viasna on patreon

На заснавальніка “Дзеі” ўзбудзілі дзве крымінальныя справы. Адна з іх — за ўзлом сістэмы Мінгарвыканкама Фота Дапоўнена

2020 2020-11-06T11:52:56+0300 2020-11-06T20:01:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dinamo_brest_cybersport_vas_tutby_phsl_20170621_img_7163.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманага 3 лістапада заснавальніка і сябра рады грамадскага руху “Дзея” Кіма Самусенку падазраюць ва ўзломе кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама (ч. 2 арт. 349 КК) і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, у Мінску з 9 жніўня (ч. 1 арт. 342 КК). Праз два дні быў затрыманы і брат Кіма — Аляксей Самусенка. «Вясна» распавядае, што вядома па гэтай справе на дадзены момант.

Кім Самусенка. Фота: TUT.BY
Кім Самусенка. Фота: TUT.BY

Затрыманне сябра рады “Дзея” Кіма Самусенкі

Сябру рады грамадскага руху “Дзея” Кіма Самусенку затрымалі 3 лістапада дома пасля вобшукаў у яго дома і доме ягонай маці. Пасля жорсткага вобшука, які суправаджаўся стрэламі ў доме і прымяненнем фізічнай сілы, сілавікі забралі ўсю тэхніку Кіма і ягонай жонкі, зарэгістраваную паляўнічую зброю, грошы, бчб-сцяг, сцяг Украіны, украінскі пашпарт жонкі і іншае. Родным паведамілі, што мужчына затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі). Яго змясцілі ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе знаходзіцца і цяпер.

Вынятыя рэчы Кіма Самусенкі
Вынятыя рэчы Кіма Самусенкі

СК: “3 лістапада ўзламалі сістэму Мінгарвыканкама”

Праз два дні пасля пасля затрымання Кіма Самусенкі Следчы камітэт Беларусі заявіў, што ён і яго знаёмы датычныя да ўзлома кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама.

«Паводле звестак следства, уначы 3 лістапада 34-гадовы мужчына, знаходзячыся на тэхнічным паверсе будынка на вуліцы Прытыцкага ў Мінску, дзейнічаючы з неўстаноўленымі асобамі, з асабістай зацікаўленасці, з дапамогай кампутарнай тэхнікі шляхам парушэння сістэмы абароны ажыццявіў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сетцы Менскага гарадскога выканкама»,заявілі ў ведамстве.

Пазней, як гаворыцца ў паведамленні СК, быў затрыманы яго знаёмы, датычны да ўзлома кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама. Гаворка ідзе пра заснавальніка “Дзеі” Кіма Самусенку:

«Па даручэнні следчага па месцы жыхарства затрыманага, 31-гадовага мінчаніна, супрацоўнікамі міліцыі праведзены вобшук, у ходзе якога выяўлены шэраг рэчавых доказаў, у тым ліку агнястрэльная зброя, боепрыпасы, бронекамізэлькі, каскі, мячы, радыёстанцыі і ўлёткі з заклікамі да страйку».

Пры гэтым, як паведамлялі адразу родныя Кіма, вынятая зброя з кватэрыя Кіма з'яўляецца зарэгістраванай, а на бронекамізэльку ніякі дазвол не трэба.

Вынятыя рэчы Кіма Самусенкі
Вынятыя рэчы Кіма Самусенкі

Вядома, што па гэтай справе затрыманыя Іван Андрушойць і Аляксандр Хацкевіч. Іван Андрушойць на дадзены момант знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Але больш падрабязнай інфармацыі па затрыманых пакуль няма. 

Пазней стала вядома, што ў межах гэтай справы таксама затрыманы Павел Дрозд. Ён таксама змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна.

СК: «Актыўныя ўдзельнікі мітынгаў»

Акрамя гэтага, Следчы камітэт заявіў, што Кім Самусенка і яго знаёмы «з'яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі сталіцы з 9 жніўня гэтага года». Да такіх высноваў следства прыйшло пасля вывучэння мабільнага тэлефона затрыманага 34-гадовага мужчыны. У паведамленні СК фігуруюць перапіскі ў тэлеграме.

5 лістапада таксама быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК брат Кіма — Аляксей Самусенка. У яго доме таксама прайшоў вобшук і ён змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна. Але пакуль невядома, у чым яго канкрэтна падазраюць.

Цяпер Кім Самусенка і затрыманы па гэтай справе прызнаныя падазраванымі ў несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі, учыненым групай асоб па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Беларусі) і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

Скрыншот з відэа СК. Меркавана, на фота Кім Самусенка
Скрыншот з відэа СК. Меркавана, на фота Кім Самусенка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства