viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXIX. ВАСЯ

2020 2020-07-28T12:49:58+0300 2020-07-28T12:51:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/blog_bialiackaga_29.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як заходзіш у нашую камеру, справа на ніжняй шконцы сядзіць ці ляжыць невысокі, моцна складзены лысаваты мужычок гадоў сарака пяці.

“Вася”, – назваў ён сябе, калі мы знаёміліся.

У Васі мясістыя шчокі, рудыя бровы, нос бульбінай, зарослая поўсьцю грудзіна, моцныя караткаватыя рукі і ногі. Заехаў у “хату” ён на месяц раней за мяне, і румянец яшчэ ня зьлез зь ягонага твару, хоць, скардзіўся ён, пахудзеў на дзесяць кілаграмаў.

На волі Вася працаваў дырэктарам менскага мясакамбінату, які на Казінца. На Валадарку патрапіў за хабар. Калі ён пачынаў гаварыць пра сваю “дзелюгу”, чырвань залівала ягоны твар і лысіну, яму станавілася ледзь не фізічна балюча. Кляў ён сябе мабыць апошнімі словамі за гэтыя чатыры тысячы даляраў, якія ўзяў, але назад ужо не адкруціш. Стаў Вася ахвяраю разборак кланаў, якія кіруюць Менскам, складзеных з такіх, як і ён: моцных, увішных вясковых хлопцаў, якія прыехалі ў Менск з мэтай устаць на ногі, зрабіць сваё жыцьцё, зьбіліся ў групы і дзялілі сферы ўплыву. Да страляніны справа не даходзіла, але падстаўлялі яны канкурэнтаў з задавальненьнем. Беларуская спецыфіка. І ягоныя сябручкі з адміністрацый Кастрычніцкага раёну і горада нічога не маглі зрабіць, хоць ён напачатку і спадзяваўся на тое, што яго выцягнуць. Але ў гайні ваўкоў падстрэленага ваўка кідаюць, і гайня бяжыць далей. Цяжка гэта яму было адчуваць на ўласнай скуры.

Вася пачаў працаваць рана, адразу пасьля тэхнікуму, тады ж і ажаніўся, быў цягавітым і ўчэпістым, завочна вывучыўся і, крок за крокам, дабраўся аж да пасады дырэктара мясакамбінату. Хоць проста так гэта яму не далося. Ад нярвовага напружаньня начамі ня спаў, піў, сядзеў на снатворным, на антыдэпрэсантах. З жонкаю, як распавядаў, ужо амаль ня жыў. Толькі на выходныя прыяжджаў дахаты – у дом, пабудаваны пад Менскам. Дзеці разам зь імі ўжо не жылі. У Васі было другое каханьне: яна працавала інжынерам на мясакамбінаце і была маладзейшая за яго гадоў на пятнаццаць. Літаральна перад турмою ён даведаўся, што яна зацяжарыла, хацеў дабіцца ад яе, каб зрабіла аборт, але не пасьпеў – пасадзілі. Як таксама не пасьпеў уставіць сабе зубы. Толькі выдралі яму аскепкі сапсаваных зубоў, укруцілі сем штыроў, якія мусілі за тры месяцы прыжыцца, як – раз, і на Валадарцы.

Турма вырвала Васю са звыклага жыцьцёвага бегу дзён, дзе ён цягнуўся, як той конь у каляіне – з замыленым поглядам і заглушанымі ўнутранымі пачуцьцямі. А тут, у СІЗА, такія простыя і важныя паняткі, як каханьне, сяброўства, чалавечыя стасункі ізноў набылі для яго сьвежасьць, як быццам бы ягоныя вочы прамылі чыстым дажджом. І Вася ачалавечыўся.

Характар у Васі быў спакойны, але ў сярэдзіне віравалі вялікія пачуцьці. Калі яго пасадзілі, першая жонка, зь якой ён не разводзіўся, і другая цяжарная каханка, пачалі навыперадкі перадаваць яму перадачкі. Ён ня мог вызначыцца з кім зь іх заставацца і таму моцна перажываў, аж да сьлёз.

Мы з жонкаю калісьці пачыналі сваё самастойнае жыцьцё ў тым раёне, на Пцічніку, насупраць мясакамбінату. Я толькі ўладкаўваўся на працу ў музей гісторыі беларускай літаратуры і чакаў у Менску жонку і сына. Яна працавала тады настаўніцай у Калінкавіцкім раёне, а нараджала ў Сьветлагорску, жывучы ў маіх бацькоў. Мы зьнялі аднапакаёўку ў хрушчоўцы ў адзінокага сухотніка. Кватэрка была на пятым паверсе, маленькая і цёплая. Калі вецер дзьмуў ад мясакамбіната ў наш бок, сьмярдзела падлай. Ідучы на прыпынак тралейбуса, я кожны раз бачыў калейку грузавых машынаў каля брамы мясакамбінату, і кароў, якія стаялі ў кодабах і тужліва мычалі. Зараз, тлумачыў Вася, падлай ужо не сьмярдзела. Прагрэс.

Я падумаў, што тут, у СІЗА, мы зараз нагадвалі абрачоных на экзекуцыю кароў. Токам нас забіваць ня будуць, але папамучаюць.

– А як вашая вараная кілбаса, – распытваліся мы ў Васі, – з цэлюлозы?

– Усё па ГОСТу, – запальваўся Вася, – сапраўднае мяса ідзе на кілбасу. Прыяжджалі да нас зь іншых мясакамбінатаў, з Расіі, Арменіі, глядзелі і дзівіліся. У іх ужо даўно такіх нормаў няма, багата дабавак. У нас – якасны прадукт! А вось, заробкі – мой ды іхніх дырэктароў – і блізка не параўнаць.

– Веру, – адказваў Валодзя, вялікі аматар сасісак.

Былі ў Васі свае думкі пра Лукашэнку, але ён маўчаў, не ўлазіў у нашыя спрэчкі з Паўлавічам. Негалосная дамова паміж ім і ўладай для яго яшчэ была дзейснай. Лука крыху дзяліўся з такімі, як Вася, дырэктарамі і начальнікамі хмяльным адчуваньнем бязьмежнай улады, даваў магчымасьць, безумоўна, пастаянна падкрадаць, а яны ўзамен моўчкі падтрымлівалі яго. Толькі аднойчы Вася прагаварыўся, калі размова зайшла пра выбары. За мясакамбінатам, як і за іншымі прадпрыемствамі ў Менску, было замацавана некалькі выбарчых участкаў. Камісіі на іх складаліся з працаўнікоў камбінату. За вынікі выбараў на гэтых участках адказвалі Вася і ягоны намесьнік па ідэалогіі.

– Як там галасы лічыліся – лепей, Алесь, і не пытай. Што нам сказалі з раённай адміністрацыі, тое і зрабілі, – коратка распавёў ён.

– Вось ён вам і адплаціў, – падсумаваў я.

Я ня раз ужо сутыкаўся з тым, калі коштам жорсткіх адносінаў да дэмакратычных актывістаў, да апазіцыі, міліцыянты, суддзі, старшыні выбарчых камісіяў ды іншая прыўладная шлаябень куплялі сабе індульгенцыі з боку Лукі і ягонага бліжэйшага атачэньня дзеля сваіх махінацыяў. На ўсіх іх ГУБОПіК і сьпецслужбы зьбіралі кампрамат, на кагосьці глядзелі праз пальцы, а кагосьці і прыціскалі. Гэта ўжо як каму карта ляжа, як закамандуе гаспадар.  Іх мне не шкада ні кроплі.

Пасьля расповядаў пра заблытаныя стасункі з жонкаю і каханкай, каб зусім ня ўпасьці ў адчай, Вася пачынаў займацца спортам. У нашай невялікай камеры гэта было няпроста. Ён качаў прэс, ківаючыся як маятнік на шконцы, туды-сюды, адціскаўся, прысядаў. Урэшце, расчырванелы, успацелы, з задавальненьнем аглядаў свой торс, на якім з-пад тлушчу пачыналі праглядацца мускулы.

Вася надта язык не распускаў, усё ж такі спадзяваўся, што прыяцелі ягоныя яму дапамогуць выбрацца адсюль. Хоць і разумеў, што кар’еры ягонай – капец. Казаў: “Усё, надырэктарстваўся. Выйду – на запраўку ўладкуюся, і плоцяць няблага і адказнасьці ніякай, толькі за самога сябе”.

– Выйдзем на волю, – марыў Васіль, зьвяртаючыся да Паўлавіча і мяне, –сустрэнемся, лазьню вытапім, вып’ем, перакусім каўбаскай сапраўднай, пагамонім, не сьпяшаючыся.

Мы салодка мружылі вочы. Такая карціна нашай будучыні падабалася нам. Ніхто з нас яшчэ ня ведаў ні таго, якія ў каго будуць тэрміны і якія выпрабаваньні чакаюць наперадзе; ні таго жыцьцёвага закону, які звычайна спрацоўвае ў сядзельцаў на волі – імкнуцца не сустракацца з сукамернікамі. Чалавечая натура стараецца інстынктыўна забыць і выкрэсьліць з сьвядомасьці ўсё тое, што было зьвязана з турмой, гэтым перыядам жыцьця, які назаўсёды застаецца страшнай траўмай для кожнага зьняволенага.

Напачатку кастрычніка “тармазы” ў нашую хату нечакана адчыніліся, і калідорны выклікаў Васю з рэчамі. Той сабраўся, узрушаны і падаўлены невядомымі зьменамі, і яго перакінулі ў іншую камеру. Так я і не даведаўся, чым скончыўся Васін арышт, як прайшоў ягоны суд.

P.S. Зараз, гартаючы старонкі ў інтэрнэце, ніякай інфармацыі пра суд над Васем я не знайшоў. Пішуць толькі, што і наступны дырэктар менскага мясакамбінату Ўладзімір Лазоўскі праз два гады пасьля нашага сумеснага быцьця на Валадарцы з Васем быў арыштаваны і асуджаны за хабар на чатыры з паловай гады. Як быццам бы будаўнічая фірма дала яму “на лапу” чатыры тысячы даляраў за атрыманы кантракт. На судзе ён сьцьвярджаў, што яго падставілі супрацоўнікі Кастрычніцкага АБЭПу. Ягоная справа вельмі нагадала мне тое, пра што нам распавядаў Вася. Не магу зразумець, ці то Вася адпачатку быў падстаўным казачком і добра адыграў сваю ролю, ці то сапраўды, два дырэктары, адзін за другім, былі арыштаваныя прыкладна за тое ж самае. Тады, атрымліваецца, нешчасьлівае гэтае месца – дырэктар мясакамбінату.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXVIII. ПЕРШЫЯ ТЭКСТЫ

Стаіць сухая восень. І верасень, і кастрычнік – сонечныя і цёплыя. У камеры сьветла ад лямпчкі, дзённае сьвятло ледзь прабіваецца праз “расьнічкі”, якімі густа зашыта вакно. Мала, што нас хаваюць за кратамі, дык яшчэ гэтыя нездымальныя жалезныя жалюзі. На прагулцы пачынаеш сквапна ўглядацца ў неба, якое здаецца вымытым і выцертым насуха. Лёгкія аблокі здаюцца разарванай на пасмы цукровай ватай.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства