viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Цугундзер

2020 2020-01-30T14:48:39+0300 2020-03-03T10:03:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_cugundzeer.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

*Цугундзер – вайсковая турма (у першапачактовым значэнні).

У каравульным пакоі было душна. Праз бруднае шкло вакна на стол падалі цяжкія промні вечаровага жнівеньскага сонца. Капітану, што сядзеў за сталом, было відавочна сумна і млосна. Пабачыўшы мяне, ён падняў стомленыя вочы і абыякава паглядзеў.

– Тащтан! Рядовой Стефанович для отбытия ареста прибыл!

– Сколько? – млява спытаў капітан.

– 10 суток, тащтан! – стоячы на выцяжцы адказаў я.

– За что?

– Употребление спиртных напитков в наряде.

– Ты что, алкаголик? – ужо больш зацікаўлена спытаў капітан.

– Никак нет.

– Ну так а чего тогда пьёшь? А? Да ещё в наряде? Чё молчишь?

– Так вышло, тащтан. Виноват.

– Вышло, вышло…. Выводной, уведи в его в камеру, –  стомлена загадаў капітан, які ізноўку рэзка страціў ўсялякі інтарэс да мяне і, здавалася, да ўсяго навакольнага свету.

Смуглявы сяржант-узбек з аўтаматам за плячыма вывеў мяне з каравулкі і завёў у будынак, у якім месцілася гарнізонная гаупвахта. Гэта было шэрае бетоннае збудаванне, агароджанае такім жа бетонным мурам і з закратаваным у жалезную сетку небам прагулачнага дворыка. Унутры было пуста, арыштантаў мабыць вывелі на нейкі працы.

– Ремень давай, – сказаў сяржант.

Я моўчкі аддаў яму свой скураны “дзедаўскі” рэмень.

– Захады, дарагой! – сказаў сяржант, адчыняючы дзверы адной з камер.

Бетонны пакой з маленечкім закратаваным вакенцам пад самай столлю. Некалькі вялізных драўляных нараў былі паднятыя і замацаваныя да сцен жалезнымі ланцугамі з замкамі, на падлозе чамусьці была наліта вада. Пах сырога бетону і яшчэ чагосьці смярдзючага ўдарыў у нос, хоць прыбіральні ў камеры не было.  

Вось жа, нават на падлогу не сядзеш, бо вады па шчыкалатку. Мабыць адмыслова паналівалі, паскуды. Ды яшчэ і парашы ў камеры няма, гэта значыць кожны раз трэба будзе вываднога клікаць, каб на вуліцу ў прыбіральну вывеў. “А ці выведзе, невядома”, – падумаў я пра сабе, пакуль сяржант з лязгатам зачыняў за мной жалезныя дзверы камеры.

Ну што, трымайся, Валік. Дзесяць сутак пекла табе гарантаваныя. І навошта я з гэтым Эдзікам пагадзіўся ў нарад на КПП заступаць? З ім ніколі нічога добрага чакаць не выпадае, ён жа вядомы “залётчык”, для яго “губа” – дом родны. А мне гэта ўсё на халеру? Чым я толькі думаў, калі пагадзіўся выпіць з незнаёмымі мне “цывільнымі” хлапцамі?

Удосталь пакаштаваўшы таннага і смярдзючага самагону, мы з Эдзікам абняўшыся вяселі на шлагбаўме КПП і спявалі песні. Была ціхая летняя ноч, прапар наш кудысьці адскочыў з нейкай дзявахай, якія часта круціліся каля КПП. А мы п’яныя і шчаслівыя, як шчанюкі, працягвалі радавацца жыццю, на нейкі час забыўшыся хто мы і дзе мы. Але не доўга…

Наступны ўрывак зафіксаваў у памяці, як прыбыўшы на КПП гарнізонны патруль закінуў нас у кузаў ЗІЛа, што павёз нас на гарнізонную гаўпвахту. У кузаве машыны, па дарозе ў вайсковую турму, мы з Эдзікам працягвалі спяваць. Ачунялі мы з ім толькі ранкам, лежачы на бетоннай падлозе агульнай камеры з дзікім галаўным болем і смагай. Толькі тады да нас дайшло, што мы ўчора ўтварылі і дзе ў выніку апынуліся.

Потым быў скандал на весь гарнізон і арышт нам абвяшчаў асабіста камандзір дывізіі, генерал-маёр Болдыраў. Выслухаўшы наш кароткі даклад, Болдыраў неяк нязлосна і па-бацькоўску прабасіў:

– Ну вы і рас…дзяі! 10 сутак арышту!

– Ёсць 10 сутак арышту, – хорам адказалі мы.

Камандзір, які нас суправаджаў, спытаў:

– А можно, товарищ генерал, я их по отдельности посажу? Чтобы им там не так весело сиделось?

– Разрешаю, – адказаў генерал.

“Так што патрапіў дык патрапіў”, – думаў я, аглядаючы цёмна-шэрыя шурпатыя сцены камеры.

Гаўпвахта мела злавешчую рэпутацыю ў нашым гарнізоне. Асабліва “начгуб” – прапаршчык Іанаўскас. Недарма сярод салдат ён меў мянушку “Гестапа”. Кажуць, на ягоных зменах рабіліся жахлівыя рэчы. Тым, каму не пашанцавала патрапіць на яго, часта даводзілася сядзець на “губе” ледзь не месяц, бо Іанаўскас любіў дадаваць суткі за любыя правіны. Дакалупліваўся літаральна да ўсяго. Знойдзе недапалак у камеры – усім па трое сутак дадактова, пыл не прыбралі - яшчэ трое. А па Статуце ён меў права па трое сутак дадаваць хоць кожны дзень, вось і набягаў максімальны тэрмін арышту – 30 сутак. Але самае страшнае казалі, што там практыкавалі “каларада”. Гэта калі супраць самых свавольных, якія афіцэрам дэманстравалі непадпарадкаванне ды ўсяляк “барзелі”, у мэтах іх уціхамірвання выкарыстоўвалі вельм просты і дзейсны метад.  Героя зачынялі аднаго ў камеру, а на падлогу насыпалі хлорку і залівалі вадой. Праз 10-15 хвілін бедалага ўжо грукатаў у дзверы і маліў аб літасці. Нават чачэнцы, якія славіліся ў гарнізоне сваім крутым норавам, такога “каларада” не вытрымлівалі. Чаму “каларада”, не вядома. Мо сам Іанаўскас і прыдумаў назву, хто яго ведае.

Пакуль я пракручваў у сваёй галаве ўсе гэтыя страшныя карцінкі, у калідоры пачуліся галасы – з працы прывялі арыштантаў. Хутка з лязгатам адчыніліся дзверы камеры, і ў яе ўвайшлі з дзясятак арыштаваных. У паўзмроку мне з цяжкасцю ўдалося разглядзець іх твары. Знаёмых сярод іх не было. Кінулася ў вочы, што сярод маіх аднакамернікаў быў толькі адзіны “азіят”. Гэта добра – пра сабе падумаў я. У гарнізоне былі моцныя ўзбецкія ды каўказкія “зямляцтвы”. Калі б узбекаў ці каўказцаў апынулася большасць, мне прыйшлося б туга. Такой была тагачасная рэчаіснасць. З каўказцамі мы, “дазораўцы”, ужо неяк мелі кароткую сутычку. “Зборная Каўказа” пераўзыходзіла нас у жывой сіле прыкладна ў два разы і атрымала перамогу. Яны з посвістам і гіканнем тапталі збітых з ног, няшчадна сцябалі па чым папала наматанымі на руку рамянямі з жалезнымі бляхамі на канцы. Рамяні і драўляныя цяжкія зэдлікі казармаў – асноўная зброя салдацкіх разборак. Атрымаў такой бляхай у галаву тады і я. Ды так, што зваліўся з ног, паспеўшы засадзіць нагой у грудзі стаяўшаму насупраць мяне “ворагу”. Прыйшлося нам, падхапіўшы пад рукі сваіх збітых таварышаў, ратавацца ўцёкамі.

У апошнія гады існавання СССР міжнацыянальныя стасункі ў войску былі, мякка кажучы, нацягнутымі: усе ненавідзелі ўсіх, паўсюдна было поўна расізму. Жаўнеры славянскіх нацыянальнасцяў стараліся таксама трымацца разам. Беларусы не былі выключэннем. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і наўянасцю непісаных “дзедаўсіх” законаў – дзедаўшчынай.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

– Здароў, зямеля! Откуда будешь? – павітаўся са мной адзін з сукамернікаў.

–  З “дазору”, – адказаў я.

– Так это вам недавно кавказцы вломили?

– Ну так вы ж неподсобили, нас в двое меньше было, а к этим ещё с соседнего стройбатовского полка на помощь землячки набежали, – адказаў я.

– А родом откуда?

– Из Минска.

– А, бульбаш! – ці то радасна, ці то з пагардай адказаў мой новы знаёмы.

– А ты?

– С Владимира, нас тут двое, земляков.

Гэтыя абодва “ўладзімірскіх” былі досыць развязнымі і нахабнымі тыпамі, увесь час адпускалі жартачкі адносна іншых сукамернікаў.

“Трэба з імі быць пільным”, – падумаў я пра сябе. Увогуле ўвесь час свайго знаходжання ў турме я адчуваў сябе ўнутрана сабраным, напружаным і гатовым фізычна даць адпор у выпадку патрэбы. Я чуў гісторыі, калі  седзячых на гаўпвахце “чмарылі” іх жа сукамернікі. Прычым не толькі “салабонаў”, “зачмарыць” маглі і стараслужачых, прымусіўшы, напрыклад, рабіць нейкую фізычную працу, мыць прыбіральню. Карацей рабіць тое, што “дзядам” рабіць не паложана. Арганізаваць такое маглі як афіцэры (той жа “начгуб”), так і прадстаўнікі “зямляцтваў”, якіх апынулася болей на той момант.

Тым часам звонку пачуўся нейкі грукат.

 – Пайка прыехала, – адказаў нехта з сукамернікаў.

 – Ага, только поесть нам опять вряд ли получится, – са скрухай адказаў іншы.

Аказалася, што з учорашняга дня “губары” не атрымлівалі ежы, паколькі ніхто з арыштантаў не мыў посуд. Таму што зараз на гаўпвахце сядзелі толькі адныя “дзяды” і адпаведна мыць посуд ім было “не паложана”.

“Ну что, кушать мы, я так понял, по-прежнему не хотим. Ну как хотим”, – пачуўся голас начкара. Ежу ў памяшканне гаўпвахты нават і не занеслі. “Ну вось яшчэ гэтага не хапала”, – падумаў  я.

Але ж выклікацца самому мыць посуд у дадзенай сітуацыі было б зусім не правільна. Трэба чакаць і глядзець па сітуацыі.

Тым часам у каравулцы з’явіўся сам Іанаўскас. Першай справай ён пашыхтаваў увесь кантынгент гаўпвахты ў калідоры.

“Ну что воины, вы мой закон знаете. Нахожу в камере бычок – трое суток, спички – сутки, всей камере. Понятно?”

Дзякуй богу, пры вобшуку камеры, у якой быў я, ніякіх недапалкаў і запалак знойдзена не было. Наступным этапам выхаваўчай працы Іанаўскаса было правядзенне на гаўпвахце гэтах званай ПХД ці прыборкі памяшкання, кажучы грамадзянскай мовай. У гэтых мэтах ён загадаў адчыніць усе наяўныя краны напоўніцу, і моцныя струмені вады са звонам паліліся на бетонную падлогу даўгога калідора, паступова пераліваючыся за парог камер.

“Ну а теперь взяли тряпочки и дружно собрали водичку в ведра”, – загадаў начгуб.

Пасля таго, як вада была збольшага ўручную сабраная ў вёдры, гэтая працэдура паўтаралася яшчэ некалькі разоў. Было бачна, што такі працэс перавыхавання быў даспадобы Іанаўскасу, ён выглядаў не проста задаволеным, а шчаслівым, я б сказаў.

Потым была прыборка прылеглай тэрыторы і нават закінутай сажалкі каля каравулкі, дзе з смярдзючай твані і бруду вы выцягвалі кавалкі бетону, старыя шыны і нейкае ламачча.

ПХД скончылася каля гадзіны ночы, калі нас усіх стомленых, брудных і потных зачынілі ў адной агульнай камеры. Спальных месцаў усім не хапіла і таму частка арыштантаў уладкавалася проста на халоднай бетонай падлозе. Тыя, каму пашанцавала ўладкавацца на начлег на драўляных шырокіх нарах, таксама не адчувалі асаблівага камфорту. Усе ляжалі як селядцы ў бляшанцы, на баку, павярнуцца на іншы бок магчыма было толькі ўсім разам. Дошкі мулялі цела і балюча ўразаліся ў яго. Усе былі стомленыя і галодныя. Да гэтага ўсяго дадалася яшчэ адна праблема  – прыбіральня. Адразу некалькі чалавек пачалі гучна калаціць у дзверы камеры і клікаць вываднога.

“Вы-ва-дны, вы-ва-дны! –у некалькі глотак раўлі арыштаваныя. Праз некалькі хвілін іх падтрымала ўжо ўся камера.

Нягледзычы на ўзняты шум, вывадны ўсё не ішоў.

“Вот сука, наверное в караулке телик смотрит, а мы тут усцикаемся! – злаваліся “уладзімірскія” і з адчаю яшчэ гучней і сільней малацілі ў жалезныя дзверы камеры.

Але раптам, звонку, вельмі блізка ад сцяны нашай камеры, мы пачулі аўтаматную чаргу. Ад нечаканасці ўсе імгенна сцішыліся.

“Ну что, пасцали?” – пачулі мы здзеклівы голас начгуба за сцяной.

Некалькі чалавек адышлі у кут камеры і пачалі мачыцца ў свае боты.  Да паху поту дадаўся яшчэ і смурод чалавечай мачы. Ад такой сумесі пахаў мне захацелася ванітаваць. Магчыма гэта было яшчэ і ад голаду. За ўвесь дзень я не з’еў ні крошкі, толькі вады з пад крану папіў некалькі разоў.

Назаўтра гісторыя з ежай паўтарылася. Нам яе проста не прынеслі, зразумела патлумачыўшы, што пакуль не будзе чыстага посуду, ніякай ежы не будзе. Уся склаўшаяся сітуацыя набыла абсалютна абсурдныя формы, нам трэба было нешта рабіць і вырашаць. Такая вымушаная галадоўка не ўваходзіла ў планы прысутных, але парадаксальна, ніхто не хацеў быць тым, хто б добраахвотна пагадзіўся выканаць гэтую працу. Ніхто не хацеў паказаць сябе “слабым”.

Асабліва нервовымі выглядалі тыя два “уладзімірскіх” земляка. Сітуацыя на вачах рабілася ўсё больш напружанай.

“Слыш ты, урюк е..ны, встал, пошёл і вымыл посуду!” – крыкнуў адзінаму ўзбеку, які быў сярод нас, адзін з “уладзімерскіх”. Той зрабіў выгляд, што не чуе ці не разумее, да каго быў скіраваны зварот.

- Я тебе, бл***, говорю, слышишь! – піхнуўшы узбека ў плячо, рыкнуў “уладзімірскі”.

- Мне не положено, я “дед”, – неяк не ўпеўнена адаказаў узбек.

- Ты что, не слышал, что я тебе сказал? Встал и пошел! – равеў “уладзімірскі”.

Уся камера суціхла, ніхто не заступаўся за ўзбека. Ніхто і не заступіцца, зараз будзе гвалт. Я таксама не заступлюся. Унутры мяне ўсе кіпела, я проста не мог назіраць за гэтым. Мне хацелася ўстаць і крыкнуць “Хопіць!” Але я не зрабіў гэтага, я нічога не зрабіў. Я моўчкі назіраў за тым, як два “ўладзімірскіх” землякі наваліліся на ўзбека і пачалі жорска збіваць яго, абражаючы апошнімі словамі.

“А калі б “іх” было болей, яны б таксама так паступілі б з табой”, – спрабаваў я знайсці сабе апраўданне, ад якога не рабілася лягчэй.

Праз некалькі хвілінаў збіцця узбек пакорліва мыў посуд. На вячэру ўсе атрымалі ежу. Толькі ў мяне было адчуванне, што мы елі тога няшчаснага узбека.

Потым былі цяжкія штодзённыя будні. Нас ганялі на цяжкія фізычныя працы, на склады, на будоўлю. Ідучы пад аховай вываднога з аўтаматам за спінай, брудныя, без рамянёў мы нагадвалі палонных. Палонных Савецкай арміі.

Праз 10 дзён гэты жах скончыўся, я вярнуўся на “кропку”. Да дому заставалася чатыры неверагодна доўгіх месяцы.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства