viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Некалькі замалёвак пра "судны дзень" 23-га

2015 2015-01-28T11:38:46+0300 2015-01-28T11:42:11+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

Дзень 23 студзеня 2015 года я запомню надоўга: не ўпершыню спрабавала патрапіць на суд за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, але ўпершыню - на выязное судовае паседжаньне ў РУУСе.

Некалькі замалёвак пра гэты дзень.

Суд
На судовым стэндзе зранку сумна: толькі крымінал і грамадзянскія справы. Глядзім з адвакаткамі графік дзяжурстваў па адміністратыўных справах – стаіць зьмена знакамітай сваім суб’ектыўным падыходам Шабуні Вікторыі (ад настрою й асабістай схільнасьці вельмі залежалі яе рашэньні й колькасьць сутак). Зноў глядзім на расклад справаў – пад яе імём значацца выязныя судовыя паседжаньні па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

Падаем на другім паверсе, дзяўчыны дастаюць паперы для хадайніцтваў на ўдзел і азнаямленьне са справай, але да нас падыходзіць малады хлопчык, вітаецца і кажа ім: “А вы да нас, напэўна. Справы за пікет? Паедзем на выязное ў РУУС, падаецца”. У мяне падвоены шок: а) хлопчык – сакратар судовых паседжаньняў (рэдкасьць-рэдкасьць) і б) выязное паседжаньне ў РУУСе! У тым самым садысцкім Цэнтральным РУУСе, дзе Грышчанка любіў зьбіваць актывістаў, а зараз выконвае гэтую функцыю ў гарадзкім упраўленьні міліцыі!

Праз 10 хвілін на калідоры намалёўваецца бляндыністая судзьдзя ў паўшубку. “А мы, напэўна з вамі разам едзем”, – нясмела запытвае адвакатка. “Ну са мной разам дакладна не, але ў цэнтральным руусе сустрэнемся, скажыце там астатнім, што могуць туды пад’яжджаць. Я толькі па умоўна-датэрмніовых спачатку разгледжу…”

Цэнтральны РУУС
На падыходзе да ўваходу ў РУУС дзяўчынкі пасьпешна дастаюць свае адвакацкія пасьведчаньні. Дзяжурныя насьцярожваюцца, але на запыт пра судовыя разгляды ветліва агучваюць актавую залю на трэцім паверсе і разблякоўваюць нам дзьверы направа. Адчуваю сябе дзяўчынай-коткай у цёмным логаве. Уздоўж лесьвіцы – стэнды з выбітнымі супрацоўнікамі й ананімнымі пэйзажамі. Актавая заля ўражвае размахам, разьбітымі ходнікамі й сцэнай з прэзідыўмам.
І - пустэчай.

Пасьля невялічкага пошуку высьвятляецца, што Шабуня ўжо вырашае лёсы па ЎДВ на паверх ніжэй. Вывучаем кава-аўтамат, які адмаўляецца дзяліцца напоем, размаўляем на калідоры. Раптам побач намалёўваюцца два глямурныя маладыя чалавекі ў строях, з адметным нахабствам на тварах (нахабства – увогуле самая яскравая рыса міліцыянтаў як па мне, асабліва калі яны не па форме ды пры ўладзе). “А вы хто такія? Што тут робіце?” – з наскоку запытвае цемнавокі, аглядаючы нас па тварах. Мне падаецца, што бачыла яго раней на судах ды ня толькі. “Мы адвакаты, на судовы працэс да Шабуні, чакаем разгляд справы”, - паказвае адна сваё пасьведчаньне. “Па ўмоўна-датэрміновых? Дык ня тыя ў вас нейкія працэсы”, - адразу хоча паказаць, хто тут гаспадар. “Не, мы на адміністратыўныя справы! Іх пасьля ЎДВ будзе судзьдзя разглядаць!”. “А ну-ка, пакажыце свае пасьведчаньні!” - камандуе ён нам. Другая паказвае сваю корку, першае нагадвае, што паказвала. “А вы хто?” - тыкае на мяне. “Я – грамадзянка Рэспублікі Беларусь, прыйшла на адкрытае судовае паседжаньне па адміністратыўных справах! А вы хто такі? Пакажыце дакумэнты!” – я ўжо адчуваю разьвязку сцэны й пачынаю нахабнічаць таксама (але правамерна). “Я, - кажа, - начальнік тут, Шахлай Артур, можаце на сайце паглядзець. Пасьведчаньне па сваіх калідорах не нашу. А працэсы ніякія не пачаліся. Мы з судзьдзёй паразмаўляем, тады вырашым – каго на яго пускаць, а каго не! Я тут камандую! Таму пакіньце, калі ласка, маё адзьдзяленьне!” – гэты загад толькі мне, канешне. Я пачынаю ўсьміхацца – ну адкуль ім памятаць артыкул 2.14. ПВКаАП пра адкрытасьць судовых паседжаньняў. Затое крутая нагода для скаргі. Ён пачынае зьдзіўлена і рэфлексійна скаліцца мне ў адказ, а я дэфілірую ў бок лесьвіцы са словамі “Ну паглядзім, як скажаце”. Абодва ў крок суправаджаюць мяне да заблякаваных дзьвярэй, тыкаю на кнопку й патрапляю ў прыёмную РУУСа. Начальнік выходзіць за мной і аддае распараджэньне “нікога не пускаць” ды выстаўляць за парог. У гэты час у прыёмнай ужо сабралася чалавек 10 актывістаў і журналістаў, таму давялося ўжыць трошкі сілы, каб выкінуць нас усіх за шкло.

Спроба скардзіцца
А за парогам холадна ад страшэннай вільгаці. Прыпрыгваю на месцы, адказваю на званкі, вусныя запыты, перачытваю артыкулы кодэксаў ды складаю ў галаве тэкст скаргі на нядопуск у суд. Задачай было даведацца, што суды ўжо пачаліся, урваць кнігу скаргаў і прапаноў ды выказаць там цэнзурна ўсё, што думаю на гэты конт.

Праз паўгадзіны мо са шкляных дзьвярэй выйшаў супрацоўнік у новай сіне-чырвонай форме з нагрудным знакам (дзе ВЕЛЬМІ-ВЕЛЬМІ дробна напісаны парадкавы нумар - ідэнтыфікаваць шанцаў мала) і запрашае падняцца на суд сьведку (якраз даведваюся, што пачалі судзіць Макса Вінярскага). Заходжу ўсьлед за сьведкам з канвоем. На мяне рэзва накідваецца здаровы-здаровы лысы калідорны ў форме, з дзьвюма зоркамі, але бяз бэйджа ды любых прыкмет адрозьненьня: “Вы хто?”. Я гучна, каб было чуваць на абодва дзяжурныя вокны, пачынаю прасіць кнігу скарга ў і прапаноў. “Ня будзе вам ніякай кнігі скаргі і прапаноў! Пакіньце памяшканьне!”. Я, канешне, не варушуся і пачынаю пярэчыць: “Як так? Вы абавязаныя выдаць мне кнігу скаргаў і прапаноў! Я хачу напісаць скаргу!” Мэнт пачынае разварочваць мяне ў бок выхаду і падпіхваць са словамі “Выйдзіце – там і пішыце свае скаргі!”. Я прайграю ў фізычнай камплекцыі, ды мяне выкідваюць за дзьверы. Расстройваюся, пачынаю шукаць тэлефон унутранай бясьпекі МУС, сутаргава набіраю гарадзкі нумар і пачынаю ныць пасьля гукавога сыгналу аўтаадказчыку, як жа мяне несправядліва не пусьцілі на працэс, ды яшчэ кнігу скаргаў не прадставілі і груба выштурхалі. Чуток лягчае. Помсьлівыя думкі з назвамі адрасатаў для скаргі й устаноў працягваюць варушыцца ў галаве.

Усё далей дастаткова сумна, вынікі можна даведацца з судовай хронікі таго дня. Прыгадаліся часы, калі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУСа прыязджалі ў суд разам з затрыманымі і там наводзілі свае калідорныя парадкі, не пускаючы нікога на працэс. На што тады старшыня суду Лебедзь казаў, што “мы ўсіх пускаем, а хто гэта – я ня ведаю!”. А ў сваім логаве яны й на парог не пусьцілі: месца грамадзкага кантролю й салідарных - на марозе!

Вынікі скаргаў потым пакажу.

Наста Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 2010 года, удзельніца Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху. Магістр Еўрапейскага і міжнароднага права. Профільныя тэмы: палітвязьні, адвольныя затрыманьні, мірныя сходы, грамадзкі кантроль, асьвета й адукацыя ў галіне правоў чалавека. Шмат што з праваабарончай дзейнасьці застаецца “за кадрам”: не пра ўсё пішуць у навінах, не пра ўсё могуць спытаць журналісты. Мой блёг ськіраваны на асьвятленьне асобных тэмаў у галіне правоў чалавека, у чым я зыходжу з уласнага досьведу й меркаваньня.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства