Некалькі словаў пра канстытуцыйнасць Дэкрэта № 3. Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прысвячаецца…

2017 2017-03-15T15:18:43+0300 2017-03-15T15:26:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ekares-smietnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абавязаныя асобы прымусова працуюць на гарадскіх сметніках. Ілюстрацыйнае фота realt.by

Абавязаныя асобы прымусова працуюць на гарадскіх сметніках. Ілюстрацыйнае фота realt.by

Напярэдадні на сайце Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь быў размешчаны адказ суда на электронныя звароты грамадзян з просьбай правесці праверку адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь палажэнняў Дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.  

У сваім адказе на гэтыя звароты Канстытуцыйны суд прыходзіць да высновы пра поўную адпаведнасць гэтага Дэкрэта Канстытуцыі.

У звароце, у прыватнасці, адзначаецца, што, ацэньваючы канстытуцыйнасць законаў, якія прадугледжваюць унясенне зменаў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс (у частцы аднясення збора на фінансаванне дзяржаўных выдатаў, уведзеных Дэкрэтам № 3, да рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлінаў) і ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях (у часцы замацавання адміністратыўнай адказнасці за няўплату ці няпоўную ўплату збору), Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што такое прававое рэгуляванне заснаванае на палажэннях артыкулаў 56 і 133 Канстытуцыі і скіравана на выканане абавязку сплочваць законна ўстаноўленыя падаткі, пошліны і іншыя плацяжы. Уплата падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў з’яўляецца безумоўным патрабаваннем дзяржавы, якое выцякае з канстытуцыйнага абавязку кожнага прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў (артыкул 56 Канстытуцыі).  

Што ж, з гэтым, безумоўна, трэба пагадзіцца. Уплата падаткаў, як і абарона дзяржавы ў выпадку вайсковай пагрозы, з’яўлецца абавязкам грамадзян. Дзяржаўныя органы ўлады маюць права патрабаваць своечасовай і поўнай сплаты падатку грамадзянамі.   

Аднак пытанні да нормаў Дэкрэта № 3 у часцы іх законнасці ў мяне асабіста ўсё адно застаюцца і палягаюць яны вось у чым.

Згодна з палажэнямі Дэкрэта № 3, быў уведзены абавязак некаторых катэгорыяў грамадзян па сплаце менавіта збору, а не падатку.

У той жа час, згодна з пунктам 2 артыкула 6 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, зборам (пошлінай) прызнаецца абавязковы плацёж у рэспубліканскі і (ці) мясцовыя бюджэты, якія ўзымаюцца з арганізацый і фізічных асобаў, як правіла, у выглядзе адной з умоваў здзяйснення ў адносінах да іх дзяржаўнымі органамі, у тым ліку мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі ўпаўнаважанымі арганізацымі і службовымі асобамі, юрыдычна значных дзеянняў, уключаючы прадстаўленне пэўных правоў ці выдачу спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), альбо ў сувязі з увозам (вывазам) тавараў на тэрыторыю (з тэрыторыі) Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, прыродай збору як аднаго з відаў абавязковых плацяжоў з’яўляецца плата грамадзянаў за пэўныя паслугі, якія прадастаўляе ім дзяржава праз свае органы ці службовых асобаў: плата ў выглядзе пошлін за разгляд скаргаў судамі, плата натарыўсам за афармленне натарыяльнага запісу, дарожны збор за карыстанне дарогамі, збор за выдачу ліцэнзіі на занятак пэўнай дзейнасцю і г.д. Адпаведна, грамадзянін, які не карыстаецца гэтымі паслугамі ці не мае патрэбы ў такіх паслугах, не аплочвае збор. Напрыклад, калі ў вас няма аўтамабіля і няма патрэбы праходзіць абавязковы ягоны дзяржаўны тэхаагляд, вы не з’яўляецеся плацельшчыкам дарожнага збору.

Палажэнні Дэкрэта № 3, уводзячы абавязковую сплату збору, абавязваюць грамадзянаў да бязвыплатнай перадачы грашовых сродкаў у дзяржаўны бюджэт. Гэта не аплата прадастаўленай паслугі ці нейкіх юрыдычна значных дзеянняў для грамадзянаў з боку службовых асобаў ці дзяржаўных органаў. 

Такім чынам, гэты збор, па сваёй сутнасці, па сваёй прававой прыродзе, з’яўляецца нічым іншым як падаткам.

Згодна з пунтам 1 артыкула  6 Падатковага кодэкса, падаткам прызнаецца абавязковы індывідуальны бязвыплатны плацёж, які ўзымаецца з арганізацый і фізічных асобаў у форме перадачы грашовых сродкаў, якія належаць ім на праве ўласнасці, гаспадарчага валодання ці аператыўнага кіравання, у рэспубліканскі і (ці) мясцовыя бюджэты. Асноўноўнымі элементамі падаткаабкладання, сярод іншага, з’яўляецца наяўнасць аб’екта падаткаабкладання і падаткаабкладальнай базы (дахода).

Напрыклад, вы валодаеце зямельным надзелам (аб’ект падаткаабкладання) – значыць, павінны ўплочваць зямельны падатак, прычым незалежна ад таго, ці карыстаецеся ім.  Калі вы маеце даход (падаткаабкладальная база) – абавязаныя сплочваць падаходны падатак, калі такі даход падлягае падаткаабкладанню. Адпаведна, калі вы не маце даходаў - не сплочваеце падаходны падатак. І гэта звычайная логіка. А вось патрабаваць сплочваць падатак (у нашым варыянце - збор) у людзей, якія па нейкіх прычынах не маюць даходаў (той самай падаткаабкладальнай базы), гэта рэч, мякка кажучы, ірацыянальная і пярэчыць здаровай логіцы.

Акрамя таго, у адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 2 Падатковага кодэкса, адным з асноўных прынцыпаў падаткаабкладання ў Беларусі з’яўляецца прынцып усеагульнасці і роўнасці. Пры гэтым, толькі за няўплату збору, прадугледжанага Дэкрэтам № 3, устаноўлена адміністратыўная адказнасць у выглядзе арышту з абавязковым прыцягненнем да працы. Прычым адбыццё такога арышту з’яўляецца выкананнем абавязку па сплаце збору перад дзяржавай. Ну, не падвяргаюць жа арышту за няўплату дарожнага збору, як і не арыштоўваць за няўплату падаходнага ці зямельнага падатку (адказнасць прадугледжаная за ўхіленне ад падаткаабкладання).  

А вось тут я прыходжу да думкі, што рэальная мэта Дэкрэта № 3 - не ў спагнанні збораў ці матываванні грамадзянаў да ўплаты падаткаў. Для кантролю за паўнатой і своечасовасцю сплаты падатку грамадзянамі ў падатковых органаў і так дастаткова паўнамотцваў, прадугледжаных дзеючым заканадаўствам, і дзеля гэтага ніякіх адмысловых дэкрэтаў прымаць не трэба.

Пасля нядаўняга прыпынення дзеяння Дэкрэта № 3 Лукашэнкам, ён сам ды іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі адкрыта заявілі пра сапраўдныя мэты гэтага Дэкрэта - прымусіць працаваць “тых,  хто абавязаны і можа працаваць”. На нарадзе з МУС Рыгорыч паведаміў, што Дэкрэт № 3, акрамя таго, мае і жэстачайшае прафілактычнае значэнне, бо, паводле ягоных словаў, той, хто не працуе, гэта заўтрашні злачынца.

Вось на гэтыя словы і варта было б звярнуць увагу шаноўным суддзям Канстытуцыйнага суда. Бо, у адрозненні ад канстытуцыйнага абавязку па сплаце падаткаў, праца з’яўляецца не абавязкам, а правам. Пымус грамадзянаў да працы пад пагрозай прымянення да іх санкцый і нават кароткатэрміновага пазбаўлення волі называецца нічым іншым, як прымусовай працай.

Міжнародныя нормы права, якія забараняюць прымусовую працу, разумеюць у якасці такой не толькі працу пад пагрозай якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння, але і любую іншую працу, якая носіць абавязковы характар (артыкул 1 Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 105, артыкул 8 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкул 6 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах).

Цікава - якім чынам будуць сфармуляваныя ў новай версіі Дэкрэта тыя, “хто абавязаныя і могуць працаваць”? Хто будзе аднесены да гэтай катэгорыі грамадзянаў? Зыходзячы са словаў Лукашэнкі пра прафілактычны характра Дэкрэта, мяркую, што трансфармаваны Дэкрэт будзе скіраваны на так званых “асацыяльных элементаў”. Ідэя прымусу да працы гэтай катэгорыі грамадзянаў вельмі папулярная як у беларускіх уладаў, так і ў грамадстве. Штогод каля 7 тысяч грамадзянаў ізалююць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, дзе яны праходзяць “працатэрапію” ў якасці асноўнага лячэння ад алкагалізму. Ёсць яшчэ і “абавязаныя асобы”, якія працуюць па рашэнні суда пад пагрозай пазбаўлення волі. Усе гэтыя віды працы вызначаюцца міжнароднымі і нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі як прымусовая праца.   

Верагодна, што і Дэкрэт № 3 прадугледзіць прымусовае працаўладкаванне асобаў, якія вядуць “асацыяльны” лад жыцця. Улічваючы, што спагнаць нейкія грошы з такой катэгорыі грамадзянаў будзе вельмі праблематычна, застанецца толькі адзін варыянт – адміністратыўны арышт з абавязковым прыцягненнем да працы. Грамадству такі варыянт працаўладкавання “алкаголікаў, хуліганаў і дармаедаў” таксама спадабаецца, ніхто за іх на дэманстрацыі выходзіць не будзе. Тут вам і прафілактыка і сацыяльная справядлівасць у беларускім яе разуменні.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, прымусовая праца застанецца прымусовай. Ацэнкі яе характару з боку праваабарончай супольнасці застануцца без зменаў, бо правы ёсць ва ўсіх людзей, незалежна ад іх сацыяльнага становішча ў грамадстве.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства