viasna on patreon

Хроніка пераследу ў пятніцу 13 лістапада Дакумент Дапоўнена

2020 2020-11-13T18:48:00+0300 2020-11-14T19:14:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/silaviki_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 лістапада працягваецца пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Раніцай 13 лістапада дадому да праваабаронцы "Вясны" і журналістка Тамары Шчапёткінай у Бярозе прыйшлі з вобшукам. Абставіны высвятляюцца. Нядаўна ў адносінах да Тамары Шчапёткінай была спыненая крымінальная справа па арт. 188 (Паклёп) і 189 (Знявага) Крымінальнага кодэксу: за адсутнасцю складу злачынства, паколькі не былі названыя прозвішчы і імёны тых, хто прыняў на свой кошт "знявагу і паклёп".

Дапоўнена. Да журналісткі прыходзілі шэсць брэсцкіх супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Падстава – абвінавачванні па арт. 188 і 189 Крымінальнага кодэкса. Забралі два ноўтбукі, мабільны тэлефон, дыктафон, фатаапарат, блакноны, запісы прозвішчаў міліцыянтаў, што рабілі "дагляд".

Як паведамляе журналістка Марына Коктыш, у рэдакцыю «Народнай Волі» прыйшлі невядомыя людзі без дакументаў. Яны не прадстаўляюцца. Хочуць канфіскаваць увесь сённяшні тыраж. Кажуць, што едзе АМАП. Кіроўцу, які прывёз газеты, затрымалі. Таксама затрыманыя два валанцёры.

У Магілёве быў затрыманы на працоўным месцы Ігар Клінцоў. Людзі ў цывільным даставілі яго ў Следчы камітэт. Яны не прадставіліся, толькі сказалі, што праз гадзіну ён вернецца назад з позвай. Прайшло ўжо 2,5 гадзіны – інфармацыі пра Клінцова дагэтуль няма. Дзяўчына Ігара спрабавала дамагчыся інфармацыі ў СК, аднак там ёй, з яе словаў, паведамілі, што такога ў іх няма.

Па інфармацыі "Беларускай асацыяцыі журналістаў", да фатографа "Новага Часу" Дзмітрыя Дзмітрыева прыйшлі з вобшукам. Ён на днях выйшаў пасля адміністрацыйнага арышту. Дзмітрый таксама праходзіць падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (арт. 342 КК РБ — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Фатограф расказаў, што прыйшлі з пастановаю на вобшук у межах гэтай крымінальнай справы. Далі распісацца, што азнаёмлены з ёй. Кватэру агледзелі хутка. У выніку нічога не забралі.

Па інфармацыі "Нашай Нівы" ўвечары міліцыянты прыйшлі з вобшукам да Алены Ліхавід, маці былога палітвязня Мікіты Ліхавіда.

Затрыманні падчас акцый у памяць загінулага Рамана Бандарэнкі

У 12 гадзін у Беларусі была абвешчаная неафіцыйная хвіліна маўчання ў памяць аб загінуўшым 12 лістапада Рамане Бандарэнкі. Людзі ў гэты час выбудаваліся ў Ланцугі салідарнасці па розных гарадах Беларусі. Паведамляецца, што на праспекце Незалежнасці былі затрыманыя некалькі чалавек. Сярод затрыманых – Агнія Лойка, кіраўніца спецпраектаў TUT.BY Марыя Ерома, Аляксей Казлоў, Юрый Кункевіч, Дзмітрый Бурый, Юрый Томасаў, Андрэй Костка, Аляксандр Каржоў, Марыя Папова, Аляксандр Страхаў, Аляксандр Станчык, Вольга Андрэева, Аляксандр Галавачэнка, Грыгорый Міхалап. Ва Уруччы увечары была затрыманая Вікторыя Раганава, Яўген Бірук, Вольга Зялінская.

У Серабранцы днём затрыманы Ягор Камбалаў. Яго даставілі ў Ленінскае РУУС.

У Мінску таксама быў затрыманы акцёр Драматычнага тэатра імя Горкага Ігар Андрэеў. У 14:19 ён калегам даслаў паведамленне "Затрымалі мянты". Больш ніякай інфармацыі няма. 

Паведамляецца, што таксама затрыманы лекар БХМД Уладзімір Кравец і ўрач Мінскай ЦРБ Кацярына Вілюга.

У Брэсце затрымалі на Усходзе каля 12:20 падчас хвіліны маўчання з нагоды забойства Рамана Бандарэнкі побач з месцам гібелі Геннадзя Шутава:

  • Лідзію Лысюк
  • Вольгу Ляшчынскую 
  • Ігара Ермаловіча 
  • Андрэя Жынгероўскага 
  • Ігар Ярмашэвіч

Таксама ў Брэсце на прыпынку МОПРа быў затрыманы Раман Рэшацкі.

У Слуцку падчас хвіліны маўчання была затрыманая Інна Славінская. Таксама, меркавана, ноччу затрыманы 23-гадовы Арцём Акуліч. Ён паспеў патэлефанаваць маці і сказаць, што яго "ўзялі з фарбай".

У Маладзечне каля "Пінгвіна" на вуліцы Талстога затрымана Жанна Мандрык.

Таксама вядома пра затрыманне падчас акцыі ў Вілейцы. Сярод затрыманых – Аляксей Сюдак і Андрэй Кудзік. Увечары з дома супрацоўнікі міліцыі забралі Віталя Саланца.

У Ляхавічах затрымалі ўсіх мужчынаў і жанчын, якія выйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку. Праваабаронцам "Вясны" паведамілі наступныя прозвішчы:

  • Бурвель Марына
  • Канышок Ірына
  • Кендыш Петр
  • Коктыш Анастасія
  • Кулік Анатоль
  • Пашкевіч Валянцін
  • Смірноў Геннадзь
  • Шастаковіч Тамара
  • Шынгель Яўген
  • Шэўчык Віктар,
  • Чарняўскі Віталь

Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што затрыманы таксама лідар гурта "Стары Ольса" Дзмітрый Сасноўскі. Паведамляецца, што затрыманне адбылося ў Клецку. Змітра Сасноўскага пакінулі ў ізалятары да суда ў панядзелак.

У Светлагорску прыкладна ў 13:00 пасля акцыі на "Колакале" затрымалі мясцовага актывіста Анатоля Змітровіча. Яго падвозіў на машыне нейкі хлопец, іх астанавілі супрацоўнікі ДАІ. Змітровіч выйшаў з машыны і яго адразу затрымалі. Павезлі ў РАУС. 

У Барысаве затрымана Анастасія Макарэнка. Яе даставілі мясцовае РАУС.

У Докшыцах паведамляецца пра затрыманне:

  • Таццяны Дорц,
  • Ірыны Пранько,
  • Ігара Шауры,
  • Сяргея Пляшкуна,
  • Даяны Ранкоўскай,
  • Арпіны Бадалян,
  • Вадзіма Ходаля,
  • Алена Падбярэзская.

Паведамляецца, што яны затрыманыя да суда да панядзелка.

Стала вядома, што затрыманая ўчора выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. 342 КК. Яе вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Па гэтай жа справе праходзяць затрыманыя ўчора студэнты (Кася Будзько, Яна Арабейка, Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік і іншыя). Вольга прымала ўдзел у страйку працаўнікоў БДУІР і была адной з тых, хто запісаў відэазварот да беларусаў з заклікам не выконваць злачынныя загады. Верагодна, яны ўсе знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Поўны спіс затрыманых студэнтаў:

1. Ксенія Сырамалот, студэнтка ФФСН БДУ, прэс-сакратарка Задзіночання беларускіх студэнтаў і Валантэрка Вясны.
2. Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сяброўка Рады Задзіночання беларускіх студэнтаў і актывістка Моладзевага блоку.
3. Ягор Канецкі, студэнт БДУ і сябар Задзіночання беларускіх студэнтаў, актывіст Вольнага прафсаюзу
4. Яна Арабейка, студэнтка БДПУ і прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў.
5. Кася Будзько, студэнтка БДПУ і прыхільніца Задзіночання беларускіх студэнтаў.

6. Глеб Фінцэр, студэнт МДЛУ.
7. Вікторыя Гранкоўская, адлічаная студэнтка БНТУ.
8. Марыя Каленік, студэнтка БДАМ.
9. Анастасія Булыбенка, адлічаная студэнтка БНТ

У Баранавічах затрыманая на акцыі Людміла Бобрык, ёй атрымалася патэлефанаваць з ГАУС і паведаміць родным аб сваім затрыманні. Абставіны ўдакладняюцца. Таксама ў Баранавічах затрыманыя Аляксандр Маленькі, Інна Рабцэвіч, Сяргей Арцюх, Н. Шэйна.

Як паведамляе TUT.BY, у Косава затрымалі 54 стачкамаўцаў Беларуськалія, якія паехалі туды на экскурсію. Цяпер работнікаў Беларуськалія адвезлі ў Івацэвіцкі РАУС. Па словах затрыманых, сілавікі хочуць ўстанавіць іх асобы. Цяпер яны перапісваюць іх дадзеныя. Сярод затрыманых – Юрый Корзун. Турыстычную групу з «Беларуськалія» абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.Падставай для затрымання стала тое, што ў людзей былі з сабою бел-чырвона-белыя сцягі. Паводле інфармацыі стачкаму "Беларуськалія", на дадзены момант сем'і з непаўналетнімі дзецьмі, экскурсавод, кіроўца знаходзяцца ў РАУС гораду Івацэвічы. Затрыманым інкрымінуецца артыкул 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

  • Белавусаў Віталь Яўгенавіч
  • Данілевіч Максім Ігаравіч
  • Корзун Юрый
  • Пучэня Павел Васільевіч
  • Шафрановіч Наталля

Поўны спіс друкуе @stachkom

У Смаргоні затрыманыя Людміла Сульжыцкая, Андрэй Пупкевіч, а таксама праваабаронца "Вясны" Алесь Дзяргачоў. Таксама паведамляюць пра затрыманне Аляксандра Нагеллы і Андрэя Нядужкі.

У Глыбокім за акцыю памяці Рамана Бандарэнкі затрымалі дырэктара рынка Паўла Лаўрыновіча. Ён змешчаны ў ІЧУ. Таксама за гэту акцыю затрымалі дзяўчыну Сашу Шымко.

У Паставах за акцыю салідарнасці ўчора былі затрыманыя чатыры чалавекі. Адзін з іх - Анатоль Астроўскі.

Увечары у Мінску некалькі чалавек затрымалі на праспекце Дзяржынскага, таксама адбыўся «хапун» ля БДМУ. Сярод затрыманых – Аляксей Ракецкі. Праваабаронцам "Вясны" вядома, што таксама ўвечары каля РНПЦ на Машэрва супрацоўнікі ГУБАЗіКа разагналі ланцуг салідарнасці. У Цэнтральны РУУС прывезлі каля 15 чалавек. Ёсць інфармацыя, што іх моцна збівалі, у тым ліку жанчын.

Каля 20:00 у Мінску на вуліцы Вадалажская падчас дваравога чаяпіцця сілавікі затрымалі двух сясцёр Марыну Кантаровіч і Наталлю Корсак. Верагодна, іх павезлі ў Першамайскае РУУС. У жанчын дома дзеці 2-х і 5-ці гадоў. 

Паведамляецца, што затрыманы кіраўнік мужчынскага хора "Унія" Павел Гонца. Паўла выклікалі сёння ў Партызанскі РУУС г. Мінска у якасці асоба, у адносінах да якой вядзецца працэс па арт. 23.34 КаАП. Цяпер ён знаходзіцца ў Партызанскім РУУС г. Мінска

Інфармацыя дапаўняецца.

Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

У сувязі з маштабнымі затрыманнямі ў Мінску ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаецца шмат людзей, каб даведацца пра лёс родных і блізкіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства