Блог Валянціна Стэфановіча: Любоў тут болей не жыве

2020 2020-06-11T12:36:00+0300 2020-06-11T09:20:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/valiancin_stefanovich-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Валянцін Стэфановіч. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Здаецца, нічога не змянілася. Усё, што адбываецца сёння –  мы ўжо калісьці бачылі. Выбары ў Беларусі, як і раней, застаюцца працэсам скрайне прадказальным і кіраваным. А інакш у краіне, дзе ўжо 20 гадоў адсутнічае нармальны канкурэтны і плюралістычны палітычны працэс, і быць не можа. Любая альтэрнатыва нязменнаму кіраўніку дзяржавы ўспрымаецца тут, як пагроза нацыянальнай бяспецы, як дзёрзкі выклік “яму самому”. Менавіта таму пасля ўсіх прэзідэнцкіх выбараў, за выключэннем 2015, некаторыя з тых, хто кінуў гэты выклік – апынаюцца ў турмах. Як паказвае гэтая сумная завядзёнка асабліва жорстка “ён” разбіраецца з “перабежчыкамі” – учорашнімі прадстаўнкамі ўлады, заявіўшымі пра свае альтэрнатыўныя палітычныя амбіцыі. Таксама па гэтай жа сумнай завядзёнцы электаральныя кампаніі ў нашай краіне, як правіла, суправаджаюцца рэзкім ростам рэпрэсій у дачыненні да асабліва незадаволеных такім станам рэчаў.

Не стала выключэннем і сёлетняя выбарчая кампанія. Толькі хіба гэтыя самыя рэпрэсіі пачаліся ранавата,  фактычна ва ўнісон з абвяшэчннем “палаткай” прэзідэнцкіх выбараў. Выбары яшчэ не скончыліся, а мы ўжо маем сотні затрыманых, дзесяткі арыштаваных, а колькасць палітвязняў у краіне ўжо павялічылася да 10 чалавек. І гэта падобна яшчэ не канец. Выбары ў Беларусі гэта як маленькая вайна, ніколі не ведаеш ці не накрые цябе выбуховай  хваляй у гэты раз.

Самае напэўна сумнае пры гэтым – асэнсаванне, што ніякіх сюрпрызаў і ў гэты раз не будзе. Машына спрацуе спраўна, а надзейныя вінцікі гэтай машыны ў выбарчых камісіях усіх узроўняў забяспечаць надзейную працу гэтага, як часам здаецца, вечнага рухавіка. Гэта гульня з загадзя  вядомым  “пераможцам”.

Але пры ўсім песімістычным пэйзажы мясцовага ланшафту, нават звыкламу да яго воку, бачна нешта новае. Нешта няўлоўна новае ў настроях грамадства. Падобна што “яго” больш ніхто не любіць. Гэта бачна па настроях звычайных грамадзян, у тым ліку ягоных былых прыхільнікаў.  Яскравай візуалізацыяй гэтай народнай нелюбові сталі агромістыя чэргі ў вялікіх гарадах  і мястэчках па ўсё краіне, чэргі ў якіх грамадзяне, вырагодна  без усялякай надзеі, тым не менш дэманструюць гэтую нелюбоў і прагу да пераменаў.

Хіба гэта ўпершыню, калі на ўдзельнікаў нешматлікіх пікетаў за “яго” людзі глядзяць з неразуменнем і раздражненнем, глядзяць як на дзівакоў. Сёння мы быццам памяняліся месцамі. Усе гэтыя гады, такія як я,  былі незразумелымі для большасці маргіналамі, якія талдычаць пра нейкую дэмакратыю і правы чалавека. Штосці паслужыла штуршком для пераменаў грамадскіх настрояў. Эканамічны крызіс, падзенне ўзроўню жыцця, ці пагарда да простага люду з боку адарванага ад народа “небажыцеля”? Усе гэтыя дармаедскія дэкрэты, бясконцыя суботнікі, ды яшчэ парады ў разгар пандэміі. Ааналітыкі называюць гэта разрывам сацыяльнага кантракту паміж народам і ўладай. Можа і так.

Цяпер у ролі  маргінала будзе “ён” і ягонае бліжэйшае атачэнне. Нягледзячы на ўсю іхнюю моц і багацце. Гэта новая рэальнасць для “яго”. Быць неабраным народам прэзідэнтам, прэзідэнтам народа, які больш не любіць цябе. Заваяваць гэтую народную любоў  назад будзе цяжка, а хутчэй за ўсё немагчыма. Эфект стомы ад нязменнага вось ужо 26 гадоў лідэра робіць сваю справу. Верагодна мы назіраем канчатковую дэвальвацыю народнай падтрымкі існуючага рэжыму і ўсё большай запатрабаванасці на перамены.

Мы ўсе стаміліся ад гэтага сонца. 

Любоў тут болей не жыве.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства