Пра праваабарончы рух, пагрозы і выклікі, а таксама пра тое, што нам з гэтым усім рабіць

2018 2018-10-16T16:56:52+0300 2018-10-16T16:56:51+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нядаўні дваццацігадовы юбілей маёй праваабарончай дзейнасці навёў мяне на пэўныя думкі адносна становішча праваабарончага руху ў сучасным неспакойным свеце, пра сітуацыю ў нас у краіне ў гэтым сусветным кантэксце, а таксама пра тое, што нам у сувязі з гэтым можна (а можа і трэба) рабіць. Прапаную ўвазе некаторыя ўласныя развагі на гэтую тэму.

Пра праваабарончы рух Беларусі

Азіраючыся на дваццаць гадоў назад можна з упэўненасцю сказаць, што за гэтыя гады беларускі праваабарончы рух значна ўзмацніўся і адназначна стаў больш прафесійным і дзеяздольным.

Мне падаецца вельмі важным тое, што праваабарончая супольнасць выявіла здольнасць да выпрацоўкі супольных падыходаў, пазіцый, як па канкрэтных кейсах парушэнняў правоў чалавека, так і па праблемах правоў чалавека ў цэлым. На сённяшні дзень праваабарончая кааліцыя аказвае выключны ўплыў на фармаванне і змест праваабрончага парадку дня Беларусі, як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях. Яскравыя прыклады таму супольныя даклады праваабарончых арганізацый у дагаварныя органы ААН, у межах працэдураў УПА, выпрацоўка рэкамендацый да Міжведамаснага плану па правах чалавека, удзел (часам непасрэдны) у дыялогавых працэсах па правах чалавека ЕС-Беларусь, ЗША-Беларусь і г.д.

Вельмі важным крокам у кансалідацыі праваабрончай супольнасці стала распрацоўка і прыняццё на апошнім Праваабрончым форуме этычных прынцыпаў праваабарончай дзейнасці. Гэта безумоўна якасны крок наперад, які сфармуляваў галоўныя прынцыпы праваабароны, што падзяляюцца ўсімі, хто лічыць сябе праваабаронцам –універсальнасць правоў чалавека, дэпалітызацыя праваабарончай дзейнасці, максімальная неперадузятасць і аб’ектыўнасць.

Мне падаецца, што роля нашай арганізацыі ва ўсіх гэтых працэсах з’яўляецца даволі значнай. Праваабарончы цэнтр “Вясна” актыўна прымае ўдзел у кааліцыйнай праваабарончай дзейнасці, нярэдка сам выступае ініцыятарам нейкіх супольных дзеянняў. Можна з упэўненасцю сказаць, што “Вясна” з’яўляецца адным з асноўных складнікаў нацыянальнага праваабарончага руху краіны.

Аднак унутрыпалітычная сітуацыя ў краіне з’яўляецца ўсё яшчэ скрайне не стабільнай і не спрыяльнай для развіцця і паўнавартаснай дзейнасці праваабрончых арганізацый. Дагэтуль застаюцца невырашынымі такія сістэмныя праблемы, як доступ НДА да фінансавання, у тым ліку і замежнага, пытанні дзяржаўнай рэгістрацыі НДА, забарона на дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый. Вялікі рэзананс у гэтым годзе атрымала абяцанне ўладаў замены крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый на адміністратыўную. З аднога боку, гэта доўгачаканы і пазітыўны крок, якога гадамі дамагалася грамадзянскай супольнасць краіны, але з іншага боку, адміністратыўная адказнасць толькі за сам факт ажыцяўлення дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі з’яўляецца парушэннем свабоды асацыяцый і абсалютна непрымальная ў дэмакратычным грамадстве.

Асобна варта сказаць і пра адсутнасць належнага ўзаемадзення ўладаў з праваабрончымі арганізацымі. У краіне па-ранейшаму не створаныя паўнавартасныя і сталадзеючыя дыялогавыя пляцоўкі для такога ўзаемадзеяння. Не створаныя і нацыянальныя прывентыўныя механізмы абароны ад катаванняў, так і не ўведзены інстытут упаўнаважанага па правах чалавека.

Прыняты ўладамі Міжведамасны план па правах чалавека нажаль не апраўдаў чаканняў праваабарончай супольнасці, і, нягледзячы на справаздачы МЗС аб яго паспяховай рэалізацыі, да нейкага вымяральнага прагрэсу ў галіне правоў чалавека гэта пакуль што не прывяло.

Хаця дзеля справядлівасці варта адзначыць наяўнасць пэўнай станоўчай дынамікі ў пытаннях абароны гендэрных правоў, правоў дзяцей, людзей з інваліднасцю: распрацоўку законапраекта аб прадухіленні сямейнага гвалту, далучэнне і ратыфікацыю Беларуссю Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Пытанні гендэрнай роўнасці, правы людзей з інваліднасцю з’яўляюцца безумоўна важнай часткай праваабарончага парадку дня краіны. Усё гэта, аднак, яшчэ раз падкрэслівае неабходнасць прыняцця рамачнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, што ў сваю чаргу паспрыяла б стварэнню рэальных механізмаў абароны правоў ахвяраў дыскрымінацыі па якіх бы не было прыкметах найперш у нацыянальных судах.

Зразумела, што для любых пазітыўных і сістэмных зменаў у сітуацыі з правамі чалавека ў краіне неабходна наяўнасць палітычнай волі ўладаў краіны. Вось як раз палітычнай волі для нармалізацыі гэтай сітуацыі і няма. І вельмі вырагодна яшчэ доўга не будзе.

Пра пагрозы і выклікі

Гаворачы пра сучасныя пагрозы і выклікі для праваабаронцаў, я падзяліў бы іх на дзве тым не менш узаемазвязаныя групы – глабальныя (знешнія) і нацыянальныя (унутраныя).

Калі казаць пра глабальныя сучасныя выклікі і пагрозы можна з жалем сказаць, што з часам іх робіцца не меней, а болей. Забеспячэнне балансу паміж правамі чалавека і бяспекай (нацыянальнай, грамадскай) заўсёды ўяўляла складанае пытанне. Вайсковыя канфлікты, тэрарыстычныя пагрозы, усё гэта нажаль з’яўляецца рэаліямі нашага свету, якія перыядычна робяць выклікі і сусветнай праваабарончай супольнасці, а ў шэрагу выпадкаў выклікаюць проста гуманітарныя катастрофы. Свет, аднак, заўсёды быў неспакойны, у розных ягоных канцах часта бушавалі войны, здараліся міжэтнічныя і рэлігійныя канфлікты. Аднак, менавіта зараз, як мне падаецца, гэты самы баланс усё часцей не вытрымліваецца, і абмежаванні правоў чалавека часта робяцца ў імя гэтай самай бяспекі.

Усё гэта ў сукупнасці вядзе да пэўнай дэвальвацыі і крызісу правоў чалавека, як аднаго з прынцыпаў светаўладкавання ў цэлым. Прычым цікавым і адначасова сумным для мяне з’яўляецца назіранне за гэтай самай дэвальвацыяй у г. зв. краінах Захаду. Краінах, якія вельмі часта лічыліся ў пэўным сэнсе эталонам дэмакратыі і правоў чалавека, прынамсі для нас, жыхароў Усходняй Еўропы.  

Палітыка ўрадаў Польшчы, Венгрыі, шэрагу іншых краінаў-сябраў ЕС яскравы прыклад такой дэвальвацыі. Ну, а пра сп. Дональда Трампа і ягоную “праваабарончую” рыторыку ўжо толькі лянівы не пісаў. Такога недарэчнага прэзідэнта ЗША мабыць у сваёй гісторыі яшчэ не бачыла. Культурніцкі рэлятывізм і рэвізія прынцыпу ўніверсальнасці правоў чалавека зараз відавочна ў мэйнстрыме. Пытанні парушэння правоў чалавека ўсё часцей абвяшчаюцца выключна ўнутранай справай дзяржаваў, умяшальніцтва ў якія, па меркаванню іх урадаў, вядома ж недапушчальна. Правы чалавека ўсё часцей абвяшчаюцца “чуждым” вынаходнітцвам Захаду, які навязвае іх усяму астатняму свету, чым нясе пагрозу нацыянальным, традыцыйным, у тым ліку сямейным, каштоўнасцям.  

Глабальныя крызісы, такія як крызіс з мігрантамі, прывялі да росту папулярнасці праварадыкальных, папулістычных палітычных сілаў у Еўропе. У шэрагу краінаў раней маргінальныя ультраправыя групы сталі ўяўляць сур’ёзную палітычную сілу, якая пазыцыянуе сябе як альтэрнатыву традыцыйным палітычным партыям. Заходнееўрапейскі абывацель тасама любіць атрымліваць простыя адказы на складаныя пытанні. Усе гэта разам стварае негатыўны і неспрыяльны фон для ідэяў правоў чалавека. Шмат хто кажа, што гэта яны самыя, тыя правы чалавека, якіх маўляў зашмат, і прывялі да такога жыцця. Ідэі пабудовы муроў зноўку вельмі папулярныя.

Наша постсавецкая прастора гэта асобная гаворка. Сітуацыя з правамі чалавека у рэгіёне, у тым ліку краінах непасредна мяжуючых з намі, значна пагоршылся. Прычынаў тут шмат, але вялкіую ролю ў гэтых працэсах грае цяперашняе кіраўніцтва Расіі. Імперская, антызаходняя, антыліберальная рыторыка Крамля аказвае негатыўныя ўплывы і на грамадзянаў нашай краіны, якія, дзякуючы прапагандзе расейскіх СМІ, глядзяць на свет вачыма Пуціна. Натуральна, што сітуацыя з правамі чалавека ў сённяшняй Расіі з’яўляецца найгоршай за ўсе папярэднія гады. Там проста адбываецца маштабны наступ на рэшткі грамадзянскай супольнасці, істотна абмяжоўваюцца грамадзянскія і палітычныя правы, а спіс палітвязняў складае дзясяткі чалавек. Пра знешнюю палітыку Крамля і вайсковы канфлікт з Украінай і казаць не прыходзіцца: гэта найгоршая сітуацыя з моманту пачатку этнічных канфліктаў у былым СССР напрыканцы 80-х - пачатку 90-х гадоў.

Прычым вайсковы канфлікт, вядома, мае негатыўныя ўплывы і на сітуацыю ў самой Украіне, дзе ў выніку гэтага канфлікту з‘явілася шмат непадкантрольных Ураду парамілітарных фармаванняў, узмацніліся ультранацыяналістычныя, неанацыскія групоўкі. Хаця пры гэтым усім Урад намагаецца праводзіць палітыку, скіраваную на абарону  правоў чалавека ў краіне, у тым ліку ў дачыненні і да ўразлівых групаў. Але сітуацыя вайсковага канфлікту з’яўляецца сур’ёзным выклікам для правоў чалавека для любой уцягнутай у такі канфлікт краіны.

Усе гэтыя геапалітычная чыннікі не могуць не аказваць уплыў і на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі. Прычым з аднаго боку гэтыя змены спрыяюць большаму дыялогу Беларусі з краінамі Захаду, робяць унутраны клімат у краіне больш мяккім, а з іншага боку спараджаюць пэўную кан’юктуру з боку гэтых жа краінаў Захаду ў дачыненні да палітыкі кіраўніцтва краіны. Стабільнасць і бяспека рэгіёна ў такой кан’юктуры выходзіць на першы план, засланяючы сабой правы чалавека. Паказальна ў звязку з гэтым пазіцыя ЕС па пытанню палітвязняў у Беларусі. Так, паводле прадстаўніцы Еўракамісіі ў Мінску спадарыні Віктарын, іх у нас больш няма. ЕС не лічыць такавымі ні Міхаіла Жамчужнага, ні Дзмітрыя Паліенку - якіх палітвязнямі прызнала беларуская праваабарончая супольнасць (Паліенка наогул прызнаны вязнем сумлення Міжнароднай амністыяй). Але паводле канцэпцыі ЕС старонка з палітвязнямі была закрыта ў жніўні 2015 года, і новых палітвязняў быць не можа. Правабарончая супольнасць у дадзеным выпадку больш не адыгрывае той вызначальнай ролі, як гэта было некалькі год назад. Наогул складаецца ўражанне, што і Урад Беларусі, і ЕС цалкам задаволеныя тым статус-кво, тым узроўнем стасункаў, якія склаліся апошнім часам паміж імі. Галоўнае, каб яны не пагоршыліся, але і крокаў наперад адныя не чакаюць, а іншыя - не жадаюць. Чаму не жадаюць? Ды па адной простай прычыне – захаванне “стабільнасці” унутрыпалітычнай сітуацыі застаюцца галоўнай задачай пануючага аўтарытарнага палітычнага рэжыму. Таму ніякіх значных сістэмных крокаў, скіраваных на яе паляпшэнне, у бліжэйшы час чакаць не выпадае, прынамсі да 2020 года дакдадна.  

З іншага боку, пагаршэнне сітуацыі можа здарыцца ў любы час, усё залежыць ад той самай унутрыпалітычнай сітуацыі. Любая падзея, якая будзе расцэненая ўладамі як верагодная пагроза дэстабілізацыі сітуацыі, імгненна прывядзе да рэзкага яе пагаршэння і павелічэння палітычных рэпрэсій у краіне. Гэтай падзеяй можа быць што заўгодна –чарговыя выбары, сацыяльныя пратэсты ці нейкія знешнія фактары. Падзеі мінулагодняй вясны таму яскравы прыклад.

Асобным выклікам для беларускай праваабарончай супольнасці з’яўляецца адмова ад супрацоўніцтва Урада краіны з механізмамі дагаварных органаў ААН. Я маю на ўвазе адмову ад выканання меркаванняў КПЧ ААН па індывідуальных зваротах беларускіх грамадзянаў, а таксама не выкананне працэдураў Камітэта. Усё гэта робіць адзіную магчымую для нас міжнародную сістэму абароны правоў чалавека не эфектыўнай. Працэдура справаздачнасці Беларусі ў КПЧ ААН у кастрычніку бягучага году яскрава актуалізавала праблему. Усё гэта, як мне падаецца, патрабуе пэўнага пераасэнсавання ўжо склаўшайся стратэгіі і выпрацоўкі нейкіх іншых падыходаў у выкарыстанні міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Напрыклад, больш інтэнсіўнае выкарыстанне спецыяльных працэдур Савета па правах чалавека ААН (тэматычных дакладчыкаў) у мэтах магчымай “прафілактыкі” тых ці іншых парушэнняў правоў грамадзянаў.

Што рабіць?

Нажаль праваабронцы нараўд ці здольныя ўплываць на глабальныя працэсы, якія адбываюцца сёння ў свеце. Аднак мы мусім улічваць тыя нешматлікія змены практык унутры краіны. Бягучая сітуацыя больш спрыяльная для павелічэння фактару прысутнасці праваабронцаў унутры краіны, для распаўсюду праваабарончых ідэй і падыходаў сярод беларускага грамадства. Так, тое самае грамадства не заўсёды падтрымлівае праавабарончыя падыходы і погляды на тыя ці іншыя праблемы. Такія пытанні, як адмена смяротнага пакарання, ідэі недыскрымінацыі пэўных уразлівых групаў грамадства, часта не знаходзяць водгука і падтрымкі ў шырокіх грамадскіх колах. Аднак мы павінны працаваць з нашым грамадствам, адукоўваць яго. Трэба намагацца максімальна выкарыстоўваць тыя нешматлікія магчымасці для асветніцка-адукацыйнай дзейнасці ўнутры краіны, якія з’явіліся ў апошнія некалькі год. Асаблівую ўвагу варта надаваць працы з моладзю, падтрымцы моладзевых праваабарончых ініцыятываў.

Вельмі добрай глебай для працы з грамадствам з’яўляюцца тэмы сацыяльна-эканамічных правоў: праблемы прымусовай працы, праблемы пенсійнага заканадаўства. Гэтыя тэмы, як паказвае практыка мінулагодняга змагання супраць “антыдармаецкага” дэкрэту, знаходзіць самы жывы водгук сярод людзей.

Важна працягваць ствараць шырокую дыскусію ў грамадстве па такіх не папулярных, але тым ня меньш вельмі важных тэмах, як смяротнае пакаранне, недыскрымінацыі і інш.

Трэба ўсё ж такі намагацца ўцягваць у дыялог дзяржаўныя органы, намагацца ўтварэння больш-менш сталых формаў узаемадзеяння праваабрончых арганізацый з уладамі, сварэння нацыянальных інстытутаў па правах чалавека. Пры гэтым, канешне, трэба заўсёўды памятаць, што важны не сам дыялог дзеля дыялогу, а пазітыўныя магчымыя змены ў канкрэтных сферах правоў чалавека. Сам дыялог - гэта толькі магчымы інструмент для такіх зменаў. 

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства