Чатыры гады калоніі за распылены пярцовы газ на супрацоўнікаў міліцыі на «Пушкінскай»

2020 2020-11-18T13:05:00+0300 2020-11-18T13:06:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud_mankinenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд над Паўлам Манкіненка

Суд над Паўлам Манкіненка

КАРТКА ПРАЦЭСА

Суд: Фрунзенскага раёна г. Мінска

Артыкул: 364 Крымінальнага кодэкса Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)

Абвінавачаны: Павел Манкіненка

Суддзя: Андрэй Млечка

Пакаранне, запрошваемае дзяржабвінавачаннем: 4 гады пазбаўлення волі

Пакаранне, прызначанае судом: 4 гады пазбаўлення волі

Пацярпелыя: супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС Мінска Юрый Чыркоў і Валянцін Казлоўскі

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 18 лістапада асудзіў 25-гадовага інжынера-праграміста Паўла Манкіненку паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса за распылены пярцовы газ на супрацоўнікаў міліцыі 5 верасня на "Пушкінскай" да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тады міліцыянты хацелі затрымаць мінчука з бчб-сцягам каля народнага мемарыяла памяці Аляксандра Тарайкоўскага. Па словах Паўла, ён адчуваў страх перад затрыманнем з-за падзей у жніўні, таму каб пазбегнуць затрымання, ён распыліў газ, пасля чаго паміж міліцыянтамі і ім завязалася патасоўка. Павел Манкіненка прызнаў віну цалкам, у судзе папрасіў прабачэнне ў міліцыянтаў, раскаяўся і ўжо выплаціў тысячу рублёў маральнай шкоды міліцыянту. Аднак суд усё роўна пакараў яго чатырма гадамі пазбаўлення волі. Менавіта такое пакаранне для Паўла і прасіў у суда дзяржаўны абвінаваўца.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае маніторынг крымінальных справаў, звязаных з поствыбарнымі падзеямі.

У чым канкрэтна абвінавацілі мінчука?

25-гадовага Паўла Манкіненку суддзя Фрунзенскага раёна Мінска абвінаваціў у тым, што ён 5 верасня каля 20 гадзін у падземным пераходзе на «Пушкінскай» «аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі Юрыю Чыркову і Валянціну Казлоўскаму пры выкананні імі аховы грамадскага парадку падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства», распыліўшы ў твар супрацоўнікаў газавы пярцовы балончык не менш за 2 разы, «чым прычыніў пацярпелым хімічны апёк, і неўстаноўленым прадметам прычыніў пабоі, штурхаўся, вырываўся з рук супрацоўнікаў, падчас таго, калі скочваліся ўніз па лесвічным пралёце, не менш за 8 крывападцёкаў у вобласці калена, вуха, плячо, кісці і перадплечча пацярпелым, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 364 КК».

Што кажа Павел Манкіненка наконт абвінавачвання?

Мінчанін прызнаў віну цалкам. На судзе ён растлумачыў, што 5 верасня каля 19:00 пайшоў да народнага мемарыяла памяці Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў 10 жніўня каля станцыі метро "Пушкінская", каб выказаць сваю нязгоду з актамі гвалту ў дачыненні да сваіх суграмадзян у жніўні. Праз 10 хвілін пасля таго, як ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг, да Паўла падышлі двое супрацоўнікаў міліцыі. Ён адразу ж згарнуў сцяг. Малады чалавек растлумачыў, што ён здагадваўся пра тое, што перад ім супрацоўнікі міліцыі, паколькі «пры сабе ў іх былі гумовыя палкі». Супрацоўнікі міліцыі Юрый Чыркоў і Валянцін Казлоўскі паведамілі Паўлу, што яны з "Фрунзенскай міліцыі" і што ён парушае парадак правядзення масавага мерапрыемства.

"Дастаў Канстытуцыю і растлумачыў, што мае права на мірнае выказванне свайго меркавання"

З адным з супрацоўнікаў міліцыі Валянцінам Казлоўскім у Паўла Манкіненкі завязаўся дыялог, падчас якога Павел дастаў Канстытуцыю і растлумачыў, што ён як грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права на мірнае выказванне свайго меркавання. Мінчук растлумачыў суду, што ён убачыў, як адзін з супрацоўнікаў падымае руку ў ягоны бок, пасля чаго малады чалавек зразумеў, што ўсё ідзе да ягонага затрымання. А паколькі Павел адчуваў страх перад затрыманнем з-за падзей у жніўні, вырашыў скарыстацца газавым балончыкам, каб пазбегнуць затрымання. Павел Манкіненка патлумачыў, што вырашыў перашкодзіць затрыманню, калі Валянцін Казлоўскі падняў руку над ім, пасля чаго ён распыліў балончык у вочы міліцыянту.

Хацеў пазбегнуць затрымання за выказванне ім свайго меркавання

Пасля траплення газу ў вочы Валянцін Казлоўскі адвярнуўся і закрыў твар. Затым Павел распыліў газ у бок Юрыя Чыркова, але, калі трапіў яму на маску, зразумеў, што ўцячы не атрымаецца. Пасля гэтага Павел нанёс удар рукой па галаве Юрыя Чыркова. Павел Манкіненка паспрабаваў уцячы, але Юрый Чыркоў схапіў яго за руку і тулава. Пасля гэтага абвінавачваны паспрабаваў адштурхнуць Чыркова правай рукой ад сябе, яны ўдваіх закруціліся, і, спусціўшыся на адзін лесвічны пралёт, упалі разам у пераходзе метро. Пасля гэтага на дапамогу падбег Валянцін Казлоўскі, які стаў заварочваць Паўлу рукі за спіну. Мінакі сталі адцягваць Казлоўскага ад Паўла Манкіненкі, і яму ўдалося ўцячы па пераходзе ў двары на вуліцы Прытыцкага.

Павел Манкіненка настойваў у судзе, што не карыстаўся ніякім "неўстаноўленым прадметам", які маецца ў тэксце абвінавачвання. Таксама ён паведаміў, што асноўным матывам яго дзеянняў было жаданне пазбегнуць затрымання за выказванне ім свайго меркавання. На судзе Павел адзначыў, што помсты да супрацоўнікаў у яго не ўзнікла, паколькі ён нават не паспеў адчуць падобных эмоцый.

25-гадовага мінчаніна затрымалі праз тыдзень і асудзілі на адміністрацыйны арышт за «10 хвілін на «Пушкінскай» з БЧБ-сцягам». На яго таксама была ўзбуджаная крымінальная справа.

У судзе Павел заявіў, што ён цалкам раскайваецца ў зробленым і гатовы панесці пакаранне. Ён таксама распавёў, што ён быў 5 верасня вельмі ўспрымальным з-за растання з дзяўчынай, з якой сустракаўся тры гады, а таксама быў у засмучаных пачуццях з-за інфармацыі ў СМІ аб катаваннях і прыніжэннях з боку супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да грамадзян у жніўні. Балончык, па словах Паўла, ён насіў пры сабе на працягу апошняга паўгоддзя.

Што кажуць пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі?

Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнаныя супрацоўнікі Фрунзэнскага РУУС Мінску старэйшы лейтэнант Юрый Чыркоў – участковы інспектар і капітан Казлоўскі Валянцін – інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

На пачатку судовага пасяджэння суддзя ўстанаўліваў асобы бакоў у працэсе. Калі пацярпелы Юрый Чыркоў стаў агучваць свае анкетныя дадзеныя, дзяржаўны абвінаваўца заявіла хадайніцтва аб тым, каб у пасяджэнні не ўстанаўліваліся ідэнтыфікацыйныя дадзеныя пацярпелых у сувязі з магчымым паступленнем пагроз у іх адрас і распаўсюджвання асабістай інфармацыі. Суддзя Андрэй Млечка задаў пытанне пацярпелым, ці паступалі ім якія-небудзь пагрозы. Супрацоўнікі міліцыі адказалі, што не. Суддзя адхіліў хадайніцтва пракурора, але паведаміў пацярпелым, што яны маюць права не называць сваё месца жыхарства.

Пацярпелыя Валянцін Казлоўскі і Юрый Чыркоў суду растлумачылі, што 5 верасня яны неслі службу ў раёне станцыі метро "Пушкінская". На горачцы каля крамы «Хіт» супрацоўнікі ўбачылі Паўла Манкіненку з бел-чырвона-белым сцягам – яны спусціліся да яго. Яны сцвярджалі, што мэты затрымліваць Паўла ў іх не было і ў той дзень яны неслі службу без баявой зброі пры сабе.

Супрацоўнік міліцыі Юрый Чыркоў на судзе заявіў пазоў на 1,5 тысячы рублёў аб спагнанні маральнай шкоды. Ён патлумачыў гэтую суму тым, што "дзеяннямі абвінавачанага яму былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні, пасля якіх ён па рашэнні лекара два тыдні насіў лангету". Павел Манкіненка прызнаў пазоў цалкам. Ён ужо пагасіў тысячу рублёў маральнай шкоды.

Іншы супрацоўнік міліцыі Валянцін Казлоўскі не стаў прад'яўляць пазоў аб спагнанні маральнай шкоды. Ён папрасіў суд не выкарыстоўваць да Паўла Манкіненкі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі і абмежавацца асуджэннем абвінавачанага да абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

"На волі магу прынесці значна больш карысці грамадству"

Дзяржаўны абвінаваўца папрасіла суд пакараць Паўла чатырма гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму "з улікам падвышанай грамадскай небяспекі зробленага".

У апошнім слове Павел Манкіненка прасіў суд не караць яго пазбаўленнем волі, паколькі ён усвядоміў сваю памылку і на волі можа прынесці значна больш карысці грамадству, чым у папраўчай установе.

18 лістапада суддзя Андрэй Млечка абвясціў прысуд Паўлу Манкіненку і асудзіў яго да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Суддзя прызнаў яго вінаватым па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса: "Учыненне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства