлопец атрымліваў павышаную стыпендыю і меў сярэдні бал 7,9.

—  Так, я браў удзел у забастоўках і ўсіх студэнцкіх актыўнасцях, —  прызнаваў хлопец у інтэрв’ю Onliner.by — Адміністрацыя пра гэта выдатна ведала, паказвала мне фота ўдзелу. Але я і не хаваўся, бо ніяк не парушаў закон і нармальна вучыўся.

Пасля адлічэння Іллі таксама ўручылі позву ў ваенкамат. У інтэрв’ю Ілля казаў, што плануе праходзіць медкамісію і рыхтавацца да паступлення нанава – гэтым разам, на архітэктара.

— Я ні аб чым не шкадую, — удакладніў Ілля ў канцы размовы. — Сябры, знаёмыя і незнаёмыя — столькі слоў падтрымкі я ніколі не атрымліваў. Бацька таксама падтрымаў. Маме пакуль не казалі.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка БНТУ і стараста групы, якую адлічылі пасля восеньскіх акцый пратэсту ў Беларусі. Яна вучылася на чацвёртым курсе архітэктурнага факультэта.

Вікторыя Гранкоўская

Пасля каледжу год адпрацоўвала размеркаванне ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў. У інтэрв’ю TUT.BY яе сябры расказвалі, што Віка з Гродзенскай вобласці, яе з братам выхоўвала бабуля.

— Калі раптам у цябе нешта здарылася, патрэбна дапамога, яна заўсёды гатовая выручыць. Калі пачалася пандэмія, яна прыносіла нам пашытыя маскі, мела зносіны з дэканатам, каб увялі «дыстанцыйную», — распавядае аднагрупніца дзяўчыны Ірына. — Віка вельмі перажывала за людзей, якіх збівалі падчас і пасля затрымання. Пісала пра гэта ў сацсетках, выходзіла з кветкамі на мірныя акцыі. Калі ў тэлеграме з'явіўся чат БНТУ, дзе абмяркоўвалі петыцыю рэктару, яна таксама да яго далучылася.

На сустрэчы, на якой студэнты ў жніўні абмяркоўвалі тэкст петыцыі, Вікторыя Гранкоўская давала каментар журналісту Naviny.by, дзе сказала, што не задаволеная якасцю адукацыі ў вузе. Праз пару дзён яна паведаміла сяброўцы Ірыне: “Мною зацікавіліся”.

Першага верасня Віку затрымалі падчас збору подпісаў на карысць петыцыі. Яе арыштавалі на 15 сутак.

— Я хачу працягваць вучыцца ў БНТУ, таму што ёсць выкладчыкі, з-за якіх хочацца сюды прыходзіць, — казала Вікторыя ў інтэрв’ю naviny.by. — І я паступіла ва ўніверсітэт свядома, таму што заўсёды хацела тут вучыцца. Я настойваю, што калі мяне выключаць, то гэта будзе толькі па палітычных матывах. Я спадзяюся, што паважаныя дарослыя людзі не апусцяцца да расправы з мяне толькі таму, што ім хтосьці загадвае гэта рабіць. Мне хочацца звярнуцца да кіраўніцтва універсітэта з просьбай пачуць мяне. Я добра вучуся, спраўляюся з жыццёвымі цяжкасцямі. У мяне ёсць грамадзянская пазіцыя, але я не збіраюся яе нікому навязваць ва ўніверсітэце.

Я хачу вучыцца, дайце мне скончыць БНТУ! Я не хачу эміграваць, хачу жыць у сваёй краіне!

Гісторыі астатніх студэнтаў у хуткім часе будуць апублікаваныя ў другой частцы матэрыяла.

Падтрымаць студэнтаў можна лістамі па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства