viasna on patreon

Праваабаронцы заклікалі Спецдакладчыкаў ААН умяшацца ў сітуацыю з пагаршэннем здароўя палітвязня Вячаслава Рагашчука

2020 2020-11-19T08:48:03+0300 2020-11-19T14:49:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vyacheslav_99.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы «Вясны» звярнуліся да Спецыяльных дакладчыкаў ААН па нагоды пагаршэння стану здароўя палітвязня Вячаслава Рагашчука, які ўтрымліваецца ў СІЗА-6 у Баранавічах у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Пінску. Праваабаронцы заклікалі да ўмяшальніцтва Спецдакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын і Спецдакладчыка па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання Нільса Мельцэра ў сітуацыю з нагоды неаказання палітвязню медыцынскай дапамогі ў ізалятары. Здароўе Вячаслава Рагашчука знаходзіцца ў небяспецы, пры такіх абставінах ён можа пазбавіцца працаздольнасці.

Палітвязень Вячаслаў Рагашчук

Пінчука Вячаслава Рагашчука затрымалі 10 жніўня. Цяпер ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Пінску па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Пасля затрымання ён падвергся жорсткаму збіццю на працягу трох дзён. Са словаў яго сукамернікаў, у камеры ў Пінскім ІЧУ ў Вячаслава была вісячая гематома за вухам, тры рассечаныя на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Вячаслаў Рагашчук утрымліваецца ў баранавіцкім СІЗА ўжо больш за тры месяцы. З першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ён скардзіцца на шум і звон у галаве, у СІЗА яму не аказваецца належная медыцынская дапамога, сваякі і ён сам настойваюць на поўным яго абследаванні.

Праваабаронцы "Вясны" звяртаюць увагу спецдакладчыкаў ААН, што расследаванні збіцця Вячаслава Рагашчука 10-12 жніўня да гэтага не распачата, хоць сваякі палітвязня неаднаразова звярталіся ў адпаведныя ведамствы з нагоды гэтага, а сам Вячаслаў праходзіў судмедэкспертызу ў ізалятары.

У кожным лісце палітвязень Вячаслаў Рагашчук піша пра пагаршэнне свайго здароўя. Каля месяца таму Вячаслаў напісаў родным, што ў ізалятары яму дыягнаставалі "кровазліццё, страсенне мозгу або траўму галавы" або "мікраінсульт". У лісце ад 4 лістапада ён піша, што стан яго здароўя пагаршаецца. Ён напісаў сваёй сястры Кацярыне, што ў яго дранцвеюць пальцы на руках, перастае адчуваць руку, амаль не адкрываецца правае вока. Палітвязень скардзіцца па-ранейшаму на звон у галаве, болі ў баку жывата. Вячаслаў паведаміў, што ў яго ўзялі з вены кроў, але медыцынскія работнікі адмовіліся паведаміць яму пра тое, для якіх мэт быў узяты аналіз. А ў сваім апошнім лісце палітвязень напісаў, што днямі страціў прытомнасць. Доктар вымераў яго крывяны ціск, і яно было 150/90.

"Сваякі палітвязня і сам Вячаслаў вельмі занепакоеныя станам ягонага здароўя. Яны звяртаюцца ў разнастайныя інстанцыі, аднак безвынікова. Лекары ў СІЗА кажуць, што падставаў для турбот няма, пры гэтым просяць сваякоў перадаць таблеткі, якія прызначаюцца пры сур'ёзнай хваробы галавы. Тое, што апісвае Вячаслаў у сваіх лістах, неаказанне яму медыцынскай дапамогі і адмовы ў паўнавартасным медыцынскім абследаванні, – гэта ніяк іншае як жорсткае абыходжанне.

Спадзяемся, што Спецдакладчыкі ААН умяшаюцца ў гэтую сітуацыю і Вячаслава ўсё ж такі адправяць на неабходнае яму поўнае абследаванне для далейшага належнага лячэння ў адпаведнасці з дыягназам", – адзначае праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук.

Здароўе Вячаслава Рагашчука знаходзіцца ў небяспецы, пры такіх абставінах ён можа пазбавіцца працаздольнасці. Таму праваабаронцы "Вясны" просяць Спецдакладчыкаў ААН па катаваннях і па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ўступіць у камунікацыю з урадам Беларусі і запатрабаваць у афіцыйных уладаў забяспечыць Вячаславу Рагашчуку вычарпальнае медыцынскае абследаванне і лячэнне, прадстаўленне эфектыўных сродкаў прававой абароны ад жорсткага абыходжання і неаказання медыцынскай дапамогі.

«Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні». Пяць гісторый палітвязняў «Пінскай справы»

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў. З чаго пачалася "Пінская справа", як яе фігурантамі сталі Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат, што яны пішуць у сваіх лістах — чытайце ў нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства