СУДОВЫЯ ВЫКАНАЎЦЫ АПІСАЛІ АБСТАЛЯВАННЕ РЭДАКЦЫІ ГАЗЭТЫ НАША СВАБОДА

2002 2002-08-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

31 ліпеня, а чацьвёртай гадзіне, у памяшканне, дзе месціцца рэдакцыя газэты НАША СВАБОДА нанеслі візіт чатыры судовых выканаўцы. Яны правялі тут выканаўчыя дзеянні па іску аб абароне гонару і годнасці старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоля Тозіка да НАШАЙ СВАБОДЫ. Была апісаная ўся маёмасць, што знаходзілася ў памяшканні рэдакцыі: кампутары, аргтэхніка і г.д. Падас падзеі прысутнічалі супрацоўнікі рэдакцыі і міліцыянты. Галоўны рэдактар выдання Павал Жук лічыць дзеянні судовых выканаўцаў незаконнымі, бо апісаная аргтэхніка знаходзіцца ў прыватнай кватэры й належыць прыватным асобам, а не рэдакцыі газэты. Цяпер уласнікам абсталявання прыдзецца даказваць, што арыштаваныя кампутары належаць не рэдакцыі газэты, а фізічным асобам. Пакуль апісаная маёмасць не забраная з рэдакцыі і ёй магчыма карыстацца па-прызначэнні. 1 жніўня павінен выйсці чарговы нумар НАШАЙ СВАБОДЫ.
Скончыўшы опіс маёмасці НАШАЙ СВАБОДЫ, судовыя выканаўцы накіраваліся да хаты да журналіста Міхаіла Падаляка, які таксама пазначаны ў якасці адказчыка па дадзенай справе: Тозік патрабуе спагнаць з НАШАЙ СВАБОДЫ 200.000.000 рублёў, а з журналіста – 15.000.000 рублёў. Дзеянні судовых выканаўцаў ажыццяўляюцца ў межах гэтак званых мерапрыемстваў па забеспячэнні іску: уласнасць адказчыкаў апісваецца яшчэ да таго, як пачаўся разгляд справы.
Адзначым, што ў дадзены момант у вытворчасці Савецкага суда г. Мінску знаходзіцца іск па абароне гонару і годнасці Аляксея Шыдлоўскага. Адказчыкам тут пазначаныя газэта Советская Белоруссія і яе рэдактар Павал Якуббовіч, справа знаходзіцца ў судзе ўжо месяц, але маёмасць адказчыкаў ніхто не апісваў, ніякіх выканаўчых дзеянняў адносна рэдакцыйнага абсталявання Советской Белоруссіі не ажыццяўлялася. Відавочна, што ў дадзеным выпадку мы маем яскравы прыклад палітычнага пераследу: Тозік падаў іск (а судовыя выканаўцы кінуліся хутка забяспечваць ягонае выкананне) пад уплывам апошніх заяваў прэзідэнта Лукашэнкі аб неабходнасці “разабрацца прававымі сродкамі з газэтамі, што распаўсюджваюць інфармацыю, дыскрэдытуючую дзчржаўных чыноўнікаў”. Гэтая справа ўкладаецца ў шэраг “журналісцкіх” справаў апошняга часу: ліквідацыя газэты “ПАГОНЯ”, крымінальны пераслед журналістаў ПАГОНІ і РАБОЧАГА, шматлікія адміністратыўныя штрафы да журналістаў, якія выступаюць у абарону свабоды слова – усё гэта знакі вайны, якую разгарнула дзяржава супраць незалежнай прэсы.
Сп. Тозік абураны з артыкула журналіста Міхаіла Падаляка "Канфідэнцыйна", у якім аўтар раскрыў "непрыхільныя" дачыненьні паміж кіраўніком Дзяржкантролю й генэральным пракурорам краіны Віктарам Шэйманам. А.Тозік заяўляе, што гэтыя зьвесткі ня толькі зьневажаюць ягоныя гонар, годнасьць і справавую рэпутацыю, але й "падрываюць аўтарытэт улады ў краіне". У артыкуле “Канфідэнцыйна”, які выклікаў абурэньне высокага чыноўніка, распавядаецца пра нябачную барацьбу пэўных груповак і асобаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар матэрыялу, спасылаючыся на пэўныя дакладныя запіскі расейскіх спэцслужбаў, сьцьвярджаў сярод іншага, што Анатоль Тозік пісаў дакладныя запіскі на імя Аляксандра Лукашэнкі, крытыкуючы ў іх генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Менавіта гэтае месца прыводзіць у сваім пазове Анатоль Тозік, называючы гэтыя цьверджаньні абразай свайго гонару. У зыскавай заяве сп. Тозік цьвердзіць, што, наадварот, прапрацаваўшы шмат гадоў разам з В.Шэйманам, ён лічыць генпракурора "кіраўніком высокага ўзроўню".
Але НАША СВАБОДА сцьвярджае, што дакумэнты, на якія яны спасылаюцца, існуюць, можна іх прад’явіць. Суду, каб засьведчыць іх, прыйдзецца рабіць запыт у расейскае ФСБ. Гэта, скажам так, апэратыўныя дадзеныя ад расейскага ФСБ. Але гэтыя дакумэнты ёсьць, і хай суд вырашае іхную адпаведнасьць.
”З КДК — ведамства Тозіка — штомесяц ідуць дакладныя запіскі аб стане справаў да прэзыдэнта. Яны праходзіць праз канцылярыю, там яны рэгіструюцца. Рэгістрацыйныя нумары ў нас ёсьць, мы можам запрасіць канцылярыю, каб яна іх паказала” – кажа рэдактар выдання Павал Жук. Між іншым, артыкул ніяк нельга лічыць ганебным для сп. Тозіка: ён там прадстаўлены як змагар за справядлівасць, які вядзе барацьбу супраць карупцыі ў вышэйшых эшэлонах улады і намагаецца таго, каб генпракуратура працавала лепшым чынам.
Працэс над НАШАЙ СВАБОДАЙ пачнецца ўжо ў наступную пятніцу, 2 жніўня. Вядзе справу судзьдзя Анатоль Савіч, які ў свой час паспрыяў закрыцці газэты НАВІНЫ, папярэдніцы НАШАЙ СВАБОДЫ: ён задаволіў шматмільярдны іск да гэтага выдання, пададзены ад ... таго самага Шэймана. Павал Жук у сваім каментары для радыё Свабода расцэньвае гэтыя акалічнасьці наступным чынам: “Зараз існуе замова, каб цалкам прыдушыць усю незалежную прэсу. Гэта факт. Мы бачым, як разьбіраліся з “Пагоняй”, як разьбіраюцца зараз з газэтай “Рабочы”, толькі закончыўся суд над “Народнай Воляй”, ну і зараз будзе суд з намі. Гэта ні што іншае, як замова найвышэйшай улады, каб прыдушыць незалежную прэсу”.
У выпадку задавальнення іску ў поўным аб’ёме, газэта НАША СВАБОДА будзе даведзеная да банкруцтва. Для беларускіх газэтаў 120 000 амерыканскіх даляраў – надзвычай вялікія грошы.
У нашай краіне зараз не проста небяспечна для газэты крытыкаваць уладу. Небяспечна нават узгадваць імя чыноўніка. Вайна супраць свабоды слова разгортваецца ўсё мацней.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства